Штогод у сярэдняй школе № 2 Камянца праводзяцца вясеннія конкурсы “Міс Вяснянка”, “Міс Вясна” і “Лэдзі”, накіраваныя на развіццё творчых здольнасцей дзяўчат.
Сёлета ў конкурснай праграме “Міс Вяснянка” ўдзельнічалі вучаніцы 5—6 класаў, якія зачароўвалі гледачоў талентамі ў выпрабаваннях “Візітоўка”, “Хвіліна славы”, “Інтэлектуальны конкурс” і “Вясенняя фантазія”. Дзяўчаты расказвалі пра свае захапленні, спявалі, ігралі на музычных інструментах, паказвалі адзенне, вырабленае з паперы, поліэтылену і вецця, адказвалі на пытанні, звязаныя з вясенняй тэматыкай. Удзельніц актыўна падтрымлівалі аднакласнікі.
Перад журы стаяла нялёгкая задача. Кожная канкурсантка была ўшанавана тытулам і невялікім памятным сувенірам. “Міс Элегантнасць” стала Ксенія Кіслячук, “Міс Артыстычнасць” і “Міс глядацкіх сімпатый” — Маргарыта Лысановіч, “Міс Чароўнасць” — Марыя Краснапольская, “Міс Талент” — Вераніка Лукашэвіч, “Віцэ-міс Вяснянка” — Хрысціна Яўташук. А перамагла ў конкурсе Настасся Басак.
Не менш цікавымі атрымаліся конкурсныя праграмы “Міс Вясна” для вучаніц 7—8 класаў і “Лэдзі” для вучаніц 9—10 класаў. На працягу двух конкурсных дзён у школе панавала святочная і загадкавая атмасфера. Дзяўчаты пераўвасобіліся ў сапраўдных прынцэс, пакарыўшы гледачоў абаяльнасцю і шчырасцю. Конкурсы складаліся з выпрабаванняў “Візітоўка”, “Інтэлектуальны конкурс”, “Зорны канцэрт”, “Модныя тэндэнцыі”, “Кулінарны эрудыт” і “Правілы этыкету”.
Па выніках конкурсу “Міс Вясна” тытул “Міс Арыгінальнасць” атрымала Вольга Нічыпарук, “Міс Чароўнасць” — Алеся Рыб, “Міс Артыстычнасць” і “Міс глядацкіх сімпатый” — Ульяна Грыневіч, “Віцэ-міс Вясна” — Наталля Кузьміна. Пераможцай спаборніцтва стала Вікторыя Касьянюк.
Па выніках конкурсу “Лэдзі” тытул “Міс Талент” заслужыла Паліна Чопчыц, “Міс Чароўнасць” — Ганна Кунашка, “Міс Элегантнасць” — Валерыя Паўлючык, “Віцэ-лэдзі” — Кацярына Козел. А вось самай лепшай аказалася Марыя Рудзік, якая ў дадатак атрымала тытул “Міс глядацкіх сімпатый”.
— Ці патрэбны такія конкурсы дзецям? У кожным з іх прысутнічаюць дух саперніцтва, хваляванне ўдзельнікаў і балельшчыкаў, спрэчкі наконт ацэнак журы. Некаторыя дзяўчаты ўдзельнічаюць у конкурсах не адзін раз. І гэта зразумела: кожнай з іх хочацца на пэўны час адчуць сябе ў ролі прынцэсы і злавіць захопленыя позіркі гледачоў. Гэтыя конкурсы — добрая магчымасць для самарэалізацыі і развіцця творчых здольнасцей вучняў, а таксама для згуртавання класнага калектыву падчас падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў. Спаборніцтвы ператвараюцца ў свята юнацтва, дзявочай прыгажосці і абаяльнасці, дазваляючы ўдзельніцам раскрыць свае таленты, адчуць упэўненасць у сабе, набыць пэўны вопыт паводзін на сцэне. Адна з дзяўчат неяк сказала: “Нягледзячы ні на што, я іду наперад. Пазнаю сябе і свет. Я веру ў свае сілы”, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Камянца В.А.Шурко.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.