Майстар-клас для сантэхніка

- 10:50Навіны рэгіёнаў

Рэсурсны цэнтр Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа камунальнай гаспадаркі пачаў работу ў студзені 2016 года. І з гэтага часу з’яўляецца важным звяном эфектыўнай падрыхтоўкі спецыялістаў.

Рэсурсны цэнтр — база падрыхтоўкі па прафесіях “мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання” і “слесар-сантэхнік”. Па сутнасці, гэта сеткавы рэсурс, які дазваляе не толькі вучыць прафесіі навучэнцаў гродзенскага каледжа і іншых прафесійных навучальных устаноў вобласці, але і праводзіць ­перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў камунальнай гаспадаркі рэгіёна.

— За час работы рэсурснага цэнтра навучанне ў ім прайшлі амаль 550 чалавек, у тым ліку 61 работнік базавых прадпрыемстваў нашага каледжа, 31 работнік павысіў кваліфікацыю, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Іна Фёдараўна Бачко. — Адбываюцца на базе рэсурснага цэнтра і стажыроўкі педагагічных работнікаў сістэмы прафадукацыі.

Разам з азнаямленнем з традыцыйнымі інструментамі — газавымі і шведскімі ключамі, перфаратарамі, балгаркамі, трубарэзамі — будучыя спецыяліс­ты-сантэхнікі знаёмяцца з мантажом пластыкавых, поліэтыленавых і поліпрапіленавых камунікацый. А каб стаць універсальным майстрам, можна  авалодаць навыкамі зваркі.

Такімі майстрамі, напэўна, стануць навучэнцы каледжа Аляксандр Равінскі і Мікіта Гуліда, якія сталі пераможцамі абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 па спецыяльнасці “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў” і зараз на базе рэсурснага цэнтра рыхтуюцца да ўдзелу ў рэспубліканскім фінале. Дарэчы, навучэнцы каледжа не першы год удзельнічаюць у гэтых прэстыжных спаборніцтвах і дэманструюць высокія вынікі: у 2016 і 2018 гадах займалі 3-е месца на рэспубліканскім узроўні. Вялікую работу па падрыхтоўцы навучэнцаў праводзяць майстры вытворчага навучання Дзяніс Мар’янавіч Рухлевіч, які скончыў гэты ж каледж, і Збігнеў Міхайлавіч Багданаў, выкладчык спецдысцыплін Мікалай Іосіфавіч Лінко.

— Рэсурсны цэнтр з’яўляецца і важным элементам прафарыентацыйнай работы, — працягвае Іна Фёдараўна. — За год у нас бывае да 400 навучэнцаў сярэдніх школ Гродна і воб­ласці. — Заўсёды вялікую цікавасць у іх выклікае майстар-клас “Я ў сантэхнікі б пайшоў”, дзе дзецям не толькі паказваюць, але і даюць магчымасць самім паспрабаваць сябе ў простых аперацыях.

Як расказвае загадчык рэсурснага цэнтра Аляксандр Мікалаевіч Макавецкі, установа сёння дае магчымасць вучыцца на самым сучасным абсталяванні і матэрыялах, якія рэгулярна з’яўляюцца на рынку, у тым ліку вытворчасці Францыі, Германіі, Іспаніі. А гэта магчыма і дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з базавымі прадпрыемствамі — УЖКГ Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гродна, Гродзенскім механічным заводам, прадпрыемствам “Саюзпраммантаж”. Вось нядаўна наладзілі супрацоўніцтва з ААТ “КАН-термБел”, якое будзе перадаваць каледжу расходныя матэрыялы і інструменты для работы ў рэсурсным цэнтры.

Гатовы ў каледжы камунальнай гаспадаркі пашыраць супрацоўніцтва з соцыумам і прапануюць жыхарам горада адукацыйную праграму “У дапамогу гаспадару”. На базе рэсурснага цэнтра ў вячэрні час і выхадныя дні вопытныя выкладчыкі і майстры вытворчага навучання могуць навучыць выкананню сантэхнічных работ — устанавіць мыйку, замяніць кран ці адрэгуляваць запорную арматуру.

— У сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзенскай вобласці працуе пяць рэсурсных цэнтраў. Вядуцца работы па адкрыцці яшчэ аднаго — на базе Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, — паведаміла начальнік аддзела прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аліна Баляславаўна Грэцкая.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.