Мабільна пра важнае

- 10:34Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У Дзень Незалежнасці на пляцоўцы каля Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця ўнікальнага праекта “Мабільная экспазіцыя “Вызваленне Беларусі. Верасень 1943 г. — ліпень 1944 г.”, рэалізаванага галоўным музеем ваеннай гісторыі краіны сумесна з Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Дзень Незалежнасці — асаблівы дзень. Святочная дата не толькі нагадвае пра подзвіг нашага народа, здзейснены ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Традыцыйна ў гэты дзень прырода дорыць нам шмат сонца як напамін пра радасць вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, радасць ад міру, магчымасці спакойна працаваць, выхоўваць дзяцей у прыгожай краіне. Нярэдкім госцем на святочных мерапрыемствах з’яўляецца і… дождж. Менавіта пад акампанемент дажджу і праходзіла адкрыццё ўнікальнай экспазіцыі. Дождж — гэта нібыта слёзы па тых, хто аддаў свае жыцці ў імя моцнай і незалежнай Беларусі. І сонца, і дождж, і радасць, і слёзы — такім было 3 ліпеня 2016 года.


Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны зрабіў важны ўклад у захаванне памяці пра подзвіг народа, а дзякуючы мабільнай экспазіцыі зрабіў гэтую памяць больш даступнай. Галоўная мэта праекта — зрабіць музей больш даступным для наведвальнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Мабільная экспазіцыя, размешчаная ў перасовачным паўвагоне плошчай каля 30 м2, праедзе па ўсёй краіне. Экспазіцыя складаецца з чатырох раздзелаў. Першы і другі прысвечаны пачатковаму этапу вызвалення Беларусі (верасень 1943 — люты 1944 года) і наступальнай аперацыі “Баграціён” (23 чэрвеня 1944 — 29 жніўня 1944 года), у выніку якой наша краіна была цалкам вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэці раздзел расказвае пра ўзаемадзеянне Чырвонай Арміі з партызанскімі фарміраваннямі. Экспанаты чацвёртага раздзела расказваюць пра знакаміты партызанскі парад, які адбыўся 16 ліпеня 1944 года ў вызваленым Мінску.

— Гэты праект — чарговы дадатак да святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта не проста крэатыўны, творчы праект, гэта міжнародны праект. Упэўнены, што наша эканамічная і палітычная будучыня будзе паспяховай толькі ў тым выпадку, калі мы будзем адносіцца з павагай да гісторыі і традыцый нашага народа, тады і будуць выпрацоўвацца новыя праекты і ў эканоміцы, і ў творчасці, і ў палітыцы. Цікавае і яркае зерне, якое зараджаецца нефармальна, абавязкова прарастае. Нядаўна мы адкрывалі маладзёжны праект “100 ідэй для Беларусі”, у рамках якога была ініцыіравана арганізацыя перасовачнага музея-буса. Гэты праект быў рэалізаваны сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і стаў зернем нашага сённяшняга праекта, — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Іванавіч Бузоўскі.


Па словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цыміна, 72 гады назад, калі Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, кітайскі народ вёў барацьбу з японскімі мілітарыстамі. Перамога ў Другой сусветнай вайне — гэта наша агульная памяць. У гэтай вайне кітайскі і беларускі народ падтрымлівалі адзін аднаго, крывёй скавалі братэрскае сяброўства. Мы з’яўляемся спадчыннікамі гэтага сяброўства, падымаем яго да новых вяршынь і напаўняем новым зместам. Дарэчы, у мабільнай экспазіцыі ёсць інфармацыя пра вялікі кітайскі народ у Другой сусветнай вайне, якая дазволіць беларусам больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй супраціўлення Кітая і будзе садзейнічаць умацаванню беларуска-кітайскага сяброўства.

Прадстаўленыя ў перасовачным паўвагоне фотадакументы з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны дапоўнены картамі, плакатамі, газетамі, лістоўкамі, асабістымі рэчамі ўдзельнікаў баёў за вызваленне Беларусі. Гэтыя матэрыялы дазволяць наведвальнікам мабільнай экспазіцыі аператыўна, але грунтоўна азнаёміцца з асноўнымі падзеямі 72-гадовай даўніны, без якіх не было б галоўнага свята краіны — Дня Незалежнасці.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Аксаны МАНЧУК, БелТА.