Маладая настаўніца з Жабінкі плануе рэалізавацца ў школе па максімуме

- 12:14Образование

Кацярына Шахалевіч пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшла працаваць у родную сярэднюю школу № 3 Жабінкі. Малады педагог сябе добра зарэкамендавала, і зараз яна ўжо намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Бацькі Кацярыны Шахалевіч заўсёды гаварылі, што іх дачка будзе нас­таўніцай. Так урэшце і атрымалася.

— Усвядомленае жаданне прысвяціць сваё жыццё нас­таўніцтву з’явілася ў 9 класе, калі дапамагала малодшым у вучобе, — успамінае Кацярына Аляксандраўна. — А паколькі вызначыцца з пэўным профілем так і не змагла, выбрала прафесію нас­таўніцы пачатковых класаў, якая сумяшчае розныя прадметы.

Настаўніца абслуговай працы Ганна Кулагіна да апошняга спадзявалася, што яе здольная выхаванка, актыўная ўдзельніца алімпіяднага руху з 8 класа, будзе, як і яна, вучыць дзяўчат рука­дзельнічаць і куха­рыць. І няхай мара педагога не ажыццявілася, але атрыманыя веды спатрэбіліся Кацярыне Шахалевіч не толькі ў побыце, але і ў сённяшняй рабоце.

— Кацярына з дзяцінства вылучалася арганізатарскімі здольнасцямі, — гаворыць дырэктар ліцэя Жабінкі Ганна Кулагіна. — Мы шмат часу праводзілі разам, калі рыхтаваліся да алімпіяд. Валявая, мэтанакіраваная, адказная… Была ўпэўнена, што з яе атрымаецца цудоўная нас­таўніца працоўнага навучання, бо педагагічная прафесія — гэта штодзённая творчасць. А Кацярына — натура творчая.

Пасля заканчэння псіхо­лага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна былую вучаніцу з радасцю сустрэла родная сярэдняя школа № 3 Жабінкі з любімымі педагогамі.

— Вельмі ўзрадавалася, калі вярнулася туды, — заўважае Кацярына Аляксандраўна. — Родныя сцены дапа­маглі хутчэй адаптавацца, ды і ўніверсітэт даў належную метадычную падрыхтоўку.

Важную ролю ў прафесійным станаўленні маладога спецыяліста адыгралі яе куратар Алена Міхайлаўна Кузьміч і тагачасны намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Анатольеўна Кузьміч.

У школе педагог працуе пяты год. За гэты час Кацярына Шахалевіч добра зарэкамендавала сябе, таму ёй нядаўна прапанавалі стаць намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.

— Пагадзілася, бо хацелася паспрабаваць сябе ў чымсь­ці новым, тым больш заўсёды магу разлічваць на моцную падрымку калектыву, — пад­крэслівае Кацярына Аляксанд­раўна. — Асаблівых цяжкасцей не адчуваю, усе пытанні вырашаюцца ў рабочым парадку.

Нягледзячы на адміністрацыйную пасаду, настаўніца не пакінула сваіх любімых чамучак. Працуючы з імі, яна актыўна звяртаецца да праектнай дзейнасці, напрыклад, у галіне краіназнаўства і бацькоўскіх прафесій.

Мамы і таты задаволены маладым педагогам, бо лі­чаць яе прафесіяналам, які любіць дзяцей і сваю справу. Гэта пацвярджае і шматгадовы вопыт работы Кацярыны Шахалевіч у летні час выхавальніцай у загарадным лагеры “Арляня”, што ў Жабінкаўскім раёне. Але там педагог наўмысна працуе толькі ў старшых атрадах, каб чаргаваць розныя віды дзей­насці.

Кацярына Аляксандраўна сыходзіць з прафесіі не толькі не збіраецца, але і плануе рэалізавацца ў сістэме адукацыі па максімуме. У тым, што гэта маладому педагогу па плячы, сумнявацца не даво­дзіцца, ведаючы яе настойлівы і мэтанакіраваны характар.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара