Маляванне мыльнымі бурбалкамі і соллю, стварэнне карцін з гароху і фасолі — пра творчае лета юных жыхароў Бярозы

- 17:06Новости

Кожны дзень лета ў юных жыхароў Бярозы напоўнены творчасцю, спортам і заняткамі для розуму ў мясцовым Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Летні гра­фік заняткаў вы­ве­шваецца на сайце нашага цэнтра і аддзела па адукацыі. У цэнтр можа прыйсці любы жадаючы і заняцца справай па душы, — знаёміць з работай установы дадатковай адукацыі яе дырэктар Ірына Мінеева. — Дзеці могуць займацца валяннем з воўны, маляваць, спяваць, вязаць, гуляць у шашкі і шахматы. Іх чакаюць педагогі ўзорных студый “Светлячок” і “Натхненне”.

Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Хэнд-мэйд” Маргарыта Курневіч займаецца з аматарамі творчасці маляваннем і валяннем з воўны. На працягу навучальнага года тры дзясяткі школьнікаў 9—15 гадоў асвойваюць два метады валяння: сухое і мокрае.

— Займаючыся маляваннем, мы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі асвойваем нетрадыцыйныя тэхнікі. Напрыклад, малюем мыльнымі бурбалкамі ці соллю, — удакладняе Маргарыта Аляксандраўна. — Выдзімаючы праз трубачкі з мыльна-гуашавых складаў рознакаляровую пену, якая мудрагеліста кладзецца на ліст паперы, дзеці з задавальненнем малююць мыльнымі бурбалкамі. А таксама з цікавасцю глядзяць на тыя незвычайныя формы, якія атрымліваюцца, калі пасыпаеш акварэль соллю.

Кіраўнік гуртка “Папяровыя фантазіі” летам усіх жадаючых запрасіла на майстар-класы, дзе вучыць рабіць з паперы і кардону розных звяроў і іншыя прыгожыя вырабы. Педагог дадатковай адукацыі Наталля Логіс вучыць сваіх выхаванцаў не толькі вязаць, але і ствараць сапраўдныя мастацкія кампазіцыі з вязаных лялек, звяроў і казачных персанажаў. А яшчэ педагог ужо 7 гадоў займаецца творчасцю з асаблівымі дзеткамі і ўпэўнена, что індывідуальныя заняткі з імі больш выніковыя, чым групавыя. Ствараючы аплікацыі з круп, гароху, фасолі, а таксама выкладваючы карціны з алмазнай мазаікі, яе падапечныя развіваюць дробную маторыку рук і натхняюцца прыгажосцю.

— 11-гадовая Паліна Бегеза займаецца ў мяне ўжо тры гады, — расказвае Наталля Юр’еўна пра адну са сваіх вучаніц з сіндромам РАС. — У 8 гадоў дзяўчынка пачала спрабаваць розныя тэхнікі і паступова знайшла тое, што ёй асабліва падабаецца. Пачыналі мы выкладваць карціны з круп, гароху, фасолі. Паступова заданні ўскладняліся. Зараз яна здольна ствараць складаныя работы з алмазнай мазаікі. У мінулым годзе мы ўжо правялі яе персанальную выставу.

Яшчэ адзін куток цэнт­ра, куды дзеці рознага ўзросту з ахвотай цягнуцца і летам, і зімой, — аб’яднанне па інтарэсах “Юны натураліст”. Тут аматары прыроды не толькі вучацца самастойна даглядаць маленькіх прадстаўнікоў фаўны, якія насяляюць клеткі і акварыумы, а таксама даведваюцца шмат цікавага пра іх жыццё і звычкі. А маленькіх гадаванцаў тут нямала: хамякі, марскія свінкі, тры чарапахі, дзве вавёркі, рыбкі, голуб, трус.

Больш за 20 гадоў любоў да прыроды ў дзецях выхоўвае Аляксей Лугаўцоў. Некаторых з тутэйшых насельнікаў ён выратаваў ад дакладнай гібелі. Напрыклад, голуб Дзяніс 7 гадоў назад стаў ахвярай ДТЗ і выжыў у лабавым сутыкненні. Педагог яго выхадзіў і вылечыў.

— Зараз у нас не ўсе жывёлы размяшчаюцца на месцы, бо многія адправіліся на летнія канікулы ў кватэры і дамы выхаванцаў па просьбе іх бацькоў. Не ўсе з іх могуць завесці хатніх жывёл, але шмат хто хоча ўзяць гадаванцаў на пэўны час. Дзеці часта просяць мам і татаў завесці звярка, але як даходзіць справа глядзець за ім, клопаты часта перакладаюцца на плечы дарослых. А так ёсць магчымасць праверыць, ці гатовы дзеці да дадатковай адказнасці ўзяць на сябе клопат аб жывой істоце, — тлумачыць Аляксей Сяргеевіч.

Дарэчы, з новага навучальнага года аматараў творчасці чакае незвычайны напрамак — тэатральны гурток з юрыдычным ухілам. Акцёрскае майстэрства, пастаноўку голасу і маўлення, пластыку цела юныя тэатралы будуць вывучаць і прымяняць у пастаноўках на актуальныя тэмы.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва цэнтра