Магчымасці без межаў

- 10:43Актуально, Апошнія запісы, Рознае

“Палепшыць умовы жыцця для дзяцей з асаблівасцямі развіцця — адна з задач дзяржавы”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня падчас наведвання спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што перад наведваннем школы-інтэрната хацеў сказаць яе выхаванцам і педагогам, што не першы раз наведвае такія ўстановы адукацыі. “Я вельмі шмат разоў бываў у такіх школах. Але сёння я ўпершыню для сябе адкрыў такую рэч: ніякія вы не інваліды ці людзі з абмежаванымі здольнасцямі і магчымасцямі. Вы такія ж, як і мы, проста крыху адрозніваецеся ад нас. Хоць я і ў гэтым сумняваюся, убачыўшы тое, што вы сёння можаце. І самае галоўнае, што вы свабодна маеце зносіны са сваімі выкладчыкамі і адно з адным”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай школы-інтэрната, умовамі навучання, выхавання і пражывання навучэнцаў. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы наведаў кабінеты працоўнага навучання, жэставай мовы, агледзеў жылы блок, пабываў у кабінетах карэкцыйнай работы, англійскай мовы, інфарматыкі, легатэрапіі. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з педагогамі навучальнай установы.
Настаўніца працоўнага навучання Кацярына Віктараўна Багдановіч расказала пра адметнасці арганізацыі адукацыйнага працэсу на ўроках працоўнага навучання з дзяўчатамі. Тут жа была арганізавана выстава работ навучэнак. Настаўнік інфарматыкі (інжынер-праграміст) Дзмітрый Міхайлавіч Харужы прадэманстраваў сваю сістэму работы. Дарэчы, і Кацярына Віктараўна, і Дзмітрый Міхайлавіч з’яўляюцца выпускнікамі школы-інтэрната.

Настаўнік жэставай мовы настаўнік-метадыст Уладзімір Фёдаравіч Мелехавец распавёў пра асаблівасці свайго прадмета. Мова жэстаў — даволі багатая і разнастайная. Напрыклад, каб поўнасцю раскрыць значэнне аднаго слова, трэба прадэманстраваць камбінацыю з двух-трох жэстаў. Па адукацыі Уладзімір Фёдаравіч гісторык, але жыццё склалася так, што ён стаў носьбітам жэставай мовы (мае парушэнні слыху), а затым атрымаў і адпаведную адукацыю ў БДПУ імя Максіма Танка. Гэта дазволіла настаўніку прафесійна вучыць жэстам іншых.

Вельмі кранальнай стала сустрэча кіраўніка дзяржавы з першакласнікамі. Яны пацікавіліся ў прэзідэнта, пра што ён марыць, на што Аляксандр Лукашэн ка адказаў: “У мяне вельмі шмат жаданняў, але ў дадзены момант я мару, каб такія дзеткі, як вы, жылі разам з намі ў грамадстве і ніхто на іх не паказваў пальцам”.

Кіраўнік дзяржавы таксама прыняў удзел у святочным мерапрыемстве, прымеркаваным да Дня ведаў, падчас якога выступілі калектывы ўзорнага дзіцячага тэатра пантамімы “Спадарожнік” і студыі жэставай песні “Гаворачыя рукі”. Пасля завяршэння канцэрта навучэнцы школы-інтэрната ўручылі Аляксандру Лукашэнку памятны падарунак. Першакласнікам ад кіраўніка дзяржавы перадалі вучэбныя дапаможнікі “Беларусь — наша Радзіма”, а школе — шматфункцыянальную інтэрактыўную панэль вытворчасці ААТ “Гарызонт” з устаноўленымі вучэбнымі праграмамі для работы з дзецьмі з парушэннем слыху.


У ходзе візіту ў школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху Аляксандр Лукашэнка даручыў вывучыць праблему занятасці маладых людзей з асаблівасцямі развіцця. “Вядома, нас турбуе, які вы далей выбераце шлях і як ён складзецца. Я вам абяцаю, што тут праблем у вас не будзе, — звярнуўся прэзідэнт да выхаванцаў школы-інтэрната. — Мы дамовіліся, што ўрад яшчэ раз вывучыць праблему занятасці, каб вы ўсе знайшлі сваё месца ў жыцці, каб маглі працаваць і зарабляць для сябе і сваіх дзяцей”.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ёсць факты, калі кіраўнікі арганізацый не хочуць браць на працу маладых людзей з асаблівасцямі развіцця. “Мне канкрэтных фактаў не назвалі, але кажуць, яны ёсць. Мы абавязкова знойдзем і ліквідуем гэтыя бар’еры, таму што мы не можам не падтрымліваць вас, тых, хто з такімі намаганнямі імкнецца ў гэтае жыццё”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Вы такія цуды тут робіце, што можна пазайздросціць. Дзякуй усім педагогам за тую працу, якую яны ўкладаюць у вас. Гэта дзякуючы ім вы становіцеся больш адукаванымі і лепшымі, а таксама патрыётамі сваёй краіны. Віншую ўсіх вас з пачаткам новага навучальнага года, з Днём ведаў!” — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Падчас наведвання школы-інтэрната прэзідэнт не абмінуў сваёй увагай і пытанне прэстыжу педагагічнай прафесіі. “Хаця б на чвэрць трэба за нейкі час падняць зарплату настаўнікам, і я ўпэўнены: са школы ніхто не сыдзе, нават той, хто не па прызванні туды прыйшоў, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Ва ўрадзе, як дамаўляліся, ужо зрабілі адпаведны крок, таму давайце паспрабуем на працягу кароткага часу падняць зарплату настаўнікам, але першая мая ўмова: сістэму адукацыі трэба цалкам аптымізаваць, пачынаючы ад Міністэрства адукацыі і заканчваючы школай, але не на шкоду дзецям”.

Пры гэтым прэзідэнт заявіў, што не лічыць прафесію выкладчыка непрэстыжнай або нецікавай. “Выкладчык — гэта вяршыня, самая цікавая праца. Што тычыцца школы, то ўсё-такі настаўнік мае больш свабоды, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — На вытворчасці трэба адпрацаваць цэлы дзень, а ў школе, нават калі чатыры-пяць гадзін выкладаеш, то ты ўсё роўна (так, заняты сшыткамі, падрыхтоўкай да заняткаў) больш свабодны для творчасці або самарэалізацыі”.

У школе-інтэрнаце прэзідэнту далажылі аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і развіцці спецыяльнай адукацыі ў рэспубліцы, якая ў нашай краіне разглядаецца як неад’емная частка агульнай адукацыйнай сістэмы. Мэта спецадукацыі — сацыяльная адаптацыя і інтэграцыя дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў грамадства.

На сёння ў нас створана нарматыўна-правая база, якая рэгламентуе атрыманне адукацыі дзяцей з АПФР. У сістэме адукацыі створаны і штогод абнаўляецца банк даных такіх дзяцей (на 15 верасня мінулага года ў банку ўтрымліваліся звесткі пра 144 459 чалавек).

На пачатак 2016/2017 навучальнага года сетка ўстаноў спецыяльнай адукацыі ў рэспубліцы ўключае 238 адзінак. Працуе 141 цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі (у 2000-м іх было 72). На базе такіх цэнтраў функцыянуе 138 кабінетаў ранняй комплекснай дапамогі, якую тут штогод атрымліваюць каля 1400 дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.

Для дзяцей з АПФР дашкольнага ўзросту ў 2016 годзе функцыянуе 45 спецыяльных дашкольных устаноў, у тым ліку Рэспубліканскі цэнтр для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху. У той жа час мэтанакіраваная работа па вывядзенні дзяцей з інтэрнатных устаноў і скарачэнні колькасці школ-інтэрнатаў істотна змяніла сетку спецыяльных школ і школ-інтэрнатаў. З 2000 года іх колькасць скарацілася на 46%.

Вялікая ўвага ўдзяляецца інтэграванаму навучанню і выхаванню дзяцей з асаблівасцямі развіцця, іх уключэнню ў сумесны са здаровымі аднагодкамі адукацыйны працэс, культурную, спартыўную, творчую дзейнасць. Адукацыйная інтэграцыя запатрабавана бацькамі дзяцей з АПФР. Калі ў 1996 годзе ва ўмовах адукацыйнай інтэграцыі навучалася менш за 1% дзяцей, якім неабходна спецыяльная адукацыя, то ў 2015 годзе іх колькасць павысілася да 68,2%.

Як паведаміла дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі Людміла Макарына-Кібак, за апошнія гады колькасць дзяцей з парушэннем слыху скарацілася на 30%. У нас каля 16 000 дзяцей з парушэннямі слыху, з якіх 3128 маюць цяжкія парушэнні. Разам з тым медыцынскае абслугоўванне такіх дзяцей штогод развіваецца. Тут мы ў трэндзе сусветных тэндэнцый. Штогод праводзіцца 70—100 аперацый па кахлеарнай імплантацыі.

Спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху функцыянуе з лютага 1963 года. У 2003 годзе школа-інтэрнат была пераўтворана ў спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху. У жніўні 2006 года ў школе завяршыўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй, што дазволіла ўстанове адпавядаць сучасным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да ўстановы спецыяльнай адукацыі: забеспячэнне камфортных умоў пражывання, медыцынскае забеспячэнне і абслугоўванне, стварэнне здароўезберагальнага адукацыйнага асяроддзя, тэхналагізацыя і інфарматызацыя адукацыйнага працэсу.

Для забеспячэння дыферэнцыраванага падыходу ў школе функцыянуюць класы II аддзялення — для глухіх навучэнцаў і са слабым слыхам з глыбокім недаразвіццём маўлення, а таксама I аддзялення — для навучэнцаў, якія чуюць слаба, з лёгкім недаразвіццём маўлення. Для навучэнцаў створаны ўсе ўмовы для навучання, пражывання і харчавання. У 2016/2017 навучальным годзе ў 15 класах-камплектах вучацца 120 чалавек (26 — іншагароднія), 10 з якіх — першакласнікі. Навучанне ў школе-інтэрнаце разлічана на 12 гадоў.
Усе класы размешчаны на базе школы, вучэбныя заняткі праводзяцца ў адну змену. У распараджэнні дзяцей вучэбныя кабінеты, абсталяваныя гукаўзмацняльнай апаратурай, кабінет інфармацыйных тэхналогій, кабінет абслуговай працы, кабінет сацыяльна-псіхалагічнай службы, пакой грамадскіх арганізацый, бібліятэка і чытальная зала, медыцынскі кабінет, сталовая, спальні для пражывання.

Як заўважыла дырэктар навучальнай установы Галіна Паўлаўна Гурбо, у працэсе навучання выкарыстоўваюцца ўсе сродкі камунікацыі. З дзецьмі працуюць добрыя спецыялісты. Для фізічнага развіцця і ўмацавання здароўя вучняў у школе ёсць добрая спартыўная база: валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, футбольнае поле, скачковая яма, кругавыя і прамыя бегавыя дарожкі, 4 тэнісныя сталы, гімнастычны гарадок, спартыўная гульнявая пляцоўка для пачатковых класаў, школьная спартыўная зала, лыжная база і іншае спартыўнае абсталяванне.

У 2016/2017 навучальным годзе спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху ўключана ў пералік устаноў адукацыі, на базе якіх ажыццяўляецца эксперыментальная дзейнасць па праекце “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння вучэбнага прадмета “Англійская мова” для навучэнцаў з парушэннем слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.