Маладосць, актыўнасць, гармонія

- 11:25Навіны рэгіёнаў

Маладзёжная тэлестудыя і бюро віртуальных экскурсій актыўна працуюць у Смаргонскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Усяго тут дзейнічаюць 232 аб’яднанні па інтарэсах, якія наведваюць 3130 дзяцей ва ўзросце ад 4 да 17 гадоў. Якія ўмовы для развіцця ствараюць выхаванцам, у тым ліку праз праектную дзейнасць, гутарым з намеснікам дырэктара цэнтра С.З.БАЛЫШ.

— Святлана Зянонаўна, сёння толькі традыцыйнымі кірункамі дзейнасці не захапіць. Чым вы зацікаўліваеце дзяцей і падлеткаў, што новага ім прапаноўваеце?

— У нас прадстаўлены і традыцыйныя кірункі — мастацкі, экалагічны, турысцка-краязнаўчы, тэхнічны, спартыўны. Яны таксама карыстаюцца папулярнасцю, правераны часам. З развіццём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у падлеткаў з’явіліся і іншыя інтарэсы і патрэбы. Таму шукаем новыя магчымасці і рэсурсы для ўсебаковага развіцця навучэнцаў. Адным з іх з’яўляецца распрацоўка праектаў для ўдзелу ў конкурсах міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Пачынаючы з 2007 года, фінансаванне атрымалі чатыры нашы праекты.

— Якія гэта былі праекты? Чым яны цікавыя?

— Першым удалым вопытам быў праект “Выбіраем здароўе”, які фінансаваўся прадстаўніцтвам Хрысціянскага дзіцячага фонду ў Беларусі па праграме “Рэалізацыя праектаў па развіцці прафілактычных праграм у галіне здаровага ладу жыцця”. Яго бюджэт склаў 4159 долараў ЗША. У рамках праекта пяць спецыялістаў на працягу дзевяці месяцаў праводзілі трэнінгавыя заняткі, а таксама масавыя выхаваўчыя мерапрыемствы для навучэнцаў. Была абсталявана трэнінгавая зала, набыта мэбля, камп’ютар, фліпчарт і іншае. У выніку рэалізацыі праекта 470 школьнікаў Смаргоні атрымалі асновы ведаў адносна праблем, звязаных з распаўсюджваннем ВІЧ/СНІД, нарка- і алкагольнай залежнасці, курэння.

Праект “Сям’я — шчаслівае сузор’е” атрымаў грант у памеры 3960 еўра. У рамках праекта праведзена 8 мерапрыемстваў для 28 замяшчальных сем’яў Смаргонскага раёна: паход выхаднога дня, творчыя майстэрні, дзень імянінніка і іншыя. Важкім вынікам стала стварэнне мадэлі работы па фарміраванні сямейных традыцый у замяшчальных сем’ях.

— Стварэнне лабараторыі відэаэкскурсій аказалася магчымым у выніку рэалізацыі яшчэ аднаго праекта і стала новай формай грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Што вы лічыце галоўным у рабоце над гэтым праектам?

— У конкурсе партнёрскіх ініцыятыў у рамках праекта Еўрапейскага саюза “Кластарны падыход і інфармацыйныя тэхналогіі для мясцовага кіравання і ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый” перамагла наша ініцыятыва “Бюро віртуальных экскурсій”, якая атрымала фінансаванне ў памеры 3976 еўра. Гэты праект быў рэалізаваны ў 2016 годзе.

Так, работа бюро стала новай формай грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Былі навучаны 15 падлеткаў, сярод якіх не толькі гарадскія школьнікі, але і навучэнцы Крэўскага ясляў-сада — сярэдняй школы, Жодзішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы. Былі створаны чатыры відэаэкскурсіі аб славутасцях Смаргонскага раёна. Дзеці навучыліся распрацоўваць турыстычныя маршруты, карты маршрутаў, набылі навыкі стварэння відэаэкскурсій. Адна з работ навучэнцаў заняла 1-е месца ў абласным конкурсе тэхнічнай творчасці “Таленты ХХІ стагоддзя”, што сведчыць аб якасці і эфектыўнасці праведзенай работы.

Гэта дазволіла нам выйсці на новы этап у сваім развіцці: з верасня 2016 года маладзёжная тэлестудыя і бюро віртуальных экскурсій з’яўляюцца ўдзельнікамі Рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўнай і культурнай спадчыны”, які будзе ажыццяўляцца да 2019 года. Удзел у ім з’яўляецца эфектыўным рэсурсам як для навучэнцаў, так і для асобаснага прафесійнага развіцця педагогаў дадатковай адукацыі. Да таго ж палепшылася матэрыяльная база: набыты ноўтбукі, фотакамеры, гуказапіснае абсталяванне.

— Маладзёжная тэлестудыя — гэта праект, дзякуючы якому ў Смаргоні з’явіліся юныя журналісты і быў створаны ўласны інфармацыйны прадукт, цікавы жыхарам горада.

— У красавіку 2016 года па выніках І конкурсу мясцовых ініцыятыў у рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” наша ініцыятыва “Маладзёжная тэлестудыя “МАГ: маладосць, актыўнасць, гармонія” стала адным з пераможцаў і атрымала фінансаванне ад Еўрапейскага саюза ў памеры 7614 еўра.

Для навучання юных журналістаў было набыта абсталяванне для тэлестудыі: відэакамера, камп’ютары, мікшарны пульт, асвятляльныя прыборы, мэбля і іншае. Навучэнцы пры падтрымцы прафесійных журналістаў, супрацоўнікаў мясцовага тэлебачання, а таксама спецыялістаў цэнтра творчасці атрымалі веды, неабходныя для стварэння тэлеперадач і відэафільмаў, даведаліся аб разнастайнасці выразных сродкаў работы акцёра, навучыліся працаваць у графічных рэдактарах Photoshop, Illustrator, InDesign, атрымалі навыкі стварэння эскізаў, малюнкаў, навучыліся падбіраць малюнак да музыкі, слоў і, наадварот, ад музыкі, слоў да выявы.

Па словах навучэнцаў, майстар-класы дапамаглі ім лепш зразумець асновы прафесіі тэлежурналіста, а майстар-класы па акцёрскім майстэрстве навучылі спосабам разняволення перад камерай. Дзеці адзначылі, што пасля майстар-класаў “Асновы працы сцэнарыста” ім стала значна прасцей распрацоўваць сцэнарый да тэлеперадачы. Створаныя відэаролікі дэманстраваліся ў прышкольных лагерах, школах горада, ліцэі, нашым цэнтры.

Тры тэлеперадачы, падрыхтаваныя маладзёжнай тэлестудыяй, выйшлі ў эфір смаргонскага тэлебачання “Окс-ТБ”: “Выпускны ў Смаргоні”, “Як школьнікі праводзяць лета”, “Маладзёжная мода”. Па водгуках спецыялістаў і жыхароў горада, перадачы атрымаліся цікавыя, актуальныя. Станоўчыя каментарыі да відэа далі і наведвальнікі групы “Падслухана Смаргонь” у сацыяльнай сетцы “УКантакце”.

Аб выніковасці праекта можна меркаваць па стабільнай рабоце маладзёжнай тэлестудыі: ужо другі год пасля рэалізацыі праекта гэтае аб’яднанне запатрабавана сярод старшакласнікаў Смаргоні. У скарбонцы юных журналістаў ёсць свае гісторыі поспеху. Па выніках Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер” у 2016 годзе тэлестудыя “МАГ” узнагароджана дыпломам за перамогу ў намінацыі “Лепшая рэжысура”. У якасці заахвочвання сем вучняў, членаў тэлестудыі, былі ўдзельнікамі журналісцкай змены ў НДЦ “Зубраня”.

— Святлана Зянонаўна, а што наперадзе? Якія перспектывы вы бачыце і што, улічваючы назапашаны вопыт, маглі б параіць сваім калегам, якія, можа, толькі задумваюцца над удзелам у праектах?

— У перспектыве — распрацоўка і рэалізацыя праграмы аб’яднання па інтарэсах “Маладзёжная тэлестудыя” на павышаным узроўні, зацверджаным Міністэрствам адукацыі. У далейшым у рамках тэлестудыі будзе працаваць некалькі аб’яднанняў па інтарэсах: “Школа вядучага”, “Камп’ютарны дызайн”, “Анімацыйныя фільмы”. Таксама плануем стварыць маладзёжную бізнес-кампанію, дзе навучэнцы змогуць самі зарабляць грошы, набываючы навыкі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Удзел у праектах дазволіў укараніць у адукацыйны працэс новыя напрамкі выхаваўчай работы, а таксама ўдасканаліць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. Для таго каб усё гэта здзейснілася, неабходна пастаянна павышаць свой прафесійны ўзровень. Напрыклад, да пачатку праекта “Выбіраем здароўе” на працягу года Хрысціянскі дзіцячы фонд праводзіў навучанне нашых педагогаў з выдачай ім сертыфікатаў трэнераў па прафілактыцы ВІЧ/СНІД, рызыкоўных сексуальных паводзін, шкодных звычак. Нашы спецыялісты ўдзельнічаюць у семінарах, форумах. Такім чынам, парады наступныя: ніколі не спыняцца на дасягнутым, пастаянна знаходзіцца ў пошуку, не адмаўляцца ад тых шансаў, якія прапануе жыццё, а самае галоўнае — у любым узросце ісці ў нагу з часам.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.