Юныя лідары сабраліся на беразе Нарачы, каб узяць удзел у Рэспубліканскім лідар-форуме “Маладзёжнае лідарства: сучасны погляд”. У НДЦ “Зубраня”, дзе прайшоў форум, хлопцаў і дзяўчат чакала мноства цікавых і карысных падзей і сустрэч.
Лідар-форум запрасіў 355 прадстаўнікоў усіх абласцей Рэспублікі Беларусь і Мінска. Гэта юнакі і дзяўчаты з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія дабіліся значных поспехаў у розных відах дзейнасці: вучобе, творчасці, спорце, сацыяльна значнай дзейнасці. Сярод іх выдатнікі, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, члены маладзёжных парламентаў, валанцёры. Цудоўнай пляцоўкай для сустрэчы стаў НДЦ “Зубраня”.
— Збіраць у “Зубраняці” лідараў — даўняя традыцыя. Бо наш цэнтр ствараўся як лагер для піянерскага актыву, а значыць, для лідараў піянерскага руху, — расказвае дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева. — Сёння каля 50 праграм рэалізуецца цэнтрам для лідараў розных кірункаў. На працягу года мы збіраем тут лідараў вучобы, экалагічнай, творчай дзейнасці і г.д. А рэспубліканскі форум — гэта кульмінацыйнае мерапрыемства для лідараў.
У розных рэгіёнах нашай краіны моладдзю рэалізуецца мноства цікавых, карысных, значных праектаў. Лідар-форум стаў пляцоўкай, дзе хлопцы і дзяўчаты могуць расказаць пра свае ініцыятывы, падзяліцца ідэямі з аднадумцамі, а таксама атрымаць новыя веды і навыкі, каб генерыраваць ідэі і рэалізоўваць іх.
Форум праходзіў на працягу 6 дзён. Старт яму быў дадзены ўрачыстай лінейкай-адкрыццём каля стэлы “Мінск — горад-герой”. Удзельнікі форуму хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі кветкі да стэлы. На цырымоніі юнакоў і дзяўчат віталі старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы член Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І.А.Марзалюк, намеснік начальніка ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Т.А.Сіманоўская.
У першы ж дзень работы форуму яго ўдзельнікаў чакаў шэраг цікавых сустрэч. Яны наведалі Міністэрства адукацыі і Міністэрства замежных спраў, пабывалі ў Мінскім абласным выканаўчым камітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, Цэнтральным камітэце ГА “БРСМ”. У кожным пункце наведвання іх чакалі спецыялісты, гатовыя расказаць аб рабоце свайго ведамства ці ўстановы з моладдзю. Напрыклад, у Міністэрстве адукацыі хлопцы і дзяўчаты пазнаёміліся з работай міністэрства, пабывалі ў кабінеце міністра, сустрэліся з намеснікам начальніка ўпраўлення па справах моладзі Т.А.Сіманоўскай, якая расказала аб рэалізацыі маладзёжнай дзяржаўнай палітыкі ў краіне.
Кожны дзень лідар-форуму быў прысвечаны пэўнай тэматыцы і напоўнены адпаведнымі мерапрыемствамі. У дзень, што насіў назву “Памяці герояў будзем вартыя”, маладыя людзі бралі ўдзел у квесце “Дарогамі мужнасці” і грамадзянска-патрыятычнай акцыі “Жывая памяць пакаленняў” па добраўпарадкаванні памятных месцаў Мядзельшчыны. Дзень грамадскіх арганізацый “Заўтра пачынаецца сёння” падарыў ім майстар-класы, трэнінгі, сустрэчы з лепшымі прадстаўнікамі БРСМ, БРПА, Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, а таксама дыскусію “Маладзёжны парламент. Якім яму быць?”. Сацыяльна значным ініцыятывам быў прысвечаны дзень “Дзейнічаем у імя будучыні”.
Надзвычай насычаным быў тэматычны дзень “Маладзёжнай ініцыятыве — так!”, удзел у мерапрыемствах якога ўзяў міністр адукацыі І.В.Карпенка. Для ўдзельнікаў і гасцей лідар-форуму разгарнуўся кірмаш праектаў “Моладзь у “Зубраняці” ЗА!”. Інтэрактыўныя пляцоўкі кірмашу знаёмілі з асаблівасцямі арганізацыі ў “Зубраняці” дзейнасці па захаванні нацыянальных традыцый і памяці аб Вялікай Перамозе, развіцці творчых здольнасцей і фарміраванні актыўнай жыццёвай пазіцыі, папулярызацыі здаровага ладу жыцця і актывізацыі міжнароднага ўзаемадзеяння. Таксама ў гэты дзень маладых людзей і дарослых парадавала мастацка-спартыўнае свята “Нам, маладым, адкрыты ўсе шляхі!”.
Галоўным мерапрыемствам дня стаў адкрыты дыялог “Маладзёжнае лідарства: крокі насустрач будучыні”, у рамках якога юныя лідары мелі магчымасць пагутарыць з міністрам адукацыі.
Звяртаючыся да хлопцаў і дзяўчат, Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў важнасць мерапрыемства і значнасць развіцця лідарскіх якасцей у моладзі:
— Вы цяпер у пачатку свайго жыццёвага шляху, у пошуку свайго прызначэння. Выдатна, што вы выбіраеце шлях лідарства. У сучасным свеце не абысціся без надзейных прафесійных ведаў, шырокага кругагляду, а таксама пэўных асобасных якасцей. Якасці гэтыя немагчыма набыць, толькі седзячы за партай. Гэтыя навыкі набываюцца ў сацыяльна значнай дзейнасці. І калі б не было ў нас вучнёўскага самакіравання, грамадскіх аб’яднанняў, то іх абавязкова трэба было б прыдумаць, каб вы маглі развіваць свае асабістыя якасці, набываць камунікатыўныя навыкі.
Ігар Васільевіч Карпенка заклікаў моладзь быць актыўнымі ў дыялогу, задаваць пытанні і выказваць свае прапановы. Юныя лідары абмеркавалі з міністрам шырокае кола тэм. Шмат пытанняў было прысвечана адукацыі: маладыя людзі цікавіліся, ці будзе мяняцца працэс здачы ЦТ і выпускных экзаменаў у школе, змест школьнай вучэбнай праграмы, што новага з’явіцца ў арганізацыі ўступнай кампаніі, наступнага навучальнага года, ці будуць укараняцца ў адукацыйны працэс сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, якія меры прымаюцца для павышэння цікавасці да прадметаў, якія вывучаюцца ў школе. Цікавіліся хлопцы і дзяўчаты і перспектывамі, якія існуюць для моладзі ў нашай краіне: узнімаліся пытанні рэалізацыі праграмы па падтрымцы моладзі, стварэння рэспубліканскага маладзёжнага парламента, правільнага прафесійнага выбару, дзейнасці студэнцкіх атрадаў.
Ігар Васільевіч Карпенка даў разгорнутыя адказы на шматлікія пытанні і выслухаў прапановы хлопцаў і дзяўчат. Міністр падкрэсліў, што лічыць такія зносіны важнымі для наступнага прыняцця правільных кіраўніцкіх рашэнняў.
— Выдатна, калі адбываюцца такія адкрытыя зносіны, якія дазваляюць нам выбудоўваць сувязь пакаленняў і падтрымліваць гэтую сувязь для гарманічнага развіцця грамадства, краіны. Любая падобная сустрэча — урок не толькі для вас, але і для мяне. Бо кожнае ваша пытанне дапамагае лепш зразумець запыты, чаканні, патрэбы моладзі, — заўважыў І.В.Карпенка.
Маладзёжнае лідарства і яго падтрымка — гэта рэальныя крокі насустрач будучыні. Сёння гэтыя маладыя людзі — лідары сваіх навучальных устаноў, органаў самакіравання, творчых калектываў. А заўтра яны стануць лідарамі нашай краіны. І тыя добрыя ініцыятывы, ідэі, якія сёння зарадзіліся ў іх, у хуткім часе стануць рэальнымі справамі, здзейсненымі на карысць грамадства.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.