Маляваць хімічныя задачы вучыць Вольга Каральчук з Хойнікаў

- 11:10Знак качества, Образование

Настаўніца хіміі сярэдняй школы № 3 Хойнікаў Вольга Каральчук з’яўляецца раённым трэнерам па рабоце з высокаматываванымі дзецьмі, рыхтуе пераможцаў алімпіяд. Асабліва добра ў педагога атрымліваецца адпрацоўваць з вучнямі тое, што звычайна выклікае ў іх цяжкасці, — практычную частку, рашэнне задач. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Вучню важна не проста валодаць вусным матэрыялам, але і прымяняць яго на практыцы, перш за ўсё ў працэсе рашэння задач. Менавіта праз рашэнне задач розных тыпаў і ўзроўняў складанасці можа быць эфектыўна засвоены курс хіміі, — лічыць Вольга Рыгораўна. — Я прааналізавала праблемы, з якімі сутыкаюцца старшакласнікі пры рашэнні хімічных задач. Вывучыла літаратуру і зразумела, што праблема заключаецца ў тым, што дзеці імкнуцца рашаць усе задачы па шаблоне. Яны часта не ўсведамляюць сваіх дзеянняў, не разумеюць сэнсу задач і ходу іх рашэння, не ўмеюць правільна аналізаваць умову задачы і вызначаць яе сутнасць. І ў выніку вучні не могуць самастойна выпрацаваць падыход, вызначыць паслядоўнасць дзеянняў, правільна скласці ўраўненні хімічных рэакцый, зрабіць матэматычныя разлікі і пазначыць фізічныя велічыні.

Вольга Каральчук распрацавала дыдактычны матэрыял (карткі, шпаргалкі, схемы, тэматычныя заданні для праверкі ведаў “ад простага да складанага”, часцей за ўсё для самастойнай праверкі), каб дапамагчы вучням самастойна пераадолець пэўныя праблемныя сітуацыі пры рашэнні задач. Педагог вучыць лагічна разважаць, планаваць ход дзеянняў, рабіць кароткія запісы, выконваць разлікі, абапіраючыся на тэарэтычныя веды, адрозніваць праблемы ў цэлым і любую вялікую праб­лему разбіваць на дробныя, вырашаць іх па чарзе.

— У вучняў 10 класа спачатку важна праверыць веды, якія яны атрымалі ў папярэднія гады (з 7 па 9 клас), — гаво­рыць Вольга Рыгораўна. — Пераканаўшыся, што дзеці валодаюць асноўнымі паняццямі і разліковымі формуламі, пачынаю ўво­дзіць паняцці і формулы на газавыя законы і выхад прадукту рэакцыі. Гэты матэрыял важны пры рашэнні задач па арганічнай хіміі. Для фарміравання ў вучняў уменняў і навыкаў рашэння задач па названых тэмах выкарыстоўваю спецыяльна падабраны дыдактычны матэрыял.

У пачатку вывучэння раздзела “Вуглевадароды” вучні сутыкаюцца з задачамі, пры рашэнні якіх трэба не толькі ведаць разліковыя формулы, але і прымяняць лагічнае мысленне, разважанні. Таму ў іх узнікаюць сумненні ў правільнасці іх дзеянняў. Для пераадолення праблемы прапаную рашаць такія задачы ў групах, знаходзіць калектыўнае рашэнне, дзе кожны можа прапанаваць свой варыянт. Калі ў вучняў не атрымліваецца звязаць некаторыя даныя, прапаную намаляваць задачу. Такім чынам, пры шматразовым рашэнні такіх задач дзеці пачынаюць разглядаць розныя варыянты рашэння. І ўжо пры пераходзе ў 11 клас умеюць самастойна разважаць, маляваць задачу, знаходзіць ход рашэння, што, напрыклад, спрыяе лепшаму рашэнню задач на тэму “Растворы”.

Разгледзім задачу. Знайдзіце массу Р2О5, пры растварэнні якой у вадзе аб’ёмам 100 см3 утворыцца раствор з w(Н3РО4) = 35%.

Рашэнне

На гэтым этапе роля педагога заключаецца ў кантролі і нязначнай карэкціроўцы пры рашэнні задач.

— Немагчыма наладзіць добрае ўзаемадзеянне з дзецьмі, калі пастаянна ўключаць ім відэа хімічнага доследу ці відэаўрокі па тэмах. Вучні могуць і дома іх паглядзець, — гаворыць педагог. — Гатовымі відэаматэрыяламі можна скарыстацца на ўроку, калі рэакцыя, якую неабходна паказаць, доўгая альбо адсутнічаюць пэўныя рэактывы. У нашай школе кабінет хіміі нядаўна быў укамплектаваны сучасным хімабсталяваннем, усе неабходныя рэактывы ў нас ёсць, набыты мультыборд. Нашы вучні і прабіркі ўмеюць у руках трымаць, і спіртоўку не баяцца запаліць. Доследы ўсе вельмі любяць, асабліва калі ў іх схавана інтрыга. Напрыклад, чака­юць моманту, калі адбудзецца воплеск падчас рэакцыі ці калі пачнецца “вывяржэнне вулкана”. 

Часам дзеці могуць моцна здзівіць. Здараецца, ад вучня ніхто не чакаў асаблівых поспехаў па прадмеце, а ён звяртаецца да настаўніка па дапамогу, пачынае ўзмоцнена займацца і ў выніку выйграе ў алімпія­дзе ці выбірае спецыяль­насць, дзе патрэбна хімія, і паступае ва ўніверсітэт.

Штогод практычна ўсе выпускнікі профільнага хіміка-біялагічнага класа ся­рэдняй школы № 3 Хойнікаў паступаюць у медуніверсітэты краіны. Тут пастаянна ёсць пераможцы раённых і абласных алімпіяд па хіміі. У 2022/2023 навучальным годзе на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды дыплом ІІ ступені быў ва Ула­дзіслава Зайца (9 клас), а ў 2023/2024 годзе ў яго зноў на вобласці дыплом ІІІ ступені (10 клас). Гэтымі днямі ў школе чакаюць вынікаў абласной алімпіяды для вучняў 4—9 класаў. Некаторым вучням выпадае магчымасць прайсці навучанне ў дзіцячым тэхнапарку. З году ў год павялічваецца колькасць выпуснікоў установы, якія здаюць ЦТ (РТ) па хіміі на 60 балаў і больш, што з’яўляецца адным з паказчыкаў лепшага засваення вучэбнага матэрыялу, у тым ліку рашэння хімічных задач.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара