Таццяна Аляксееўна Яфрэмава з дзяцінства хацела стаць настаўніцай пачатковых класаў. А замест гэтага ўжо дваццаць гадоў вучыць матэматыцы навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1. І ніколькі аб гэтым не шкадуе.
—У маёй сям’і няма настаўнікаў. Але педагагічная работа падабалася мне заўсёды. На пытанне аб тым, кім хачу стаць, заўсёды адказвала: “Настаўніцай”. Спачатку марыла, што буду працаваць з малышамі ў пачатковых класах. Але пасля заканчэння школы паступіла на фізмат. У такой змене дзіцячай мары ў пэўнай ступені “вінавата” мая школьная настаўніца матэматыкі Вольга Браніславаўна Кутаёва. Матэматыка хутка стала для мяне адным з любімых прадметаў, — паведаміла Таццяна Аляксееўна.
Прафесію настаўніка Т.А.Яфрэмава асвойвала ў сённяшнім МДУ імя А.А.Куляшова. Па размеркаванні прыйшла на работу ў першы абласны ліцэй. З таго моманту, як Таццяна Аляксееўна пачала далучаць ліцэістаў да складанага свету матэматыкі, мінула ўжо два дзесяцігоддзі. За гэты час яна выпрацавала ўласную методыку паспяховага навучання.
— Таццяна Аляксееўна — вельмі творчы, высокапрафесійны педагог. На ўроках заўсёды ўлічвае ўзроставыя, псіхалагічныя і індывідуальныя асаблівасці вучняў, выкарыстоўвае сучасныя інфармацыйныя і адукацыйныя тэхналогіі. Яна ўдзяляе вялікую ўвагу стварэнню камфортных умоў навучання, станоўчаму эмацыянальнаму настрою дзяцей на ўроках. На занятках імкнецца да таго, каб кожны вучань адчуваў сябе паспяховым, інтэлектуальна самастойным. Усё гэта робіць працэс навучання прадукцыйным, — так ахарактарызаваў падыходы да работы Таццяны Яфрэмавай дырэктар першага абласнога ліцэя Пётр Уладзіміравіч Шылаў.
Таццяна Аляксееўна, мабыць, з тых настаўнікаў, у якіх не навучыцца чаму-небудзь проста немагчыма. Яна не столькі знаёміць дзяцей са сваім прадметам, колькі пастаянна падштурхоўвае іх да самастойных адкрыццяў, такім чынам выпрацоўваючы ўменні разважаць, рашаць нестандартныя задачы і творча думаць.
— Я высока цаню кожную мінуту ўрока. Матэрыял падбіраю старанна, імкнуся выбраць такія задачы, якія будуць для вучняў цікавымі і карыснымі. У залежнасці ад тыпу ўрока і яго мэт матэрыял можа быць простым і не вельмі ці, наадварот, зусім не простым. На ўсіх этапах заняткаў імкнуся далучаць вучняў да работы. Для гэтага выкарыстоўваю элементы тэхналогіі праблемнага навучання, прыёмы тэхналогіі крытычнага мыслення. На ўроках абагульнення матэрыялу аддаю перавагу дыдактычным гульням. Гэтыя заняткі носяць гульнявы характар, але матэрыял і патрабаванні да іх правядзення сур’ёзныя. І калі паведамляю вучням, што на наступным уроку мы будзем гуляць, яны ўжо ведаюць, што будзе цікава, але зусім не лёгка. Заўсёды шырока выкарыстоўваю сістэму вусных практыкаванняў. З іх дапамогай з’яўляецца магчымасць устанаўліваць кантакт са многімі навучэнцамі, атрымліваць бесперапынную і своечасовую інфармацыю аб якасці засваення імі вучэбнага матэрыялу і карэкціраваць на гэтай падставе адукацыйны працэс, — адзначыла Таццяна Аляксееўна.
Дарэчы, вельмі важным Т.А.Яфрэмава лічыць таксама спрыяльную атмасферу ў класе, двухбаковае супрацоўніцтва паміж настаўнікам і вучнямі.
— Як наладзіць такое ўзаемадзеянне? Толькі праз сумленнасць і шчырасць. Калі педагог ідзе з такім пасылам да дзяцей, яны адказваюць тым жа. А калі паміж навучэнцамі і настаўнікам наладжваюцца даверлівыя адносіны, то гэта абавязкова дабратворна паўплывае на якасць і паспяховасць навучання, — пераканана Таццяна Аляксееўна.
Па меркаванні Т.А.Яфрэмавай, паспяховасць вучняў, іх матываванасць на вучобу ў многім залежаць менавіта ад асобы настаўніка і яго прафесійных кампетэнцый.
— Настаўнік, які не працуе над сабой, перастае быць настаўнікам. Бо педагогам не становяцца, атрымаўшы дыплом. Мы становімся настаўнікамі з кожным новым праведзеным урокам, з кожным новым вучнем, з новымі поспехамі і няўдачамі. Настаўнік вучыцца заўсёды. Ды і навучанне прафесійнаму майстэрству ідзе пастаянна і бесперапынна, нават незалежна ад нашага жадання, бо мяняюцца праграмы, падручнікі, навучэнцы, жыццё вакол і патрэбы грамадства. Не можа застыць на месцы і педагог. Трэба развівацца, удасканальвацца, ісці ў нагу з часам. Я рэгулярна аналізую і падвяргаю крытыцы ўсё, што раблю. Ці ўсё было зроблена правільна: ці правільна выбраны матэрыял да ўрока, метады і прыёмы, а можа, можна было лепш? А ці ўсё было мной зроблена, каб вучням было цікава, карысна, важна прыйсці на ўрок? Што было зроблена не так, калі за самастойную работу мае дзеці не змаглі ўсе дружна атрымаць адзнакі “9” і “10”. І як вынік — вечнае пытанне “Што рабіць?”. А яшчэ — нястомныя пошукі адказаў, якія дапамагаюць станавіцца лепшай для сваіх навучэнцаў, — патлумачыла Таццяна Аляксееўна.
Педагагічнае майстэрства Т.А.Яфрэмавай пацвярджаюць яе вучні. У класах настаўніцы высокая паспяховасць. Навучэнцы Таццяны Аляксееўны дэманструюць выдатныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, у алімпіядным руху і даследчых конкурсах. Сёлета яе вучні Аліна Палонская і Міхаіл Саладкоў заваявалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. А наогул, за час работы ў ліцэі настаўніца падрыхтавала 50 пераможцаў другога і 9 пераможцаў трэцяга этапаў алімпіяды.
— Мае вучні — пераможцы алімпіяд і конкурсаў, яны паспяхова здаюць ЦТ па матэматыцы і паступаюць на вучобу ў вядучыя УВА Беларусі і іншых краін. Для мяне гэта важкае дасягненне. Важней, напэўна, толькі падзякі вучняў і іх бацькоў, словы ўдзячнасці выпускнікоў за добры жыццёвы старт, а таксама тое, што выпускнікі, ужо будучы зусім дарослымі, памятаюць, прыходзяць, дзеляцца сваімі поспехамі. Я настаўнічаю 20 гадоў, але па-ранейшаму не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі, лічу, што прафесія настаўніка лепшая. У будучыні хацелася б знайсці час і сілы для таго, каб сістэматызаваць увесь той дыдактычны матэрыял, які назапасіўся за гады работы. Вельмі хочацца знайсці рэцэпт поспеху ў вывучэнні каралевы навук абсалютна для ўсіх: і для матэматыкаў, і для лірыкаў. Над гэтым і планую працаваць у найбліжэйшай будучыні, — запэўніла Т.А.Яфрэмава.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Т.А.Яфрэмавай.