Магчымасць далучыцца да перадавых тэхналогій

- 11:40Навука і інавацыі

У свае 36 гадоў Андрэй Віктаравіч Цытрынаў займае пасаду дацэнта кафедры “Iнфармацыйныя тэхналогii” i з’яўляецца намеснікам дэкана па навуковай рабоце факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога. За плячыма — фізічны факультэт, аспірантура, абарона кандыдацкай дысертацыі.

З універсітэтам малады навуковец звязаны з таго часу, як, атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, прыйшоў сюды па размеркаванні інжынерам-электронікам на кафедру інфармацыйных тэхналогій. Потым — асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт. У 2008 годзе Віктару Цытрынаву была прысвоена стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для аспірантаў, а ў 2011 годзе — для маладых навукоўцаў. У 2009 годзе ён выбраны асацыіраваным супрацоўнікам Міжнароднага цэнтра тэарэтычнай фізікі імя А.Салама ў італьянскім Трыесце тэрмінам на 6 гадоў. У 2013 годзе быў намініраваны на прэмію SCOPUS AWARD Belarus — 2013 сярод маладых вучоных па фізіцы.

Андрэй Цытрынаў мае больш за 70 апублікаваных навуковых прац. Сёння на публікацыі гомельскага навукоўца спасылаюцца вядучыя замежныя спецыялісты.

Навука захапіла Андрэя Віктаравіча яшчэ ў студэнцкія гады. Усё пачалося з прапановы прафесара І.В.Семчанкі i на той час дацэнта С.А.Хахомава (цяпер рэктара ГДУ iмя Ф.Скарыны) прыняць удзел у навуковым эксперыменце. Гурток таленавітых студэнтаў, сярод якіх быў і Андрэй Цытрынаў, пачаў даследаваць кiральныя структуры. Менавіта гэта дало яму штуршок. Так з’явілася цвёрдае жаданне развівацца далей.

Пазней у жыцці будучага навукоўца адбылася яшчэ адна значная падзея — знаёмства з прафесарам Аляксандрам Панковым, якога сёння ён называе не інакш, як навуковым бацькам.

— Аляксандр Альбертавіч паказаў мне свет паскаральных тэхналогій, — гаворыць Андрэй Цытрынаў. — З іх пачалася мая навуковая кар’ера, шматлікія камандзіроўкі, стажыроўкі. Цікавы вопыт атрымаў у навукова-даследчым інстытуце Deutsches Elektronen-Synchrotron у Гамбургу (Германія). У Міжнародным цэнтры тэарэтычнай фізікі ў італьянскім Трыесце ўдзельнічаў у розных навуковых праграмах з прафесарам Нэла Паўэрам. Ён быў сукіраўніком маіх кандыдацкіх даследаванняў, разам мы апублікавалі шэраг артыкулаў.

Андрэй Цытрынаў дэлегаваны на II з’езд вучоных краіны ад ГДТУ імя П.В.Сухога. Малады навуковец выступіць з дакладам аб новых тэхналогіях, якія прымяняюцца для калайдара NICA. Акрамя таго, ён прыняў актыўны ўдзел у выпрацоўцы прапаноў па ўдасканаленні навуковай галіны краіны.

Зараз Андрэй Віктаравіч з’яўляецца членам калабарацыі ATLAS на Вялікім адронным калайдары ад Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (Дубна, Расія). Ён кіруе навуковымі праектамі, якія выконваюцца ў рамках як беларускіх дзяржаўных праграм, так і ў рамках супрацоўніцтва з Аб’яднаным інстытутам ядзерных даследаванняў.

Мой суразмоўнік упэўнены, што ад навуковага кіраўніка залежыць значная доля поспеху, бо ён адкрывае дзверы, дае шанс паглыбіцца ў навуку. Тут пераплятаецца ўсё: стараннасць, жаданне спасцігаць нешта новае, памкненне дасягнуць поспехаў.

— Мы можам паказаць студэнту шлях, але ён сам павінен вырашыць, наколькі гатовы ісці па ім і чаго хоча дасягнуць, — разважае Андрэй Цытрынаў. — Выбар пэўнага кірунку — гэта сур’ёзна. Выбраўшы яго аднойчы, нельга звярнуць, бо, распыляючыся, цяжка дасягнуць плёну.

Андрэй Віктаравіч прызнаецца, што галіна, якой ён займаецца, даволі непрадказальная, не заўсёды і не адразу можа ўсё атрымацца. Зноў жа  многае залежыць ад навуковага кіраўніка, ад калектыву, у якім робяцца першыя крокі ў навуку. Вядома, што ў наш час навука не з’яўляецца індывідуальнай дзейнасцю, гэта работа ў калабарацыях. Каб працаваць на сур’ёзным узроўні, трэба трапіць у адпаведны калектыў.

У міжнароднай навуковай прасторы, на думку Андрэя Цытрынава, Беларусь займае нядрэнную пазіцыю.

— Калі мы гаворым пра Вялікі адронны калайдар, Беларусь зрабіла значны ўклад у гэты праект — і не толькі навукоўцамі, якія выконваюць даследаванні, але і тэхналогіямі, — прыводзіць прыклад суразмоўнік. — Многія беларускія вучоныя маюць добрыя навуковыя сувязі, праводзяць даследаванні разам з калегамі з іншых дзяржаў, сумесна працуюць над важнымі для ўсяго чалавецтва праектамі. Дзякуючы гэтаму, мы маем магчымасць далучыцца да тэхналогій, якія знаходзяцца на пярэднім краі, разумеем, да чаго імкнуцца. Не магу гаварыць за ўсіх, але, што тычыцца галіны, у якой працую я, мы з’яўляемся часткай велізарнай калабарацыі і не адчуваем ніякіх комплексаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.