Лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў — разумныя, таленавітыя, ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя. Яны захапляюцца навукай і даследаваннямі, педагогікай і псіхалогіяй, вывучаюць філалогію, хімію, разнастайныя тэхналогіі. А яшчэ гэтыя маладыя людзі ведаюць дакладную цану поспеху. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Штогод лепшыя навучэнцы краіны становяцца ўладальнікамі прэмій спецыяльных фондаў Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі, якія існуюць ужо 27 гадоў. За гэты час іх лаўрэатамі і стыпендыятамі сталі тысячы таленавітых маладых людзей. Многія з іх ужо прафесійныя вучоныя і даследчыкі, артысты, музыканты і спартсмены. Некаторыя — славутыя людзі, іншыя ж яшчэ толькі пачынаюць рабіць першыя крокі да поспеху. Аднак усіх іх на працягу амаль трох дзясяткаў гадоў аб’ядноўвае адно — жаданне вучыцца, развівацца, пакараць новыя вяршыні і праслаўляць родную Беларусь.
Талент — нацыянальны здабытак, таму навуковы і творчы лёс кожнага маладога чалавека бярэцца пад апеку і кантроль міністэрствамі адукацыі і культуры.
Днямі савет спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў прызначыў чарговыя стыпендыі 152 студэнтам і курсантам устаноў вышэйшай адукацыі за асаблівыя поспехі ў вучобе, навукова-даследчай і творчай дзейнасці. Каб пазнаёміцца з усімі, спатрэбілася б некалькі газетных нумароў, прысвечаных выключна стыпендыятам. Зразумела, што мы такой магчымасці не маем, таму вырашылі: нашымі героямі будуць прадстаўнікі УВА розных рэгіёнаў, якія падзеляцца сваімі натхняльнымі гісторыямі перамог і планамі на будучыню.
Пошук неардынарных рашэнняў
Як сучасныя абітурыенты выбіраюць прафесію?.. Часам па падказцы бацькоў, родных, настаўнікаў або за кампанію з сябрамі ці арыентуючыся на моду ў прафесіях. Бывае і зусім выпадкова: адкрылі даведнік абітурыента, прачыталі анатацыю да спецыяльнасці і вырашылі: хачу атрымаць менавіта яе. А нехта ідзе па прафесійных слядах родных і вырашае працягнуць сямейную працоўную дынастыю. Так адбылося з нашым наступным героем — Аляксандрам Марозам, студэнтам 4 курса хіміка-тэхналагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій.
“Я хутка атрымаю размеркаванне на “Савушкін прадукт”, дзе змагу працаваць інжынерам-тэхнолагам. Дарэчы, я — чацвёрты ў сям’і Мароз, хто выбраў для сябе прафесію, звязаную з перапрацоўкай малака і малочных прадуктаў. Бо і мой тата, і мае старэйшыя браты звязаны з гэтай галіной, да таго ж усе яны — выпускнікі БДУТ. Мая спецыяльнасць — “Тэхналогіі перапрацоўкі жывёльнай сыравіны”, а спецыялізацыя — “Тэхналогія малака і малочнай прадукцыі”. Наш універсітэт адзіны, дзе вядзецца падрыхтоўка па дадзенай спецыяльнасці. Мне часта задаюць пытанне, чаму я выбраў яе. Школу скончыў з залатым медалём і балам 9,8. І пры паступленні мой агульны бал быў большым за 340, хоць прахадны склаў усяго толькі 250. Але я яшчэ ў 9 класе зразумеў, што менавіта гэтая спецыяльнасць мне блізкая і цікавая”, — расказаў студэнт.
І не памыліўся ў выбары. Бо за гады вучобы ён не толькі стаў стыпендыятам савета ўніверсітэта, тройчы стыпендыятам прэзідэнцкага фонду, але і ў мінулым годзе атрымаў грант Мінадукацыі на тэхналогію распрацоўкі кісламалочнага прадукту для дашкольнага і школьнага харчавання.
“Мы правялі даследаванні, спрабуючы стварыць тварожныя сыркі для дашкольнікаў і школьнікаў з павышанай біялагічнай каштоўнасцю дзякуючы ўзбагачэнню яго сыроватачнымі бялкамі і тым самым павысіць узровень незаменных амінакіслот у іх. Увогуле, у БДУТ ідуць насустрач маладым вучоным, адпраўляюць іх на практыку ў іншыя краіны”, — праінфармаваў А.Мароз.
Трэцякурснік Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Мікіта Бачароў таксама авалодвае рэдкай спецыяльнасцю “Распрацоўка і эксплуатацыя нафтавых і газавых радовішчаў”, якая ёсць толькі ў гэтай УВА.
“Я з дзяцінства захапляўся навукамі пра зямлю і прыкладнымі навукамі, таму выбар універсітэта быў для мяне відавочны. Для кожнага абітурыента этап здачы экзаменаў вельмі важны і хвалюючы. Я ведаў па выніках паступлення мінулых гадоў, што конкурс на маю спецыяльнасць вельмі сур’ёзны. Таму пасля 9 класа паступіў у Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй у фізіка-матэматычны клас, дзе пачаў руплівую падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання. Хочацца выказаць падзяку маім настаўніцам Наталлі Цімашэнка, Наталлі Ханені і Вікторыі Карэлавай. Дзякуючы іх карпатлівай працы і прафесіяналізму, мне ўдалося набраць дастаткова высокі бал на ЦТ, таму, падаючы дакументы, я быў упэўнены, што паступлю на бюджэт”, — падзяліўся ўспамінамі Мікіта.
Ён перакананы: прафесія нафтавіка — прэстыжная і высокааплатная, хоць і падыходзіць толькі тым, хто не баіцца адказнасці. Праца ў нафтавай сферы адкрывае добраму спецыялісту вялікія перспектывы і магчымасці. Інавацыйная работа, пошук складаных, часам неардынарных рашэнняў заўсёды прыцягваюць дапытлівыя розумы. Працуючы ў розных напрамках здабычы нафты і газу, даводзіцца сумяшчаць як работу ў офісе, так і дзейнасць “у полі” на свідравых і іншых аб’ектах вытворчасці.
“Я даволі рана пачаў пагружацца ў спецыфіку будучай прафесіі, займаючыся ў асноўным інавацыйнай дзейнасцю. Хацелася б працягнуць яе на пасадзе інжынерна-тэхнічнага работніка пасля заканчэння ўніверсітэта. Гэтым летам на сваёй першай вытворчай практыцы паспрабую сябе ў розных аддзелах “БелНДПІнафта”, каб вызначыцца, які напрамак выбраць для будучай работы. Адна з пераваг “нафтанкі” — гэта магчымасць работы ў розных кірунках, дзе нярэдка даводзіцца прымяняць веды з розных галін навукі і тэхнікі”, — падкрэсліў М.Бачароў.
Універсітэт — гэта не толькі адукацыйная, але і навуковая арганізацыя, якая займаецца распрацоўкай розных методык і тэхналогій, а таксама стварэннем разнастайных прылад і прадметаў прамысловага і гаспадарчага прызначэння. Для далучэння студэнтаў да навуковага жыцця ГДТУ арганізоўвае розныя семінары і канферэнцыі, дзе маладыя вучоныя спачатку выступаюць з аналітычнымі аглядамі і рэфератыўнымі дакладамі, а затым, выбраўшы пэўны навуковы напрамак, дакладваюць ужо аб больш сур’ёзных выніках сваіх даследаванняў.
“З 1 курса я займаюся навукова-даследчай работай для ВА “Беларуснафта” ў галіне павелічэння аддачы пластоў нафтавых радовішчаў, вывучэння механічных уласцівасцей горных парод і адаптацыі тэхналогіі “Лічбавы керн”, лічбавізацыі бурэння нафтавых свідравін. Быў удзельнікам выставы навукова-тэхнічных дасягненняў “Беларусь інтэлектуальная”, — пахваліўся юнак. У далейшым ён плануе нарошчваць тэмпы работы і атрымаць другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы (англійская)”, бо лічыць, што гэта дасць добрыя перспектывы па руху ўверх па кар’ернай лесвіцы.
БДПУ — эфектыўная пляцоўка
Анастасія Амяляшчык, студэнтка 3 курса факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка: “Я заўсёды атрымлівала задавальненне ад вучобы. Паступаючы ва ўніверсітэт, разумела: аб’ём вучэбнага матэрыялу значна павялічыцца, таму сур’ёзна падыходзіла да падрыхтоўкі да заняткаў. Адпаведна, і цяжкасцей у вучобе не ўзнікала”.
Дарэчы, і ганаровае званне стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Настасся атрымала не толькі за поспехі ў навукова-даследчай дзейнасці, але і за выдатную паспяховасць у вучобе.
“Такое званне патрабуе ад цябе адказнасці і стараннасці. Прыемна, што ў нас у краіне падтрымліваюць таленавітых студэнтаў і тым самым матывуюць іх для далейшай дзейнасці ў розных сферах”, — дадала яна.
З будучай прафесіяй дзяўчына вызначылася яшчэ ў дзяцінстве, захапляючыся сваёй першай настаўніцай Н.П.Шыманскай, педагогам Сігневіцкай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна.
“Наталля Пятроўна была для нас і настаўнікам, і другой мамай, і лепшым сябрам. Згадзіцеся, пасля бацькоў менавіта настаўнік, асабліва першы, становіцца самым галоўным чалавекам, які ўплывае на станаўленне маленькай асобы, і толькі ад яго залежыць, якім будзе новы чалавек”, — пераканана А.Амяляшчык. А каб падрыхтавацца да выбранай прафесіі, яна пайшла вучыцца ў педагагічны клас.
“У канцы 10-га я пачала разглядаць некалькі педагагічных універсітэтаў. Аднак пасля паездкі на дзень адкрытых дзвярэй у БДПУ вызначылася: хачу вучыцца менавіта тут. Ехала ў цягніку дадому і ўяўляла сябе студэнткай менавіта гэтага ўніверсітэта, я гатова была пайсці паступаць пасля 10 класа! Вярнуўшыся дадому, пачала больш сур’ёзна рыхтаваць сваё партфоліа, але і пра ЦТ не забывалася, якое таксама добра здала. Партфоліа гатова, школа скончана, рэкамендацыі на паступленне атрыманы, і ў першы ж дзень я падала дакументы і паспяхова прайшла субяседаванне. Атрымаўшы свой шчаслівы ліст аб залічэнні, была на сёмым небе ад шчасця”, — прыгадала студэнтка БДПУ.
Сёння яна не толькі выдатна вучыцца, але і актыўна ўдзельнічае ў навукова-даследчай дзейнасці, з’яўляецца старшынёй студэнцкага навуковага таварыства факультэта.
“Займаюся даследаваннем інфармацыйнай культуры малодшых школьнікаў пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук Алены Станіславаўны Васілеўскай. Да таго ж універсітэт дае магчымасць удзельнічаць у розных канферэнцыях як у нашай краіне, так і за яе межамі. Напрыклад, не так даўно я пабывала на Усерасійскай навукова-практычнай канферэнцыі “Пачатковая школа: праблемы і перспектывы, каштоўнасці і інавацыі” ў горадзе Іашкар-Ала. Навука неверагодна цікавая, а таму вельмі хочацца нават пасля заканчэння ўніверсітэта працягнуць займацца ёй”, — адзначыла Анастасія.
А яшчэ яна адказная за цьютарскі сектар студэнцкага савета факультэта пачатковай адукацыі: “Цьютар — сябар і настаўнік, ад якога залежыць, як першакурснікі адаптуюцца да ўсяго новага ў незнаёмай абстаноўцы, асвояцца ў студэнцкім жыцці. Наша каманда заўсёды гатова прыйсці на дапамогу кожнаму, падзяліцца вопытам, падказаць рашэнне праблемы”.
Марыя Каўцэвіч вучыцца на 3 курсе факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій па спецыяльнасці “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”. Гэты напрамак адзін з самых складаных у педагагічнай дзейнасці. Аднак, па-першае, Марыя не баіцца цяжкасцей, а па-другое, хоча дапамагаць дзецям, якія трапілі ў складанае становішча.
“З 6 класа я марыла стаць псіхолагам, як мая цётка, якая, дарэчы, таксама скончыла БДПУ. Выбрала факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, бо мяне цікавілі яшчэ і некаторыя напрамкі сацыяльнай педагогікі, напрыклад, дэвіянтныя паводзіны. І я вельмі хацела сумясціць у сваёй прафесійнай дзейнасці псіхалогію і педагогіку, таму і выбрала здвоеную спецыяльнасць і атрымаю дзве кваліфікацыі: “педагог-псіхолаг” і “сацыяльны педагог”, — паведаміла студэнтка.
Дарэчы, яна скончыла сталічную школу № 218 з балам 9,7 і паступіла на бюджэт без аніякіх ільгот. Сёння яна працягвае на выдатна вучыцца і ва ўніверсітэце.
“Мне лёгка даецца вучоба, бо мне гэта цікава. Да таго ж і практычная дзейнасць дапамагае: падпрацоўваю ў роднай школе псіхолагам. У планах прадоўжыць гэтую работу, хаця вельмі цікава было б паспрабаваць сябе і ў якасці сацыяльнага педагога ў рабоце з дзецьмі, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. Бо пераканана: ім асабліва патрэбны падтрымка, цеплыня і сяброўскае стаўленне”, — дадала дзяўчына.
Аднак пакуль гэта справа будучыні. Зараз М.Каўцэвіч старшыня факультэцкага савета маладых вучоных, праводзіць шматлікія канферэнцыі і навуковыя мерапрыемствы, запрашае студэнтаў малодшых курсаў у навуковую супольнасць.
“Кожны выкладчык БДПУ імкнецца зрабіць сучасную навуку цікавай, без якіх-небудзь рамак. Ведаеце, сёння існуе такая праблема: многія спецыялісты пасля заканчэння вучобы прыпыняюць сваё развіццё. Аднак вучні разіваюцца бесперапынна, і кожны наступны клас адрозніваецца ад папярэдняга. Навука ж дазваляе шукаць новае, вынаходзіць спосабы вырашэння праблем, ставіць мэты і задачы, дасягаць іх і быць заўсёды ў трэндзе”, — пераканана студэнтка.
Днямі Марыя атрымала дыплом фіналіста конкурсу “Студэнт года БДПУ” ў намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць” за работу па псіхалогіі пад кіраўніцтвам прафесара Аляксандра Паўлавіча Лабанава.
“Наша работа звязана з экзістэнцыяльным інтэлектам. Мы правялі даследаванне і высветлілі, для чаго нам трэба ведаць гэты інтэлект і як яго можна выкарыстоўваць у практычнай дзейнасці. Спадзяюся, што атрымаецца распрацаваць праграму па развіцці названага інтэлекту”, — падзялілася планамі малады вучоны.
Сапраўды, БДПУ — эфектыўная пляцоўка для раскрыцця даследчага патэнцыялу студэнцкай моладзі. Гэта пацвярджае і трэцякурсніца Надзея Гурская — старшыня студэнцкага навуковага таварыства філалагічнага факультэта, удзельніца навукова-даследчай лабараторыі “Літаратура: погляд маладых”, якая праводзіць даследаванні па беларускай літаратуры.
“Наш універсітэт налічвае 47 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, а таму абсалютна кожны студэнт можа паспрабаваць свае сілы ў любым напрамку навукі, а таксама паўдзельнічаць у такіх конкурсах, як “Лепшая студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя”, “Студэнт года БДПУ” ў намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць”, конкурсе стартапаў і г.д. Між іншым, і ў будучыні я хацела б развівацца як даследчык”, — сказала дзяўчына.
Праўда, рэалізаваць гэтае памкненне Надзея зможа толькі пасля 5-гадовай адпрацоўкі ў Пухавіцкім раёне, бо паступала па мэтавым накіраванні.
“Мне заўсёды падабалася вывучаць мовы, асабліва прываблівалі беларуская і англійская, а таксама родная літаратура. А ў БДПУ ёсць спецыяльнасць, якая якраз і спалучае гэтыя прадметы. Каб быць больш упэўненай у паступленні, вырашыла ўзяць мэтавае накіраванне, пасля здала ЦТ і ўнутраны экзамен па беларускай літаратуры. Я ні разу не пашкадавала, што выбрала гэты ўніверсітэт, бо тут пачаўся мой шлях як даследчыка пад кіраўніцтвам высакакласных прафесіяналаў. Адзін з іх — Наталля Віктараўна Заяц, якая заўсёды падтрымлівае і матывуе мяне на рэалізацыю маіх навуковых ідэй”, — паведаміла студэнтка.
Мяркую, у Надзеі ўсё атрымаецца, бо па жыцці яна крочыць з цудоўным дэвізам: “Шлях да поспеху не высланы толькі пялёсткамі руж, трэба прабірацца яшчэ і скрозь цярновыя кусты. Не прайшоўшы праз страхі, няўпэўненасць, гонар, немагчыма знайсці сябе, свой сапраўдны шлях і прызванне. Аднак вельмі важна на гэтым шляху застацца чалавекам, гэтага я жадаю ўсім маладым людзям нашай краіны, а яшчэ верыць у свае сілы і здольнасці, не баяцца дапускаць памылкі, быць мэтанакіраванымі і настойлівымі”.
Будучыня за тэхналогіямі
Ілья Чарнавокі, студэнт БрДТУ, пры выбары ўніверсітэта кіраваўся выключна яго месцазнаходжаннем: “Вучыцца ў сваім горадзе куды больш камфортней, чым у чужым. Хоць я ўпэўнены: у любым універсітэце краіны пры вялікім жаданні можна атрымаць добрыя веды і прафесію”.
Вучыцца юнак на спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі” на факультэце электронна-інфармацыйных сістэм.
“Даволі доўга думаў, з чым звязваць сваё жыццё. У школе быў схільны да дакладных навук, таму доўга вагаўся паміж эканамічнай і тэхнічнай спецыяльнасцямі, і ўсё ж такі перавагу аддаў тэхнічнай. За тэхналогіямі будучыня, і быць пагружаным у працэс развіцця вельмі важна. А калі яшчэ і разумець, як гэтыя тэхналогіі працуюць, дык ад жыцця дакладна не адстанеш”, — усміхаючыся, паведаміў Ілья.
У БрДТУ выкладчыкі асабліва падтрымліваюць ініцыятыўнасць студэнтаў, заўсёды гатовы дапамагчы і пракансультаваць кожнага па любой тэме.
“Вучоба ва ўніверсітэце мне вельмі падабаецца, бо пастаянна атрымліваеш новыя карысныя веды. Уваходзячы ў склад савета ўніверсітэта, факультэта, я заўсёды знаходжуся ў гушчы разнастайных падзей, стараюся прымаць актыўны ўдзел у цікавых мерапрыемствах і праектах нашай установы”, — дадаў І.Чарнавокі.
Сярод сёлетніх лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і тры студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай. Адзін з іх — студэнт 4 курса механіка-тэхналагічнага факультэта Мікіта Саветнікаў. Для яго гэтая стыпендыя — ацэнка ведаў і стараннасці ў вучэбнай, навукова-даследчай і грамадскай дзейнасці ўніверсітэта.
Выбіраючы ўніверсітэт, юнак адразу звярнуў увагу на спецыяльнасць “Хімічная тэхналогія прыродных энерганосьбітаў і вугляродных матэрыялаў”, па якой рыхтуюць толькі ў ПДУ.
“Паглыблена займацца хіміяй я пачаў у гімназіі № 2 Наваполацка, перамагаў на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах. Таму пытанне аб тым, з якім прадметам будзе звязана мая спецыяльнасць, адпала хутка. Дакладна вырашыў, што хачу паступаць у ПДУ пасля наведвання дня адкрытых дзвярэй. Мне захацелася паглыблена вывучаць галіну нафтагазаздабычы і перапрацоўкі ў паліўныя рэсурсы і нафтахімічную сыравіну. Пасля здачы двух ЦТ па рускай мове і матэматыцы (па хіміі ў мяне ўжо было 100 балаў за перамогу ў абласной алімпіядзе ў 11 класе), летам я адным з першых падаў дакументы ва ўніверсітэт роднага горада на бюджэтнае навучанне”, — прыгадаў Мікіта.
У час вучобы ва ўніверсітэце яму ўдалося праявіць сябе ў розных кірунках, у тым ліку і ў навуковым. Пачынаючы з 2 курса пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры тэхналогіі абсталявання і перапрацоўкі нафты і газу кандыдата тэхнічных навук Аляксандра Аляксандравіча Ермака ён займаўся рознымі даследаваннямі па такіх напрамках, як вытворчасць гідракрэкінгавых змазачных масел, выкарыстанне нафтавага коксу ў якасці адсарбенту, спосабы паляпшэння ўласцівасцей прысадак.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Мікіта атрымае кваліфікацыю “інжынер-хімік-тэхнолаг” і зможа працаваць на нафта- і газаздабываючых і нафтаперапрацоўчых заводах, напрыклад, ААТ “Нафтан” ці Мазырскі НПЗ, у галіне нафтахіміі і розных праектных арганізацыях, якія займаюцца праектаваннем нестандартнага абсталявання для хімічнай прамысловасці.
“Каб стаць сапраўдным спецыялістам у сваёй галіне, варта пачынаць шлях з аператара тэхналагічных установак. Толькі ў гэтым выпадку можна цалкам акунуцца ва ўнутраны свет перапрацоўкі нафты і газу, даведацца нюансы розных тэхналогій, убачыць на свае вочы апаратнае афармленне ўстановак і навучыцца іх абслугоўваць, пераняць каштоўны практычны вопыт”, — перакананы М.Саветнікаў.
У сваю чаргу без пяці мінут эканаміст Вольга Касевіч, студэнтка 4 курса фінансава-эканамічнага факультэта ПДУ, пры выбары прафесіі кіравалася яе ўніверсальнасцю.
“Я вучуся на спецыяльнасці “Фінансы і крэдыт”. Яна не абмяжоўвае мой прафесійны шлях, бо я змагу працаваць у падатковых інспекцыях, банках, страхавых кампаніях і іншых прадпрыемствах. Практычна ў любой галіне можна будзе знайсці прымяненне атрыманым навыкам”, — патлумачыла дзяўчына.
Па яе словах, з універсітэтам яна вызначылася даўно, хоць многія знаёмыя ўгаворвалі яе паступаць у сталічную УВА, бо набраныя балы па ЦТ адчынялі ёй многія дзверы. Але, паслухаўшы сяброў, якія ўжо былі студэнтамі полацкага ўніверсітэта, яна зразумела: гэта месца, дзе яна зможа паспрабаваць сябе ва ўсім.
“Ва ўніверсітэце прыгожыя карпусы, усе аўдыторыі аснашчаны сучасным абсталяваннем, выдатны выкладчыцкі склад, які пастаянна ўдасканальвае свае веды і прымяняе новыя методыкі ў адукацыйным працэсе. Усё гэта і вызначыла мой выбар”, — прызналася Вольга.
За 4 гады наша гераіня была намеснікам кіраўніка студэнцкай інфармацыйнай сэрвіснай службы, старшынёй студэнцкага навуковага савета факультэта, актыўнай удзельніцай клуба вядучых “Канферанс”, старалася не абыходзіць увагай ніводнае ўніверсітэцкае мерапрыемства.
“Мая любоў да навукі праявілася яшчэ на 1 курсе, і ў далейшым мне ўдалося папрацаваць з некалькімі навуковымі кіраўнікамі ў розных напрамках. Паверце, займацца навукай у ПДУ — адно задавальненне. Усе выкладчыкі адкрыты да новых прапаноў і ніколі не адмаўляюць у дапамозе. Ёсць магчымасць паўдзельнічаць у канферэнцыях і праектах не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Універсітэт аказвае падтрымку, у тым ліку матэрыяльную, для пашырэння поля дзейнасці студэнтаў”, — адзначыла В.Касевіч.
Зыходзячы са свайго вопыту, яна раіць усім студэнтам не сядзець на месцы: “Студэнцкія гады пралятаюць хутка, але памяць пра іх застанецца назаўжды. Таму зрабіце так, каб гэты перыяд жыцця стаў для вас самым яркім і цёплым успамінам. А яшчэ марце і стаўце мэты. Чалавек, які сапраўды імкнецца дасягнуць сваёй мэты, зробіць усё, і нават больш, каб мары ператварыліся ў рэальнасць”.
Вось такія яны, нашы сённяшнія героі, — лепшыя з лепшых, выдатнікі, актывісты, спартсмены, валанцёры, цьютары, навукоўцы-пачаткоўцы і проста неабыякавыя, цікаўныя, дапытлівыя і назіральныя. А яшчэ вельмі прыгожыя як знешне, так і ўнутрана, гэта і лагічна, бо яны нераўнадушныя да ўсяго: вучобы, універсітэцкіх падзей, будучай прафесіі, адкрыццяў, людзей, сваёй краіны… — карацей, неабыякавыя да жыцця. Можна быць спакойнымі за будучыню нашай краіны, бо яна ў руках такой неверагодна разумнай моладзі!
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва герояў