Вывучаць сваю малую радзіму выхаванцы Жанны Уладзіміраўны пачынаюць з дзіцячага садка. Гродна становіцца для іх адкрытай кнігай, па вуліцах-старонках якой яны падарожнічаюць, з цікавасцю пазнаючы моманты гісторыі і культуры, архітэктурныя помнікі, а таксама дасягненні нашага часу.
Выхавальнік вышэйшай катэгорыі ясляў-сада № 39 Гродна Ж.У.Вілісава, якая аддала педагагічнай працы больш за чвэрць стагоддзя, лічыць, што дзяцей трэба пастаянна здзіўляць, прапаноўваць новыя віды дзейнасці, якія будуць ім цікавыя і дапамогуць развівацца. Так у арсенале педагагічных ідэй з’явіўся геакэшынг. Слова гэтае змяшчае два паняцці: зямля і тайнік, такая своеасаблівая турыстычная гульня. Жанна Уладзіміраўна адаптавала яе да ўзросту сваіх выхаванцаў. І калі дарослыя могуць падарожнічаць і шукаць тайнік з прымяненнем, напрыклад, спадарожнікавых навігацыйных сістэм, то юныя ўдзельнікі выкарыстоўваюць самаробныя карты з малюнкамі, фотаздымкамі, аплікацыямі, па якіх яны разам з выхавальнікам падарожнічаюць па вуліцах горада і адшукваюць месца, дзе будзе схаваны нейкі падарунак (кніга, настольная гульня). А ў ролі хавальніка падарунка выступае памочнік выхавальніка.
— Дзеці ва ўзросце пяці-шасці гадоў, канечне, мала ведаюць пра гісторыю, архітэктуру горада, але калі ім аб гэтым цікава расказаць, што абавязкова трэба рабіць, то зусім іншымі вачыма пачынаюць яны глядзець на свой родны горад, ганарыцца ім, — расказвае Жанна Уладзіміраўна. — Я са сваімі выхаванцамі не толькі падарожнічаю па горадзе, мы бываем на выставах, у музеях. Дзецям гэта вельмі падабаецца. Яны з задавальненнем удзельнічаюць у падрыхтоўцы да геакэшынгу. Пасля кожнага падарожжа-экскурсіі дзеляцца ўражаннямі — малююць месцы, дзе пабывалі, робяць аплікацыі. Мне таксама трэба рыхтавацца, шукаю матэрыял у літаратуры і часопісах, інтэрнэце.
Зараз Жанна Уладзіміраўна працуе з дзецьмі чатырох-пяці гадоў. Каб падрыхтавацца да вялікага геакэшынгу, яны займаюцца малым — падарожнічаюць па групе ці гульнявых пляцоўках садка.
Дзецям цікава па фотаздымку з элементам будынка ці нейкага месца адшукаць цэлы дом, пры гэтым папярэдне выхавальнік расказвае ім аб гістарычных падзеях, звязаных з месцам пошуку, выдатных людзях, аб тым, што сёння знаходзіцца ў будынку ці на нейкай вуліцы. Бываюць яны і ў новых мікрараёнах горада, дзе таксама можна знайсці шмат цікавага. З’явіўся ў горадзе новы музей праса — арганізоўваюць паход туды. У музеі “Гарадніцы” — велікодная выстава: чаму ж не паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе святочных падарункаў-падзелак? Але першую экскурсію ў навучальным годзе Жанна Уладзіміраўна заўсёды праводзіць да Кургана Славы і Вечнага агню. Свой вопыт педагог прадставіла ў мінулым годзе на пятым раённым адкрытым фестывалі педагагічных ідэй “Ступені майстэрства”. Тэмай выступлення стала “Фарміраванне патрыятычных пачуццяў дашкольнікаў у працэсе далучэння да гісторыі і культуры роднага горада”.
Далучыла да гэтай справы Ж.У.Вілісава і бацькоў сваіх выхаванцаў. У выхадныя дні яны разам з дзецьмі таксама пачалі падарожнічаць па Гродне. А ў адзін з вечароў бацькоў запрасілі на вечарыну, дэвізам якой сталі словы “Горад, у якім я жыву”. Пачалі яго дзеці — прадставілі міні-спектакль “Мы будуем горад Гродна”, — а потым у дзеянне ўключыліся бацькі. Падзяліўшыся на каманды, адказвалі на пытанні віктарыны, спявалі песні аб Гродне і нават танцавалі. А пытанні Жанна Уладзіміраўна падрыхтавала для дарослых удзельнікаў няпростыя. І калі некаторыя адказы гучалі вельмі хутка, то на іншыя пытанні шукалі адказы з дапамогай гледачоў. Напрыклад, якая самая кароткая вуліца ў Гродне ці як пісьменнік А.П.Чэхаў звязаны з горадам?
Бацька выхаванкі дзіцячага сада Караліны Яўген Ёрш быў адным з самых актыўных удзельнікаў свята і вельмі задаволены тым, што ў садку праводзяцца такія мерапрыемствы з удзелам дзяцей і бацькоў. Не шкадаваў часу і Андрэй Занкавец, прыходзіў на рэпетыцыі, і песня ў выкананні выхавальнікаў садка пад яго акампанемент на гітары выклікала бурныя апладысменты гледачоў.
Загадчык ясляў-сада № 39 Вера Марцулевіч расказвае, што патрыятычнаму выхаванню дзяцей заўсёды ўдзяляюць вялікую ўвагу і арганізоўваюць работу так, каб юныя грамадзяне праз любоў да малой радзімы, роднага горада пераходзілі да разумення таго, што Беларусь з’яўляецца нашым агульным вялікім домам, які трэба шанаваць, любіць і ганарыцца ім. І такая работа будзе эфектыўнай толькі тады, калі весці яе разам з бацькамі выхаванцаў.
— Аднойчы мы запрасілі бацькоў на адкрытыя мерапрыемствы па тэме “Мая Радзіма — Беларусь”, — гаворыць намеснік загадчыка ясляў-сада па асноўнай дзейнасці Святлана Канопліч. — Потым яны расказвалі, што найбольшае ўражанне на іх аказала тое, як дзеці спявалі гімн краіны.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.