— Для таго каб вызначыць хуткасць растварэння лекавых прэпаратаў у страўніку, быў створаны штучны страўнікавы сок і пры належнай тэмпературы праводзіліся замеры, — упэўнена расказвае аб сваім даследаванні Мікалай Урыцкі. Хлопчык вучыцца ў 3 класе Нясвіжскай гімназіі, але ўжо зараз можа падтрымаць гутарку аб мікрабіялогіі і выказаць уласнае меркаванне наконт антыбіётыкаў, бактэрыяфагаў і лячэння некаторых інфекцый. А ўсё дзякуючы таму, што з дзіцячага сада ён захапіўся даследчай дзейнасцю і стварыў за гэты час ужо чатыры даследчыя работы. Сёлета Мікалай чацвёрты раз стаў удзельнікам конкурсу “Я — даследчык”, а разам з ім яшчэ паўтары сотні дапытлівых і цікаўных дзяцей.
Конкурс работ даследчага характару дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў “Я — даследчык” па традыцыі прайшоў у Мінскім абласным ІРА. Для дашкольнікаў папярэднія аналагічныя мерапрыемствы праводзіліся ў фармаце фестывалю, сёлета ўпершыню “Я — даследчык” стаў для іх конкурсам. У конкурсе таксама бралі ўдзел дзеці з Мінска, Брэста і Літвы.
— Конкурс праводзіцца сёмы раз і нязменна цікавы дзецям, бацькам, педагогам, — расказвае Марына Аляксееўна Краснова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце МАІРА. — Пры дапамозе конкурсу мы будуем сістэму работы па падрыхтоўцы дзетак да далейшай сур’ёзнай даследчай дзейнасці. Зразумела, навуковых адкрыццяў маленькія канкурсанты не зробяць, але гэта і не з’яўляецца нашай мэтай. Галоўная мэта конкурсу — прыцягваць дзяцей да даследчай дзейнасці, падтрымліваць іх прыродную цікавасць да навакольнага свету, вучыць шукаць інфармацыю. Таксама ў рамках конкурсу мы працуем з педагогамі і бацькамі, ладзім заняткі.Для конкурсу ўдзельнікі падрыхтавалі стэнды, якія адлюстроўвалі змест іх даследаванняў, і абаранялі свае работы. Члены журы пастараліся, каб гэта была дружалюбная і змястоўная гутарка, а не справаздача і апытанне. Дарэчы, ацэньвалі дзетак супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, БДПУ імя Максіма Танка, БДУ і МАІРА. Пазней канкурсанты маглі пазнаёміцца з работамі адно аднаго падчас кірмашу праектаў.
Дашкольнікі прадстаўлялі свае даследчыя работы ў чатырох намінацыях. Яны вывучалі якасці бульбы, магнітаў, камянёў, шукалі адказы на пытанні “Чаму зніклі дыназаўры?”, “Ці сапраўды малако карыснае?”, “Што адбываецца ў царстве мурашак?” і “Ці бяспечныя дзіцячыя цацкі?”. Пераможцам у намінацыі “Дзіця і прырода” стаў Уладзіслаў Пікун, выхаванец ясляў-сада № 12 “Бярозка” Жодзіна. Хлопчык вывучаў незвычайныя крыніцы энергіі і на практыцы даказаў, што садавіна і агародніна можа выкарыстоўвацца ў якасці батарэек. Пераможцай у намінацыі “Мая Радзіма — Беларусь” стала Аляксандра Нахай з ДЦРД “Расінка” Валожына. Саша параўнала сучасныя цацкі з тымі, у якія гулялі дзеці многа гадоў назад, а таксама разам з бабулямі стварыла некаторыя з іх. Незвычайнае ў звычайным убачылі і даследавалі канкурсанты — удзельнікі аднайменнай намінацыі. Напрыклад, Арцём Маскалевіч, выхаванец ясляў-сада № 4 Беразіна, які стаў пераможцам у намінацыі, даследаваў любімыя салодкія пачастункі сваіх сяброў, іх якасці і ўздзеянне на здароўе дзіцячых зубоў. Шукалі і знаходзілі цікавыя факты ўдзельнікі конкурсу ў намінацыі “Бюро знаходак”. Яе пераможца Андрэй Шышко, выхаванец Уздзенскага ДЦРД, звярнуў увагу на незвычайныя якасці дрэў. Ён стварыў разам з бацькамі і выхавальнікам кніжку-малышку “Колькі прафесій у дрэва?”. Чатыры конкурсныя намінацыі чакалі і малодшых школьнікаў. Навучэнцы праводзілі эксперыменты, анкетавалі сваіх сяброў і аднакласнікаў, праводзілі апытанні. Яны высвятлялі, чаму не тонуць жалезныя караблі, ці можа плесня захапіць школьны партфель, ці ёсць у дыназаўраў нашчадкі, ці існуюць маладзільныя яблыкі і многае іншае. Першае месца ў намінацыі “Прыродазнаўства (жывая прырода)” падзялілі паміж сабой Глеб Шахрай, навучэнец вілейскай гімназіі № 2, і Усевалад Шапляк, які вучыцца ў сярэдняй школе № 8 Жодзіна. Глеб даследаваў магчымасці выкарыстання каштанаў замест пральнага парашку, а Усевалад шукаў просты біятэхналагічны метад экалагічна чыстай абароны бульбы ад каларадскіх жукоў.
Два пераможцы былі і ў намінацыі “Прыродазнаўства (нежывая прырода)”: Цімафей Дзеніс, трэцякласнік Івянецкай сярэдняй школы Валожынскага раёна, які высвятляў, чаму знікла рака Кулыта, і Ігар Іваноў, навучэнец гімназіі Лагойска, які вывучаў і ствараў нябачнае чарніла. Мікіта Перапечка і Святлана Крупская сталі пераможцамі ў намінацыі “Гуманітарныя веды”. Мікіта, які вучыцца ў сярэдняй школе № 3 Салігорска, усебакова даследаваў дарожны абярэг — флікер. А Света, якая вучыцца ў гімназіі № 1 Слуцка, у тэорыі і на практыцы даказала, што фарбы можна не толькі купіць, але і зрабіць уласнымі рукамі. Дзяўчынка нават стварыла мультфільм пра тое, як і з чаго гэтыя фарбы можна зрабіць. Аматары дакладных навук паспаборнічалі ў намінацыі “Матэматыка, фізіка, тэхніка”. Роўных тут не было Антону Котаву і Валерыі Рыдак. Антон, вучань Каладзішчанскай сярэдняй школы Мінскага раёна, падчас работы над даследаваннем “Таямніцы пясочнага замка” растлумачыў на малекулярным узроўні механізм счэплівання пясчынак пры дабаўленні вады. Валерыя, якая вучыцца ў Нясвіжскай гімназіі, паспрабавала з даступных кожнаму матэрыялаў стварыць халадзільнік, які не патрабаваў бы электраэнергіі.
Было на мерапрыемстве месца не толькі для сур’ёзных спраў, але і для дзіцячых забаў. Канкурсанты сталі ўдзельнікамі гульні “Пазнай казачнага героя” і навуковага шоу, а таксама ператварыліся ў розных персанажаў з дапамогай аквагрыму. Памятныя медалі, якія атрымалі ўсе маленькія даследчыкі, сталі ўзнагародай за іх работу.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.