Майстры зваркі

- 14:38Брэстчына

“Ёсць такі жарт, невядома кім і калі прыдуманы: “Бог стварыў зямлю, а ўсё астатняе на зямлі створана будаўнікамі”. І з гэтым нельга не пагадзіцца”, — такімі словамі пачаў нашу сустрэчу дырэктар Пінскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Сяргей Япіхін. Сапраўды, тое, што ствараецца будаўнікамі і архітэктарамі, не перастае здзіўляць. А нас з калегамі вельмі здзівілі ў будаўнічым ліцэі — умовамі навучання, тэхнічнымі магчымасцямі і, зразумела, навучэнцамі і педагогамі. 

Дырэктар ліцэя С.А.Япіхін.

Установе  ўжо больш за паўстагоддзя. За 53 гады свайго існавання Пінскі ліцэй будаўнікоў падрыхтаваў звыш 15 тысяч спецыялістаў (выпуск у 2018/2019 навучальным годзе склаў 132 чалавекі). Іх рукамі пабудаваны найбуйнейшыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя комплексы, цэлыя пасёлкі і гарады не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Будаўнічы ліцэй ажыццяўляе падрыхтоўку па двух кірунках: “Архітэктура і будаўніцтва” і “Тэхніка і тэхналогія”. У межах першага ліцэісты атрымліваюць прафесіі муляра 4 разраду, цесляра-бетоншчыка 4 разраду, тынкоўшчыка 3/4 разраду, маляра (будаўнічага) 3 разраду, ізаліроўшчыка на тэрмаізаляцыі 3 разраду, абліцоўшчыка-плітачніка 3 разраду,  рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў 5 разраду.

 Другі кірунак забяспечвае атрыманне такіх прафесій, як электразваршчык на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах 4 разраду, электрагазазваршчык 3 і 4 разраду.

У ліцэі вядзецца падрыхтоўка навучэнцаў у 19 кабінетах і 6 майстэрнях. Прафесійную падрыхтоўку ажыццяўляюць 19 майстроў вытворчага навучання і 16 выкладчыкаў. Вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі маюць 14выкладчыкаў (82%), першую катэгорыю — 8 майстроў (38%); вышэйшую адукацыю маюць 100% выкладчыкаў і 19% майстроў; стаж працы больш за 10 гадоў у 94% выкладчыкаў і 38% майстроў.

Пры кабінетах і майстэрнях працуюць гурткі, праводзяцца факультатыўныя заняткі. У ліцэі функцыянуюць 20 аб’яднанняў, секцый, факультатываў рознай накіраванасці. Ахоп навучэнцаў выхаваўчай работай у вольны ад вучобы час складае 93,7%. Для прапаганды будаўнічых прафесій і павышэння іх прэстыжу ў ліцэі праводзяцца конкурсы прафмайстэрства. Навучэнцы і педагогі ўстановы прыма­юць удзел у конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе яны ўдзельнічалі ў 40 конкурсах і спаборніцтвах. На рахунку ліцэя 34 дыпломы
І—ІІІ ступені, у тым ліку 2 — за ўдзел у рэспубліканскіх мерапрыемствах, 32 — у абласных.

На працягу многіх гадоў ліцэй з’яўляецца пераможцам і прызёрам абласной круглагадовай спартакіяды сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Каманда ліцэя з’яўляецца фаварытам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па летнім і зімовым мнагаборстве “Здароўе”, заваёўваючы залатыя і сярэбраныя медалі.

“Зусім нядаўна на базе нашага ліцэя прайшоў заключны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па летнім мнагаборстве сярод навучэнцаў  устаноў адукацыі ПТА і ССА. Брэсцкую вобласць прадстаўляла каманда нашай навучальнай установы. У выніку ліцэйскія спартсмены паказалі выдатныя вынікі і атрымалі пераканаўчую перамогу.

Навучэнцы ліцэя прымаюць актыўны ўдзел у рабоце студэнцкіх атрадаў, не застаюцца ў баку ад дабрачыннай і добраахвотніцкай дзейнасці”, — адзначыў С.А. Япіхін.


Сённа пра ліцэй ведаюць далёка за межамі Пінска. З 2013 года на базе навучальнай установы пачаў работу абласны рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Тэхналогія зварачных работ”. “Мэта дзейнасці рэсурснага цэнтра — стварэнне ўмоў для рэалізацыі і рэсурснага забеспячэння якасна новага ўзроўню прафесійнай адукацыі шляхам прадастаўлення мадэрнізаваных адукацыйных рэсурсаў, прызначаных для асваення сучасных зварачных тэхналогій ва ўмовах адкрытага доступу да іх.

Асноўнымі задачамі рэсурснага цэнтра з’яўляюцца рэалізацыя адукацыйнай праграмы ў прафесійна-тэхнічнай установе, арганізацыя павышэння кваліфікацыі, правядзенне стажыровак педагагічных работнікаў, а таксама ўкараненне ў сістэму падрыхтоўкі новых падыходаў, тэхналогій навучання і сістэмы ацэнкі вынікаў, якія адказваюць патрабаванням су­светных стандартаў, забеспячэнне адкрытага доступу да наяўных інфармацыйных рэсурсаў, аказанне кансультацыйных, маркетынгавых і аналітычных паслуг пры правядзенні трэнінгаў, семінараў і канферэнцый”, — паведаміў Сяргей Аляксандравіч.

Рэсурсны цэнтр сёння — гэта чатыры майстэрні: газазварачных работ, аўтаматычнай зваркі металу, зваркі каляровых металаў, ручной дугавой зваркі і паўаўтаматычнай зваркі. Усе майстэрні аснашчаны самым новым абсталяваннем, якое пакідае вялікае ўражанне. Тэхналогіі зваркі сёння, канечне, зусім іншыя. Ды і самі віды зварачных работ уражваюць. Усё вельмі тэхналагічна, хоць без рукі майстра-зварачніка ідэальнае зварачнае шво не атрымаецца. А хлопцы ў ліцэі — рукастыя.

Тым не меш без навыкаў работы на сучасным абсталяванні працаваць на высокатэхналагічных, навукаёмістых, экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцях немагчыма. База рэсурснага цэнтра такую падрыхтоўку забяспечвае. Акрамя таго, у рэсурсным цэнтры займаюцца распрацоўкай, апрабацыяй і ўкараненнем у адукацыйны працэс інавацыйных тэхналогій прафесійнага навучання, навукова-метадычнага, праграмнага, тэставага забеспячэння; праводзяць доследна-эксперыментальныя работы, апрабацыю вучэбных трэнажораў, лабараторнага абсталявання, сродкаў навучання. Не менш важным з’яўляецца забеспячэнне спажыўцоў даступнымі інфармацыйнымі матэрыяламі, фарміраванне бібліятэкі сучаснай тэхнічнай літаратуры. 

“Першапачаткова для абсталявання рэсурснага цэнтра са сродкаў абласнога бюджэту было выдзелена 120 тысяч рублёў, што дазволіла набыць асноўную лінейку тэхналагічных зварачных апаратаў. У 2018 годзе ў развіцці вучэбна-матэрыяльнай базы рэсурснага цэнтра быў зроблены вялікі рывок. Пасля паспяховай абароны бізнес-плана па дааснашчэнні рэсурснага цэнтра ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі на гэтыя мэты з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў салідарна было выдзелена каля 600 тысяч рублёў. Камплект сучаснага абсталявання і сродкаў, які існуе на дадзены момант, дазваляе забяспечваць на належным тэхналагічным узроўні ўсе віды зварачных работ, а таксама ажыццяўляць дыягностыку якасці”, — паведаміў дырэктар.

 Рэсурсны цэнтр з’яўляецца пастаяннай пляцоўкай для правядзення рэгіянальных семінараў з удзелам вядучых пастаўшчыкоў зварачнага абсталявання і матэрыялаў у Беларусі. У рабоце семінара бяруць удзел зацікаўленыя прадпрыемствы і арганізацыі Пінска, а таксама прадстаўнікі прыватных фірм. За пяць гадоў дзейнасці рэсурснага цэнтра тут прайшлі падрыхтоўку больш за тры тысячы навучэнцаў з іншых навучальных устаноў вобласці.

У рэсурсным цэнтры навучанне вядуць чатыры майстры, якія прайшлі стажыроўку і валодаюць выдатнымі навыкамі ў галіне зварачных работ. Загадчыкам рэсурснага цэнтра з’яўляецца Іван Адамавіч Янковіч. Курыруе работу рэсурснага цэнтра старшы майстар ліцэя Генадзь Аляксеевіч Раманоўскі, які з’яўляецца экспертам па зварцы на нацыянальных, міжнародных і сусветных чэмпіянатах WorldSkills. Пры азнаямленні з работай зварачных апаратаў гэтыя майстры паказалі магчымасці сучаснай тэхнікі.

Дзякуючы магчымасці практыкавацца на такім абсталяванні, навучэнцы ліцэя і яго выпускнікі прымаюць актыўны ўдзел у майстар-класах, конкурсах прафесійнага майстэр­ства, нацыянальных і міжнародных чэмпіянатах WorldSkills, дзе паказваюць добрыя вынікі. Пра якасную падрыхтоўку па рабочых прафесіях сведчыць выніковы ўдзел навучэнцаў і майстроў у абласных і рэспубліканскіх конкурсах прафмайстэрства. На I Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus — 2014 у кампетэнцыі “Тэхналогія зварачных работ” ліцэіст Павел Цімаховіч быў лепшым.

 На WorldSkills Belarus — 2016 у кампетэнцыі “Тэхналогія зварачных работ” бронзавы медаль і дыплом былі ў Аляксандра Фралова, а “золата” — у выпускніка 2015 года Сяргея Мацкевіча. У кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы” два дыпломы і сярэбраныя медалі заваявалі Ула­дзіслаў Шчавелеў і Андрэй Маскалюк.

Зразумела, што такія перамогі прыводзяць да атрымання розных узнагарод. Сярод апошніх Падзяка Рэспублікан­скага камітэта WorldSkills Belarus за актыўны ўдзел у арганізацыі II Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016, Ганаровая грамата Брэсцкага аблвыканкама за вялікую працу калектыву ўстановы адукацыі па прафесійнай падрыхтоўцы кадраў, выніковы ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016.

Як заўважыў дырэктар, галоўная задача калектыву — павышаць якасць адукацыйнага і вытворчага працэсу. Для гэтага ў ліцэі пастаянна шукаюць новыя формы і метады работы, укараняюць інфармацыйныя тэхналогіі, удасканальваюць вучэбна-метадычную базу.

Галоўная каштоўнасць любой навучальнай установы — гэта людзі, кваліфікаваныя спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы. У кожнай установе адукацыі ёсць свой “залаты фонд”. У Пінскім прафесійным ліцэі будаўнікоў яго складаюць найбольш таленавітыя і вопытныя выкладчыкі і майстры вытворчага навучання. Ужо некалькі дзясяткаў гадоў любімай справе адданыя Г.Д.Піскун, Е.Ф.Бірыла, Е.І.Літвінчук, У.У.Шэпелевіч, Н.Ф.Бірыла, І.М.Друп, М.П.Качаноўскі. Медалём за працоўныя заслугі ў 2017 годзе ўзнагароджаны старшы майстар Г.А.Раманоўскі.

У ліцэі ганарацца тым, што шматлікія яго выпускнікі пасля заканчэння  ССНУ, універсітэтаў вяртаюцца ў родную навучальную ўстанову ў якасці  майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў. У калектыў штогод уліваюцца маладыя спецыялісты. Гэта знак жыццяздольнасці, залог стабільнасці і творчага развіцця ліцэя. На дадзены момант у навучальнай установе працаздольны, творчы калектыў. Педагогі і майстры імкнуцца падрыхтаваць не толькі добрых спецыялістаў, але і людзей, здольных да творчасці ў прафесіі.

“Жыццёвая мудрасць “Будзем будаваць — будзем жыць” наглядна ўвасабляецца ў новых будаўнічых аб’ектах, створаных рукамі нашых выпускнікоў. І ёсць надзея, што яшчэ не раз будуць захапляцца палётам творчай фантазіі і высокім майстэрствам нашых выпускнікоў. Хоць умовы для навучання ў нас сучасна-тэхналагічныя, але і творчым людзям ёсць дзе разгарнуцца”, — сказаў на развітанне дырэктар ліцэя.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.