Майстэрству вучаць у каледжы

- 12:08Навіны рэгіёнаў

Высокія вынікі прадэманстравала каманда Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва на міжнародным фестывалі прыгажосці “Мінскі вернісаж — 2017”. Навучэнцы каледжа заваявалі 10 прызавых месцаў, а ў дзвюх намінацыях былі лепшымі. У фестывалі навучэнцы каледжа выступалі ў статусе “навучэнец” і “юніёр”.

— Удзел у такіх творчых конкурсах лічым адным з найважнейшых элементаў падрыхтоўкі спецыялістаў, — гаворыць дырэктар каледжа Алег Лябецкі. — Толькі ў гэтым навучальным годзе прынялі ўдзел у Міжнародным конкурсе “Ружа вятроў”, конкурсе WorldSkills. А пачынаецца шлях да міжнародных выступленняў на конкурсах прафесійнага майстэрства, якія рэгулярна арганізуюцца ў каледжы.

— На метадычных аб’яднаннях абмяркоўваем вынікі конкурсаў, шляхі паляпшэння падрыхтоўкі нашых вучняў, — гаворыць загадчык аддзялення цырульніцкага мастацтва і дэкаратыўнай касметыкі Іна Прыпіснова. — Нашы выкладчыкі і майстры вытворчага навучання таксама пастаянна ў пошуку новых метадаў работы, адсочваюць сучасныя тэндэнцыі і стылі і рыхтуюць навучэнцаў у адпаведнасці з гэтымі тэндэнцыямі.

Алена Васіленка заняла 1-е месца ў намінацыі “Салоннае пакрыццё гель-лакам”. Як расказвае Алена, гэтая тэхніка не ўваходзіць у вучэбную праграму, але з дапамогай выкладчыка Дар’і Ігнацік дзяўчына выдатна падрыхтавалася і паказала лепшы вынік. Аліна Быльчынская стала лепшай у намінацыі бодзі-арт “Легенды і паданні” і стварыла вобраз Клеапатры. І калі на першую намінацыю адводзілася адна гадзіна, то бодзі-арт выконваўся чатыры гадзіны. Адно гэта сведчыць аб вялікіх намаганнях, якія прыводзяць да добрых вынікаў.

У скарбонцы каманды каледжа таксама тры 2-я месцы — у Марыны Пабойневай (жаночая модная ўрачыстая прычоска на доўгіх валасах), Інгі Гнутавай (жаночая модная стрыжка з двума пажаданнямі), Маргарыты Матусь (мужчынская тэхнічная катэгорыя). Трэці вынік паказалі Ірына Коршун (жаночая стрыжка), Валерыя Дайлідка (мужчынская модная салонная стрыжка з укладкай) і Настасся Жукоўская (фантазійны макіяж), Вераніка Цяшко (фотаработа “Арт-макіяж”) і Лізавета Гіркелідзэ (фотаработа “Б’юці-макіяж”). Трэба дадаць, што ў некаторых намінацыях заданні атрымлівалі непасрэдна перад пачаткам конкурсу, так што фантазіраваць і прыдумваць вобраз той жа прычоскі трэба было адразу.

Падрыхтавалі навучэнцаў да ўдзелу ў Міжнародным фестывалі “Мінскі вернісаж — 2017” выкладчыкі Дар’я Ігнацік, Святлана Насевіч, майстры вытворчага навучання Маргарыта Ландзёнак, Вераніка Гасевіч.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.