Людміла Паддубіцкая: «Голас айчыннага галіновага прафсаюза ва ўсе часы быў моцным»

- 13:06Профсоюзный лидер

Ветэран прафсаюзнага руху з Чэрвеня Мінскай вобласці Людміла Кузьмінічна Паддубіцкая не проста лідар самай вялікай грамадскай арганізацыі ў сістэме адукацыі — гэта сапраўдны прафсаюзны важак. Гэтая вытанчаная, інтэлігентная, разумная, пяшчотная жанчына з тых людзей, што складаюць залаты фонд галіновага прафсаюза. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адданая справе

Прафсаюзныя лідары ў большасці сваёй працу­юць не па абавязку службы, а па поклічы душы. Гэта людзі, якіх прывяла ў прафсаюзны рух прага дапамагаць чалавеку працы, клапаціцца пра яго, адстойваць яго інтарэсы. Гэтаму нельга навучыць ва ўніверсітэце, такія якасці ёсць толькі ў людзей з палымяным сэрцам. Такім, як у Людмілы Кузьмінічны.

Людміла Паддубіцкая больш за 44 гады працавала ў сістэме адукацыі, з іх 31 год аддала рабоце ў галіновым прафсаюзе, узначальвала Чэрвеньскую раённую арганізацыю. Мае вялікую колькасць узнагарод за руплівую працу, сярод якіх вылучае найвышэйшую ўзнагароду Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі — нагрудны знак “За адданасць галіноваму прафсаюзу”. Усё яе жыццё — гэта служэнне на карысць настаўніка.

…З гэтай цікавай жанчынай я пазнаёмілася крыху больш за год назад, калі мы разам са старшынёй Мінскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Таццянай Валянцінаўнай Апраніч ла­дзілі сумесную акцыю, падчас якой узнагароджваліся самыя актыўныя ветэраны прафсаюзнага руху Міншчыны падпіскай на “Настаўніцкую газету”. Сярод прафсаюзных лідараў Людміла Кузьмінічна адразу вылучалася незвычайнай яркасцю, адкрытасцю і неверагоднай улюбёнасцю ў жыццё. Яна так расказвала пра сваё камсамольскае юнацтва, што мне адразу стала зразумела: гэтаму чалавеку варта даць слова на старонках нашага выдання.

Праз год я вярнулася да гэтай думкі — і вось ужо сяджу ва ўтульнай кватэры маёй гераіні, частуюся духмянай гарбатай з прысмакамі і слухаю, слухаю, слухаю…

Праменьчык дабрыні

— Школа мяне выгадавала, — пачынае аповед Людміла Кузьмінічна, — я шчыра люблю прафесію настаўніка. У мяне выкладалі тры заслужаныя настаўнікі Беларусі: Ядвіга Казіміраўна Шалькевіч, Аляксандр Мікалаевіч Сеўбо і Марыя Серафімаўна Юрэвіч. Усё, што яны гаварылі, я памятаю да гэтай пары, хоць прайшло столькі гадоў — я скончыла Смілавіцкую сярэднюю школу ў 1965 годзе. А наш клас (13 хлопчыкаў і 13 дзяўчынак) сябруе дагэтуль: збіраемся, успамінаем школьныя гады… Гэта той самы выпадак, калі школа дала сваім выпускнікам пуцёўку ў жыццё.

Памятаю, як стыльна апраналіся настаўнікі, як мне хацелася быць на іх падобнай. Мы, дзеці савецкай эпохі, раслі вельмі адказнымі, самастойнымі. Ніхто не адлыньваў ад фізічнай працы. Калі я была вучаніцай 5 класа, мне давяралі быць нянькай у двух маленькіх пляменнікаў, пакуль мой старэйшы брат і яго жонка былі на рабоце. І я спраўлялася! Карміла малышоў, выходзіла з імі на прагулку, укладвала спаць, мыла пялюшкі — памперсаў жа не было.

Вялікую ролю ў нашым жыцці адыгрывалі грамадскія арганізацыі — акцябраты, піянеры, камсамольцы. Каб уступіць у іх шэрагі, трэба было быць дысцыплінаваным, сумленным, актыўным, мець прыкладныя паводзіны. У гэтых арганізацыях выхоўваліся характар, адказнасць за даручаную справу, самастойнасць.

З маладым запалам

Па прафесіі Людміла Кузьмінічна  настаўніца біялогіі, у свой час скончыла Мінскі дзяржаўны педінстытут імя А.М.Горкага (зараз — БДПУ). Цяга да вывучэння навукі аб жыцці з’явілася ў маёй гераіні яшчэ ў школьныя гады, калі яна была брыгадзірам вучнёўскай брыгады, загадвала летняй школьнай практыкай і нават самастойна выдавала вучням даведкі аб тым, што летняя практыка паспяхова пройдзена.

Як успамінае Людміла Кузьмінічна, вучнёўскія брыгады ствараліся ў гады яе дзяцінства па прыкладзе брыгад Стаўрапольскага краю. Ветэран прафсаюзнага руху і цяпер памятае эксперымент, які праводзіла яе вучнёўская брыгада: як уплываюць калійныя ўгнаенні на ўраджай бульбы. Бульбяное поле было разбіта на тры дзялянкі, і на кожнай з іх школьнікі выкарыстоўвалі розныя ўгнаенні, а пасля рабілі высновы, якія з іх лепш падыходзяць для мясцовых глеб.

— Памятаю, як мама мяне дакарала, што я цэлае лета быццам прывязана да сваіх бульбяных палёў, — усміхаецца Людміла Кузьмінічна, — і зусім не адпачываю. Затое наша брыгада была вядома ва ўсёй Беларусі. Мы ўдзельнічалі ў злётах і нават вазілі вырашчаную прадукцыю і прадстаўлялі вынікі даследаванняў на ВДНГ.

Ёй тым разам у Маскву з’ездзіць не ўдалося, затое пашчасціла стаць дэлегатам 18-га з’езда камсамола. У 11 класе члены вучнёўскай вытворчай брыгады маглі атрымліваць дазвол на ваджэнне аўтамабіля або трактара. Наша гераіня выбрала трактар, бо не пераносіла пах бензіну ў кабіне аўтамабіля, і зараз мае пасведчанне трактарыста. Не проста мае — можа сесці ў кабіну трактара і кіраваць ім!

Дарэчы, у інстытут Людміла Кузьмінічна паступіла не адразу, год працавала ў роднай школе піянерважатай. Дырэктар і настаўнікі прасілі выпускніцу ісці на завочнае аддзяленне, абяцалі даць адразу гадзіны па прадмеце, і дзяўчына пага­дзілася: вучылася і адначасова працавала. На пачатку 70-х гадоў актыўную маладую настаўніцу заўважылі: спачатку выбралі другім сакратаром Чэрвеньскага райкама камсамола, а потым і першым. У тыя часы ёй давялося быць кіраўніком экскурсійных груп моладзі, якія накіроўваліся ў паездкі ў Германію, Венгрыю, Югаславію. Так моладзь спазнавала свет, і ад таго мацнейшай станавілася ў маладых сэрцах любоў да Беларусі. А ў 1978 годзе Людміла Кузьмінічна пачала свой шлях у прафсаюзным руху, які працягнуўся да 2009 года. Шлях, пра які яна расказвае з гордасцю і замілаваннем.

Для людзей і сярод людзей

— На ўсіх этапах развіцця нашай краіны галіновы прафсаюз рашуча выступаў у абарону жыццёвых інтарэсаў айчыннага настаўніцтва, — гаворыць Людміла Кузьмінічна. — На долю нашага пакалення выпала шмат складаных выпрабаванняў. Аднак мы ніколі не страчвалі веры ў ідэалы гуманізму, розуму і справядлівасці. Мы ганарымся тым, што Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах прафесіяналаў адукацыйнай галіны, сапраўдную інтэлігенцыю. Ганаруся, што мне пашчасціла шмат гадоў працаваць з сапраўдным лідарам прафсаюзнага руху Тамарай Іосіфаўнай Чобатавай.

Людміла Кузьмінічна Паддубіцкая дзеліцца шматлікімі ўспамінамі з жыцця, прычым памятае ўсіх, з кім давялося працаваць за доўгія дзесяцігоддзі. Шчыра кажучы, мне б такую памяць.

— Калі я прыязджала ў школу, то адразу пачынала размову з вахцёрам ці тэхнічным работнікам, — дзеліцца вопытам прафсаюзны лідар. — Пыталася ў чалавека пра сям’ю, дзетак, магчымыя праблемы і цяжкасці ў жыцці. Часта раіла звярнуцца ў прафсаюз па дапамогу, каб можна было матэ­рыяльна падтрымаць работніка. Людзі — галоўнае ў нашай рабоце. І цяперашнім прафсаюзным работнікам я пра гэта нагадваю. Неяк зайшла ва ўстанову адукацыі, а супрацоўнікі нават галоў на мяне не паднялі, бо над паперамі працуюць. Я ім гавару: “Дзяўчаты, так нельга! Ніякія дакументы не заменяць звычайную чалавечую ўвагу”.

Голас айчыннага галіновага прафсаюза ва ўсе часы быў моцным, яго чулі ў тым ліку кіраўнікі сістэмы адукацыі. Таму што адзін з прынцыпаў нашай работы — праца­ваць для людзей і сярод людзей, дзеля іх дабрабыту, абароны іх правоў. І гэта прафсаюзных лідараў да многага абавязвае, шмат чаго ад нас патрабуе. Так было заўсёды: у савецкія часы і зараз. Трэба таксама разумець, што наш прафсаюз аб’ядноўвае не самую забяспечаную катэгорыю работнікаў бюджэтнай сферы. Асноўная частка членаў галіновага прафсаюза — гэта работнікі разумовай працы, людзі з высокім інтэлектам, з шырокім кругаглядам і разам з тым лёгкаранімыя, з абвостраным пачуццём несправядлівас­ці. Уліч­ваючы гэта, для многіх з іх падтрымка з боку роднага прафсаюза ў складаных жыццёвых сітуацыях бясцэнная.

Людміла Кузьмінічна Паддубіцкая — чалавек, у якога не проста можна, а неабходна вучыцца сучасным прафсаюзным лідарам. Вучыцца настойлівасці і працавітасці. Вучыцца аптымізму, лёгкасці і адкрытасці. Вучыцца цвёрдасці і эфектыўнасці. Гэтаму не вучаць ва ўніверсітэце, але гэтаму можна навучыцца, калі знаходзішся побач з такім чалавекам — прафесіяналам сваёй справы.

— Я зараз разумею, чаму пенсіянеры такія гаваркія, — разважае напрыканцы нашай сустрэчы Людміла Кузьмінічна. — Мы хочам увагі, хочам звычайных чалавечых зносін. Таму я ўдзячна старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяне Раманаўне Якубовіч і яе намесніку Валянціне Аляксееўне Ільіной, кіраўніцтву галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама і асабіста начальніку ўпраўлення Мікалаю Мікалаевічу Башко, а таксама старшыні Мінскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Таццяне Валянцінаўне Апраніч, што яны заўсёды падтрымаюць, запросяць на мерапрыемства, выслухаюць. Увага да чалавека — самае важнае ў жыцці. Асабліва ў жыцці прафсаюза.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара