Настаўнік фізкультуры Любоў Ткачук расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, за што яна так любіць свой прадмет.
Любоў Пятроўна Ткачук — настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Мар’інай Горкі і класны кіраўнік ваенна-патрыятычнага 9 “А” класа. У 1986 годзе Любоў Пятроўна прыехала ў Пухавіцкі раён са сваім мужам. Планавалася, што прыпынак у горадзе зойме пару гадоў, аднак лёс распарадзіўся інакш: у наступным годзе сям’я Любові Пятроўны адзначыць 40-гадовы юбілей знаёмства з Мар’інай Горкай.
— Фізкультура — такі ж важны прадмет у школе, як і іншыя, — гаворыць Любоў Пятроўна. — Нацыі патрэбны здаровыя людзі. І менавіта здароваму дзіцяці, якое са спортам на ты, няцяжка будзе рашыць задачу па матэматыцы, напісаць дыктант або вывучыць верш і гістарычныя даты. Таму што яго арганізм у тонусе, і розум, адпаведна, таксама.
На думку гераіні, асноўная задача настаўніка фізкультуры — захаваць здароўе дзіцяці. Выбіраючы такую прафесію, трэба разумець, што выкладаць фізкультуру — значыць штодзень хадзіць па лязе нажа. У любы момант можа здарыцца неспадзяванае. За 37 гадоў работы Любоў Пятроўна літаральна адчувае, як ляціць мяч, і загадзя прадбачыць магчымыя траўманебяспечныя сітуацыі.
На ўроках Любові Пятроўне больш за ўсё падабаецца прымяняць метад кругавой трэніроўкі. Для гэтага трэба падзяліць спартыўную залу або пляцоўку на некалькі “станцый”, на кожнай з якіх вучні будуць выконваць пэўныя практыкаванні. Клас разбіваецца на невялікія групы — і навучэнцы па крузе перамяшчаюцца па зонах, выконваючы адпаведныя практыкаванні і такім чынам трэніруючы ўсе групы мышцаў. Дзякуючы кругавым трэніроўкам, вучні мяняюць від дзейнасці, не паспяваюць адцягнуцца. Любоў Пятроўна тым часам сочыць за якасцю выканання заданняў кожным дзіцем.
Такой трэніроўкай дзеці таксама застаюцца задаволены. Але ж так можна сказаць пра ўражанні вучняў ад кожнага ўрока Любові Пятроўны. 10—11 класам у пачатку навучальнага года настаўніца прапаноўвае на выбар некалькі спартыўных напрамкаў: баскетбол, валейбол, лёгкая атлетыка… У залежнасці ад цікавасці школьнікаў, на адзін з гэтых напрамкаў Любоў Пятроўна і робіць упор.
— Захапіць дзіця вельмі важна, але не менш важны і аўтарытэт педагога, — падкрэслівае Любоў Пятроўна. — Усе мае вучні ведаюць, што на фізкультуру трэба прыходзіць у форме і зменным спартыўным абутку. І ні адзін пра гэта не забудзе, не прагуляе мой урок. Я не ацэньваю проста так. На маім уроку трэба старацца. А каб атрымаць 10 балаў, трэба ўдзельнічаць у спаборніцтвах і алімпіядах, быць актыўным.
Як ні дзіўна, многія вучні ўсё роўна за ўрок атрымліваюць максімальную адзнаку. Бо сярэдняя школа № 3 Мар’інай Горкі — самая спартыўная ўстанова ў раёне, актывістаў у ёй не менш, чым узнагарод за перамогі ў спаборніцтвах.
Школа супрацоўнічае з Беларускай федэрацыяй футбола, на яе базе функцыянуе школьны футбольны клуб, а яго выхаванцы актыўна ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболе.
Акрамя таго, сярэдняя школа № 3 славіцца сваёй ваенна-патрыятычнай накіраванасцю: вядзе цеснае супрацоўніцтва з вайсковай часцю 89417, дзе размешчана 5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння, налічвае тры ваенна-патрыятычныя класы, а сёлета папоўніла скарбонку ўзнагарод дыпломамі I ступені на ўсіх раённых этапах спаборніцтваў “Арляня”, “Зарніца” і “Зарнічка”. Агульнашкольная каманда 3-й школы “Патрыёт” заняла 2-е месца на абласным этапе ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”. На наступны год навучэнцы паставілі мэту быць першымі і выйсці на рэспубліканскі этап.
Падобныя перамогі — гордасць для Любові Пятроўны. Па-першае, таму, што ўсе поспехі школы для яе важныя, як і свае асабістыя. А па-другое, таму, што яна класны кіраўнік класа ваенна-патрыятычнай накіраванасці і яе вучні — удзельнікі ўсіх конкурсаў у гэтай нішы. Што азначае падобнае класнае кіраўніцтва?
— Быць класным кіраўніком ваенна-патрыятычнага класа — вялікі гонар, — дзеліцца педагог. — У маіх навучэнцаў адзіная форма, мы праводзім мноства мерапрыемстваў, супрацоўнічаем з ваеннай брыгадай: яе прадстаўнікі праводзяць для школьнікаў тэарэтычныя і практычныя заняткі. Мае вучні з’яўляюцца членамі раённага ваенна-патрыятычнага клуба “Чорны ліс” на базе вайсковай часці, яны — прыклад для ўсёй школы. Цяпер у іх пераходны перыяд: наперадзе 10 клас, хтосьці можа і перадумаць з кірункам, але ёсць і тыя, хто з 7 класа бачыць сябе толькі ў Ваеннай акадэміі.
Гаворачы аб класным кіраўніцтве, за ўвесь час работы ў Любові Пятроўны быў толькі адзін год, калі яна не была класнай. Зараз яна класная ў дзяцей сваіх былых выпускнікоў. Педагог прызналася, што першапачаткова класнае кіраўніцтва ў сваім цяперашнім 9 “А” яна не хацела браць: баялася вялікай розніцы ва ўзросце і магчымых непаразуменняў. Але ўсё склалася ідэальна: для дзяцей педагог стала і настаўнікам, і сябрам, і мамай.
— Настаўнік фізкультуры — мой лад жыцця, — смяецца Любоў Пятроўна. — Мне цяжка ўседзець на месцы, а выхадныя — гэта тым больш выпрабаванне. Мы з сям’ёй заўсёды адпраўляемся ў якую-небудзь паездку, зімой становімся на лыжы, а летам падарожнічаем пешшу. Напрыклад, мінулым летам абышлі ўвесь Мядзельскі раён. Нават мае дзеці, якія так чакалі маёй пенсіі, папрасілі мяне вярнуцца на работу… Варта было мне толькі расказаць ім пра планы, якія я намеціла, толькі каб не сядзець дома.
Але ж сумаваць Любові Пятроўне не даводзіцца. Увесь свой шматгадовы вопыт педагог перадае маладым спецыялістам як кіраўнік Пухавіцкага раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя. Пад яе чулым кіраўніцтвам знаходзяцца 42 педагогі. У абавязкі ўваходзіць абмен ведамі, дапамога ў вырашэнні цяжкіх пытанняў, распрацоўка новых праектаў, ментарства і арганізацыя метадычных аб’яднанняў.
Таксама Любоў Пятроўна рыхтуе навучэнцаў да алімпіяды па фізкультуры. Працуе па сваёй распрацаванай сістэме, удзяляючы асаблівую ўвагу як практычнай, так і тэарэтычнай частцы.
— Пытанні ў тэстах складаныя, далёка не школьнага ўзроўню, таму за кароткі тэрмін трэба знайсці і вывучыць усю неабходную інфармацыю, што не проста, — гаворыць педагог.
— Што для вас ваша прафесія? — пытаюся я напрыканцы.
— Гэта маё ўсё, — падсумоўвае Любоў Пятроўна. — Хто заўгодна не можа быць настаўнікам фізкультуры. У нашай справе немагчыма адседзецца. Настаўнік фізкультуры ніколі не стаіць на месцы ў літаральным і пераносным сэнсе. Мы павінны быць прыкладам для сваіх вучняў, весці іх за сабой, паказваць, навошта любіць спорт і чаму гэта неабходна. Усё гэта я раблю ўжо 37 гадоў — і ганаруся гэтым.
Соф’я ЦЫКУНОВА
Фота аўтара