Сённяшні госць праекта “Мая школа” на сваім прыкладзе даказаў, што пры належным старанні могуць скарыцца любыя вяршыні. Галоўнае, дакладна ведаць, чаго ты хочаш, і прыслухоўвацца да парад блізкіх. Пра сваю школу жыцця расказвае бронзавы прызёр XXXII Алімпійскіх гульняў у Токіа па скачках у вышыню Максім Недасекаў.
— Максім, вам усяго 24 гады, а вы паспяховы спартсмен з сусветным імем. Давайце ўспомнім, з чаго ўсё пачалося. Вы нарадзіліся ў Віцебску, у сям’і лёгкаатлетаў…
— Так, мая мама — майстар спорту ў скачках у даўжыню, тата — у бар’ерным бегу. А мой спартыўны шлях стартаваў з плавання. У секцыю па гэтым відзе спорту мяне аддаў бацька, і на працягу двух гадоў я хадзіў у басейн. Затым хацеў па прыкладзе старэйшага брата асвоіць адзінаборствы. Займаўся боксам і паралельна пачаў шлях у лёгкай атлетыцы. У абодвух напрамках рабіў пэўныя поспехі, але прыйшоў час сканцэнтравацца на чымсьці адным. Тут паслухаў бацькоў, якія пераканалі мяне аддаць перавагу лёгкай атлетыцы. Мама гаварыла, што ў гэтай дысцыпліне я змагу стаць выбітным спартсменам, што ёсць добрыя даныя і перспектывы, — як у ваду глядзела. Але першапачаткова наведваў манеж без асаблівага энтузіязму і задавальнення ад трэніровак не атрымліваў. Бывала, нават прагульваў, за што атрымаў наганяй ад бацькоў. Калі таемнае станавілася відавочным, мне даводзілася кампенсаваць прапушчаныя заняткі дадатковымі гадзінамі на дарожцы. Каб выключыць саму магчымасць пропускаў, на трэніроўкі мяне падвозіў бацька. Цяпер, вядома, разумею, што ўсё было не дарма, бо прыйшоў вынік.
— Раскажыце, калі ласка, пра школу, у якой вучыліся.
— Іх было некалькі. Спачатку хадзіў у віцебскую сярэднюю школу № 4. У ёй вучыліся мой брат і бацька. Пасля сёмага года навучання мяне перавялі ў сярэднюю школу № 10, дзе быў спецыялізаваны спартыўны клас. Там я вучыўся да 10 класа, а затым пераехаў у Мінск, у дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву.
З паспяховасцю ўсюды быў парадак. Дакладна памятаю, што да 9 класа сярэдні бал меў больш за 8 — нават старыя дзённікі з адзнакамі захаваліся. Але не магу сказаць, што ўвесь вольны час прысвячаў урокам. Гуляў з сябрамі, хадзіў на трэніроўкі, стараўся нічога не прапусціць. Асабліва запомніўся перыяд, калі пераехаў у сталіцу. Тады мне было гадоў 14—15. Жыў у інтэрнаце вучылішча алімпійскага рэзерву. Было шмат вясёлых гісторый, пра якія цяпер успамінаю з усмешкай. Наогул, за пражытыя 24 гады яшчэ ні аб чым не пашкадаваў.
“Вучылішча алімпійскага рэзерву трэба правільна прайсці ў псіхалагічным сэнсе. Там у 15—16 гадоў ты пачынаеш адносна самастойнае жыццё без бацькоўскага кантролю. Таму вельмі важна канцэнтравацца на спартыўных дасягненнях. Ставіць мэту і ісці да яе”.
— Якія прадметы падабаліся больш за ўсё?
— Матэматыка, а канкрэтна алгебра. Вось з геаметрыяй была супрацьлеглая гісторыя: калі па алгебры ў мяне заўсёды была моцная васьмёрка, то тут — чатыры. Таксама магу адзначыць працоўнае навучанне. Мы і на станках выразалі, і выпальваннем па дрэве займаліся — было цікава! Яшчэ фізкультура падабалася, таму што дазваляла крыху адцягнуцца ад больш складаных прадметаў і выпусціць лішнюю энергію.
Менш за ўсё “заходзілі” хімія і фізіка. Яны пачаліся ўжо ў сярэдняй школе, а я прапусціў першыя ўрокі, дзе тлумачылі базавыя алгарытмы, на якія потым трэба было абапірацца. З-за адсутнасці агульнага разумення гэтыя дысцыпліны мне даваліся цяжэй, чым астатнія.
— У які момант зразумелі, што скачок у вышыню — гэта ваша?
— Прыкладна гадоў у 18, але тут не абысціся без перадгісторыі. Яшчэ падчас вучобы ў 10-й школе я вызначыўся са спецыялізацыяй у лёгкай атлетыцы. Першапачаткова немагчыма даведацца, у чым падлетак будзе паказваць вынікі. Яго рыхтуюць да розных відаў нагрузак, дапамагаюць умацаваць мышцы і звязкі. У мяне ад прыроды моцныя мышцы ног, здольныя на імгненны рывок, таму, калі прыйшоў час вызначацца, выбраў скачок у даўжыню і скачок у вышыню. Апошні элемент атрымліваўся асабліва добра і здаваўся адносна простым. Тут трэба не бегчы доўгую дыстанцыю, а ўкласці максімум намаганняў у адно дзеянне.
Упарта трэніравацца пачаў пазней, калі пераехаў у Мінск. Мы прачыналіся ў 6:30, у 7 раніцы ад’язджаў аўтобус, дарога займала прыкладна паўгадзіны, потым пераапраналіся і ў 8:00 прыступалі да заняткаў. Пасля іх заканчэння ехалі на вучобу, а потым на другую трэніроўку. Графік вельмі шчыльны, таму некаторыя выкладчыкі ўваходзілі ў становішча юных спартсменаў і рабілі паслабленні. І ўсё ж працаваць над майстэрствам даводзілася шмат. Гэта справядлівая цана, якую неабходна заплаціць на шляху да п’едэстала. Рэальнасць такая, што толькі 20% выхаванцаў вучылішча атрымліваюць шанс стаць вялікімі спартсменамі з сусветным імем ці хаця б дарастаюць да перамог на міжнародных стартах.
— Без якіх якасцей не відаць перамогі?
— З упэўненасцю магу гаварыць толькі аб сваёй спартыўнай спецыялізацыі. Тут маё меркаванне фарміруюць і асабісты вопыт, і зносіны з дасведчанымі калегамі па цэху. Поспеху не дасягнуць без псіхалагічнай устойлівасці, веры ў сябе і працавітасці. Трэба пастаянна працаваць на максімум. Калі нешта не выходзіць, спрабаваць зноў і зноў, не апускаць рукі. Калі-небудзь дакладна атрымаецца.
— А ці быў пераломны момант, калі засумняваліся, што выбралі правільны кірунак?
— У 16 гадоў адчуваў нешта падобнае. Але паслухаў брата, які раіў не спыняцца на паўдарозе. Я вельмі цаню яго меркаванне і падтрымку, імкнуся ва ўсім на яго раўняцца. Дапамагаў і мой трэнер Юрый Вікенцьевіч Майсевіч. Калі бацькоў побач няма, добры настаўнік становіцца для сваіх падапечных другім бацькам, які падтрымлівае ў цяжкія моманты.
— Успомніце самы яркі эпізод вашай спартыўнай кар’еры.
— Упэўнены, самы яркі яшчэ наперадзе, але на сённяшні момант такіх некалькі. Першым у галаву прыходзіць “золата” чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў, які праходзіў у італьянскім Гросета. Там я ўстанавіў рэкорд, скокнуўшы на 2,33 метра. Такія эпізоды не забываюцца, бо для гэтага прыйшлося правесці вялікую псіхалагічную работу над сабой.
Яшчэ запамінальнымі былі спаборніцтвы ў Мінску, дзе абнавіў адразу пяць асабістых рэкордаў. Да іх мой максімум у скачку ў вышыню складаў 2 метры 20 сантыметраў. Але арганізм быў настолькі натрэніраваны, што я ў рамках аднаго турніру скокнуў на 10 сантыметраў вышэй ранейшага. Памятаю, пасля першынства два дні амаль не выходзіў з пакоя: ляжаў і аднаўляўся, таму што зрасходаваў усе сілы. Балела ўсё цела, уставаў з ложка, толькі каб паесці. Затое тады ўпершыню адчуў, што такое высокі скачок. Ад умоўна нізкага ён адрозніваецца вельмі многім: іншы разгон і тэхніка. Але вось што дзіўна — высокія мне скакаць лягчэй.
Пасля такіх вынікаў мяне запрасілі ў Іспанію на адзін з камерцыйных стартаў — там таксама выйграў. Спаборніцкія ўмовы былі не самымі камфортнымі: тэмпература паветра перавышала 36 градусаў. Тады я яшчэ не прывык да міжнародных выступленняў, але ў вырашальны момант сабраўся і праявіў сябе. Да гэтага было шмат размоў пра выпадковасць або выкарыстанне допінгу, таму для мяне было справай прынцыпу даказаць, што я дасягнуў усяго за кошт упартай працы над сабой.
І, вядома, нельга не сказаць аб “бронзе” Алімпіяды ў Токіа. У той момант я быў у шоку: мне ўсяго 23 гады, а ў мяне ўжо бронзавы медаль з тым жа вынікам, што ў пераможцаў. Але я ўпэўнены — гэта далёка не мяжа маіх магчымасцей.
“Заўсёды ёсць куды расці. Мяжы, па сутнасці, няма, але часта мы самі яе ўстанаўліваем, такім чынам абмяжоўваючы сябе. Магу даць невялікую параду: неабходна па магчымасці самастойна вырашаць свае праблемы. Гэта вельмі спрашчае жыццё”.
— Вельмі прыемна перамагаць, але, на жаль, атрымоўваецца не заўсёды. Як вы спраўляецеся з паражэннямі?
— Ніколі не апускаю рукі. Калі пачалася паласа няўдач, трэба зразумець, у чым прычына, і выправіць яе. Ці вярнуцца туды, адкуль ты пачаў. Успомніць, чаму тады атрымлівалася, прааналізаваць сітуацыю. Бывае, што няўдачы загартоўваюць характар і дапамагаюць вучыцца. Напрыклад, спартсмен можа атрымаць траўму: дрэнна размяўся або памыліўся ў тэхніцы выканання скачка. Потым ён аднаўляецца і працягвае трэніравацца, становіцца больш вопытны і больш не дапускае тых памылак.
— Ведаю, што ў вас ёсць хобі — камандная камп’ютарная гульня Dota 2…
— Так, раней шмат гуляў, а цяпер заходжу рэдка. Мой любімы персанаж — Фенікс. На ім у мяне 60% перамог за амаль 700 гульняў. Заўсёды гуляў на 5-й пазіцыі і паказваў добрыя вынікі. Паступова падняўся на высокі рэйтынг. Dota — гэта стратэгія. Там трэба шмат думаць, усё рабіць своечасова, ведаць, які персанаж на што здольны. Калісьці я траціў на яе амаль увесь вольны час, але пазней астыў. Гульня змянілася: калі раней усё вырашаў твой навык, то цяпер прысутнічае элемент удачы. З’явіліся новыя прадметы, сістэма талентаў — фактары выпадковасці, якія ніяк не залежаць ад тваіх рук і галавы. Раней было цікавей і самому гуляць, і нават глядзець турніры па Dota. У мяне нават любімая каманда была — Evil Geniuses, але цяпер ужо не сачу. Часам заходжу на Феніксе палётаць — рукі памятаюць.
— Ці ёсць у вас вялікая мара?
— Пакуль няма, таму што для мяне мары і мэты — адно і тое ж. Таму, калі нешта планую, заўсёды дзейнічаю, імкнуся ўвасобіць у рэальнасць. Зараз знаходжуся на зборах у Раўбічах, набіраю форму. Аднаўляюся ад траўм і рыхтуюся да чэмпіянату Беларусі. Буду пакараць новыя вышыні.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота з асабістага архіва Максіма Недасекава.