Любіць тое, што робіш

- 11:07Навіны рэгіёнаў

У грамадстве даўно ўстаялася паняцце, што настаўнік — прафесія творчая. У чым заключаецца педагагічная творчасць? На думку намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Горак Таццяны Бязносавай, кожны настаўнік вызначае гэта па-свойму. Галоўнае — здолець абудзіць у дзяцей жаданне вучыцца. Дасягнуць гэтага па сілах любому, трэба толькі любіць тое, што робіш, а яшчэ тых, для каго гэта робіш. Такім прынцыпам Таццяна Мікалаеўна кіруецца ў сваім жыцці і ўпэўнена, што менавіта гэты падыход дазваляе ёй дасягаць прафесійных вышынь.

У педагогіку Таццяна Бязносава прыйшла звыш дваццаці гадоў назад. Такі прафесійны выбар зрабіла дзякуючы станоўчаму прыкладу цёткі настаўніцы пачатковых класаў Ніны Якаўлеўны Немцавай.

— Натхніўшыся настаўніцкай працай, пасля школы працягнула адукацыю ў Горацкім педагагічным каледжы па такой жа, як у цёткі, спецыяльнасці. Аднак яшчэ падчас вытворчай практыкі нечакана для сябе зразумела, што мне больш цікава працаваць са старэйшымі дзецьмі. Скончыўшы каледж, стала студэнткай гістарычнага факультэта МДУ імя Аркадзя Куляшова, ужо выразна вызначыўшыся з педагагічным профілем, — успамінае Таццяна Мікалаеўна.

Першым рабочым месцам Таццяны Бязносавай стала сярэдняя школа № 4 Горак. У сярэдзіне 90-х яна прыйшла ў гэтую навучальную ўстанову маладым настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. Трапіла па размеркаванні і затрымалася на доўгія пятнаццаць гадоў.

— У чацвёртай школе я сфарміравалася як кваліфікаваны педагог, выпрацавала свае методыкі навучання. А ўсё дзякуючы таму, што ў гэтай установе вельмі згуртаваны калектыў. Настаўнікі пастаянна дзеляцца вопытам адно з адным, падтрымліваюць пачынанні і ініцыятывы калег. Асабіста мне ў прафесійным росце вельмі дапамаглі Тамара Качурка, Надзея Зайцава, Валянціна Пухоўская, Таццяна Пазнякова, а таксама многія іншыя педагогі, — адзначае суразмоўца.

З чацвёртай школай Таццяну Мікалаеўну звязвае шмат цёплых успамінаў. Але для добрага настаўніка важна самаўдасканальванне, таму, калі паступіла прапанова працаваць у гарадской сярэдняй школе № 2, жанчына пагадзілася. І не пашкадавала, бо праца ў гэтай установе адкрыла для Таццяны Бязносавай магчымасці і перспектывы.

— Пэўны час у другой школе я таксама настаўнічала, а потым асноўнай стала праца ў якасці намесніка дырэктара па вучэбнай дзейнасці, — распавяла Таццяна Бязносава.

Як намеснік дырэктара яна вялікую ўвагу ўдзяляе якаснай арганізацыі вучэбнага працэсу, павышэнню прафесійнага майстэрства педагогаў, імкнецца ўводзіць у практыку работы калектыву сучасныя, перадавыя адукацыйныя тэхналогіі.

— Установа адукацыі павінна знаходзіцца ў пастаянным развіцці. Калі не ўкараняць у працэс навучання эфектыўныя інавацыі, высокай якасці адукацыі дасягнуць вельмі складана, — пераканана Таццяна Мікалаеўна, таму пад яе кіраўніцтвам у школе перыядычна рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты. Зараз ва ўстанове працуюць над укараненнем у адукацыйны працэс мадэлі фарміравання метадалагічнай культуры, а таксама распрацоўкай сістэмы мэтанакіраванага прафесійнага самавызначэння навучэнцаў.

Праца намесніка дырэктара для Таццяна Мікалаеўны першасная. Але выкладанне яна не пакінула. Па-ранейшаму вядзе ўрокі грамадазнаўства ў старшакласнікаў. На яе думку, школа абавязана выхаваць у вучню развітую, адукаваную асобу, здольную арыентавацца ва ўмовах сучаснага свету. Кіруючыся гэтым перакананнем, Таццяна Бязносава будуе кожны свой урок. Заняткі накіраваны на тое, каб зацікавіць дзяцей, абудзіць у іх творчую актыўнасць, накіраваць на самастойны пошук ведаў.

— Грамадазнаўства — той прадмет, які дае магчымасць развіваць ключавыя кампетэнцыі, неабходныя выпускніку для паспяховага ўзаемадзеяння з сацыяльным асяроддзем. Найбольшая эфектыўнасць ад заняткаў па гэтым прадмеце назіраецца тады, калі вядучая роля адводзіцца практыцы. Настаўнік павінен выконваць на ўроку ролю кансультанта, суразмоўцы, а не проста транслятара ведаў. Не менш важны і асобасна арыентаваны падыход да кожнага дзіцяці. Арганізаванае такім чынам навучанне забяспечвае ўсебаковае развіццё навучэнцаў, — лічыць Таццяна Бязносава.

Таццяна Мікалаеўна пастаянна ў клопатах: то рыхтуецца да заняткаў, то вырашае арганізацыйныя пытанні вучэбнага працэсу ў цэлым. Нягледзячы на вялікую занятасць, яна знаходзіць час і для работы з адоранымі дзецьмі. Яе вучні штогод выходзяць у прызёры другога, трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, паспяхова ўдзельнічаюць у навукова-даследчых конкурсах. Сярод іх — выпускніца БДУ Настасся Гарбачова, студэнт БДУ Іван Астрэйка, вучні 10—11 класаў Яна Іваноўская, Ганна Кавярэц, Яўген Фамічоў і іншыя.

У шэрагу сваіх спраў Таццяна Бязносава ніколі не забывае і аб самаадукацыі. Пакарыўшы адну вяршыню, імкнецца да наступнай, асвойвае новыя веды і навыкі. У мінулым годзе яна атрымала кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Што адметна, Таццяна Мікалаеўна не толькі сама знаходзіцца ў няспынным рэжыме развіцця, але і дзеліцца сваім станоўчым вопытам з калегамі. Яна кіруе раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, распрацавала метадычныя рэкамендацыі для падрыхтоўкі педагогаў да рэалізацыі тэхналогіі асобасна арыентаванага навучання, парады для кіраўнікоў гурткоў па краязнаўстве, перыядычна прэзентуе свае напрацоўкі на розных семінарах і канферэнцыях.

Плённая педагагічная дзейнасць Таццяны Бязносавай неаднаразова адзначалася шматлікімі ганаровымі граматамі і дыпломамі. Але для яе галоўным дасягненнем з’яўляюцца поспехі вучняў. Шматлікія выпускнікі не забываць пра свайго педагога, падтрымліваюць з Таццянай Мікалаеўнай сувязь, дзеляцца радаснымі жыццёвымі падзеямі. Менавіта гэта для яе лепшая прафесійная ўзнагарода.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Таццяны БЯЗНОСАВАЙ.