Майстар-клас па біятлоне

- 12:22Спартыўныя падзеі

Адным з найбольш папулярных відаў спорту не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце з‘яўляецца біятлон. У нашай краіне ён набыў шырокую вядомасць дзякуючы перамогам беларускіх спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях. Гэтым відам спорту захапляюцца і дарослыя, і дзеці. З такой нагоды ствараюцца спартыўныя секцыі па біятлоне, адкрываюцца спартыўныя класы. У сярэдняй школе № 7 Навагрудка ў 2013/2014 навучальным годзе таксама пачаў працаваць першы спартыўны клас па аддзяленнi “Біятлон i лыжныя гонкі”.

Стварэнню гэтага класа садзейнiчала працяглая сумесная праца спартыўнай школы i кiраўнiцтва нашай установы адукацыі. Наладжвалася ўзаемадзеянне з бацькамi. У спартыўны клас праз здачу нарматываў былi адабраны адораныя дзeцi, якія могуць дасягнуць высокіх вынікаў і не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў. З таго часу адкрыццё спартыўных класаў стала добрай традыцыяй. У бягучым навучальным годзе дзейнічаюць ужо пяць такіх класаў. Агульная колькасць навучэнцаў у іх — 46. Замест агульнапрынятых урокаў фiзiчнай культуры для іх праводзяцца вучэбна-трэнiровачныя заняткi ў першай палове дня, потым дзеці едуць у спартыўна-біятлонны комплекс “Сялец”, дзе займаюцца непасрэдна спецыяльнай падрыхтоўкай на працягу ўсяго каляндарнага года.

Паколькi любы від спорту не абыходзiцца без збораў i спаборнiцтваў, нашы школьнiкi часта выязджаюць не толькi ў розныя гарады Беларусi, але і ў расійскія — Мурманск, Сыктыўкар. Нягледзячы на вымушаныя пропускi заняткаў, дзецi засвойваюць вучэбную праграму ў поўным аб’ёме. Кантроль ажыццяўляецца дыстанцыйна або праз cацыяльныя сеткi. Нагрузка ў навучэнцаў сур’ёзная: вучоба, спорт, частыя зборы і спаборніцтвы. Але гэта не палохае юных спартсменаў, а, наадварот, мабілізуе, нацэльвае на вынік. І ён ёсць. Так, у сакавіку 2017 года нашы навучэнцы занялі 3-е месца ў агульнакамандным заліку ў спаборніцтвах Адкрытага кубка Маскоўскай вобласці, дзе ўдзельнічалі 22 каманды не толькі з Расіі, але і з іншых краін. Акрамя таго, кожны год яны ўдзельнічаюць у такіх вядомых спаборніцтвах, як “Снежны снайпер”, Рэспубліканскай адкрытай спартакіядзе сярод спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў прафсаюзаў, першынстве БФСТ “Дынама” па летнім бiятлоне, спартакiядзе Беларусi па бiятлоне ў Вiцебску. А зусім нядаўна нашы навучэнцы сталі пераможцамі і прызёрамі першага этапу Кубка Беларускай федэрацыі біятлона. Шасцёра занялi 9 прызавых месцаў у эстафетах: 3 першыя месцы, 4 другiя, 2 трэцiя. Сярод прызёраў — Данііл Поклад, Ксенія Мароз, Кірыл Аляшкевіч, Дар’я Галушка, Таццяна Кавыліна i Мілена Жарко.

У Беларусі створаны ўсе ўмовы для развіцця бiятлона. Мы ганарымся нашымі пераможцамі, жадаем ім поспехаў у спорце і вучобе. У чарговы раз пераконваемся ў неабходнасці стварэння спартыўных класаў, якія дапамагаюць выяўляць здольных дзяцей, а таксама даюць iм магчымасць развівацца і рэалізоўвацца.

Таццяна ЖЫЗНЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 6 “С” класа сярэдняй школы № 7 Навагрудка.