Людзі адукацыі. Валерый Пячонкін прысвяціў настаўніцкай прафесіі ўжо 50 гадоў

- 16:44Новости

Валерый Пячонкін, які 50 гадоў прысвяціў настаўніцкай прафесіі, працуе ў Барздоўскай сярэдняй школе Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.

Валерый Георгіевіч нарадзіўся 2 жніўня 1955 года ў вёсцы Макараўка Аршанскага раёна. ­У 1972-м скончыў Барздоўскую сярэднюю школу, праз 2 гады ў Аршанскім педагагічным вучылішчы атрымаў дыплом настаўніка працы і чарчэння. Настаўнічаў у Гомельскай вобласці, у Аршанскім педвучылішчы. У 1982 го­дзе завочна скончыў Смаленскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Настаўнік геаграфіі”. З 1980 года і да гэтага часу працуе ў Барздоўскай сярэдняй школе.

У 1988-м у нашай школе адкрыўся музей “Гісторыя роднай вёскі”, арганізатар і кіраўнік якога Валерый Георгіевіч Пячонкін.

У музеі можна азнаёміцца з гісторыяй узнікнення і станаўлення вёскі Барздоўка, паглядзець матэрыялы пра знакамітых землякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, убачыць летапіс школы. Музей налічвае некалькі соцень экспанатаў, сярод якіх калекцыя самавараў, прылады працы, ручнікі, гліняны посуд, нумізматычная калекцыя і г.д. Валерый Георгіевіч неаднаразова ўдзельнічаў у раённых, абласных і рэспубліканскіх аглядах і конкурсах краязнаўчых музеяў школ, па выніках якіх атрыманы дыпломы і ўзнагароды.

Валерый Пячонкін — педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яго творчасць не ведае меж: ён нязменны ўдзельнік семінараў і канферэнцый па краязнаўстве, аўтар публікацый у часопісах і газетах. Пры дапамозе былых выпускнікоў школы выдаў кнігі нарысаў “Кропка на карце” (краязнаўчы нарыс пра вёску Барздоўка), “Жамчужына браздзечынскай зямлі”, “Не памірай, Макараўка”.

Валерый Георгіевіч — таленавіты і мудры настаўнік, цікавы суразмоўнік і паважаны чалавек. З захапленнем і цікавасцю вучні слухаюць яго аповеды пра Аршаншчыну і знакамітых землякоў, разам з педагогам наведваюць старажылаў навакольных вёсак, здзяйсняюць экскурсіі па родным краі. Валерый Георгіевіч дзеліцца сваім майстэрствам і вопытам, да яго заўсёды можна звярнуцца па дапамогу і параду. Ён не спыняецца ў сваіх творчых пошуках. Яго жыццё­вае крэда — “Трэба імкнуцца да таго, каб кожны бачыў і ведаў больш, чым бачылі і ведалі яго бацька і дзед”.

 Валянціна КАРМАНАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Барздоўскай сярэдняй школы Аршанскага раёна