Магутны патэнцыял WorldSkills

- 11:26World Skills, Актуально, Апошнія запісы

Традыцыйна з нагоды Дня настаўніка міністр адукацыі сустракаецца з прадстаўнікамі педагагічнай грамадскасці. Штогод на ўрачыстае мерапрыемства запрашаюць розныя катэгорыі педагагічных работнікаў. У гэтым годзе героямі сустрэчы сталі нацыянальныя эксперты рэспубліканскай каманды WorldSkills Belarus, якія сабраліся разам у Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М.С.Высоцкага.

Міжнародны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills Kazan 2019 стаў адной з найважнейшых падзей года і прыцягнуў увагу грамадскасці да рабочых прафесій. Прадстаўнікі Беларусі трэці раз удзель­нічалі ў чэмпіянаце. Упершыню беларуская каманда прыняла ўдзел у спаборніцтвах па перспектыўных прафесіях, запатрабаваных ва ўмовах высокатэхналагічнай вытворчасці і лічбавай эканомікі Future Skills. Па выніках чэмпіянату каманда заняла 15-е месца. Удзельнікаў і пераможцаў   Міжнароднага чэмпіянату падрыхтавалі нацыянальныя эксперты — лепшыя педагогі шэрага ўстаноў адукацыі.

Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў, што нацыянальныя эксперты руху WorldSkills з’яўляюцца драйверамі змяненняў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Гэта людзі, якія не проста валодаюць кампетэнцыямі па розных прафесіях на сусветным узроўні, але і актыўна ўкараняюць іх у адукацыйны працэс у сістэме прафесійнай адукацыі. Такім чынам мы ўдасканальваем змест адукацыі з улікам сусветных тэндэнцый, нашага нацыянальнага вопыту, інфраструктуры нашай эканомікі. У гэтым змесце закладзены магутны патэнцыял павышэння прадукцыйнасці працы і ўстойлівага развіцця эканомікі, — заявіў І.В.Карпенка.

Міністр параўнаў чэмпіянат WorldSkills з Алімпійскімі гульнямі па маштабнасці, значнасці і напружанасці саперніцтва. Толькі ў адрозненне ад алімпіяды, акрамя медалёў і прызнання, удзел у WorldSkills дае яшчэ і бясцэнны вопыт. Гэта магчымасць даведвацца аб найноўшых тэндэнцыях, абсталяванні, падыходах у сферы рабочых прафесій. Удзельнікі аналізуюць усё, што адбываецца на спаборніцтвах, патрабаванні і стандарты, якія прымяняюцца. Потым гэтыя сучасныя веды транслююцца ў працэсе навучання і іх атрымліваюць навучэнцы каледжаў і ліцэяў, якія ў хуткім часе стануць маладымі спецыялістамі і адправяцца на свае рабочыя месцы, каб прымяніць гэтыя веды на практыцы. 

І.В.Карпенка падкрэсліў значнасць ролі нацыянальных экспертаў WorldSkills для рэалізацыі Канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі Беларусі да 2020 года і на перспектыву да 2030 года. Сёння сістэма прафесійнай падрыхтоўкі актыўна развіваецца і ўдасканальваецца. У краіне створаны 47 рэсурсных цэнтраў, забяспечаных самым сучасным абсталяваннем. Заняткі тут праводзяцца для навучэнцаў не адной, а шэрага ўстаноў адукацыі дзякуючы механізму сеткавага ўзаемадзеяння паміж установамі. У найбліжэйшы час будзе адкрыты яшчэ адзін рэсурсны цэнтр у Оршы. Плануецца ўнясенне змяненняў у правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі — навучэнцы, якія атрымалі спецыяльнасць у сістэме прафтэхадукацыі і два гады працавалі па гэтай спецыяльнасці, будуць мець прэферэнцыі пры паступленні на завочнае аддзяленне УВА.

Міністр падзякаваў педагогам за работу па падрыхтоўцы ўдзельнікаў міжнародных спаборніцтваў, а таксама кампетэнтных кадраў для рэальнага сектара эканомікі. Сустрэча праходзіла ва ўрачыстай, святочнай атмасферы, аднак прадугледжвала і магчымасць для дыялогу і абмену думкамі. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі вынікі міжнароднага спаборніцтва ў Казані і пытанні падрыхтоўкі да наступных нацыянальных і міжнародных чэмпіянатаў WorldSkills. Звярнулі ўвагу на тое, што беларускія майстры змагаюцца не ва ўсіх кампетэнцыях чэмпіянату — у гэтым кірунку ёсць над чым працаваць. Нацыянальныя эксперты адзначылі, што неабходна выпрацаваць сістэму мер па далучэнні да падрыхтоўкі новых пакаленняў канкурсантаў прызёраў нацыянальнага і міжнароднага чэмпіянатаў пасля заканчэння імі навучальнай установы. Уладкаваўшыся на работу, яны, зразумела, не мо­гуць далучыцца да падрыхтоўкі, а між тым іх вопыт бясцэнны для будучых канкурсантаў.

Рух WorldSkills — гэта яшчэ і моцны інструмент для папулярызацыі рабочых прафесій, праф­арыентацыйнай работы. Ігар Васільевіч заклікаў удзельнікаў чэмпіянатаў і нацыянальных экспертаў WorldSkills актыўна ўдзельнічаць у прафарыентацыйных мерапрыемствах, выступаць у прэсе і сацыяльных сетках, далучацца да праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”.

І.В.Карпенка ўручыў узнагароды Міністэрства адукацыі ўдзельнікам мерапрыемства, адрасаваў педагогам найлепшыя пажаданні, а таксама запэўніў, што і ў далейшым сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, руху WorldSkills будзе ўдзяляцца ўзмоцненая ўвага.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.