“Малышовая школа”

- 12:25Дашкольная адукацыя, Рознае

На базе ясляў-сада № 79 Гродна на працягу апошніх трох гадоў арганізавана работа адаптацыйнай групы кароткачасовага знаходжання (на платнай аснове) для дзяцей другога года жыцця, якія не наведваюць установу дашкольнай адукацыі, “Малышовая школа”, дзе малышы і іх мамы могуць бліжэй пазнаёміцца са сваімі будучымі выхавальнікамі.

Многія маладыя сем’і, якія выхоўваюць дзяцей ранняга ўзросту, не ўмеюць або не могуць правільна падрыхтаваць малыша да наведвання ўстановы дашкольнай адукацыі. Дзіця гатова да наведвання дзіцячага калектыву, калі сям’ёй пройдзены ўсе этапы станаўлення псіхалагічнай аўтаномнасці: “Мы гуляем толькі разам”, “Я гуляю сам, але ты будзь побач са мной”, “Ідзі, я крыху пагуляю адзін”, “Мне добра тут, я гатовы адпусціць цябе”.

Наша “Малышовая школа” спрыяе падрыхтоўцы бацькоў і малых да наведвання дзіцячага сада за некалькі месяцаў да гэтай падзеі. Бацькі, прыходзячы ў дашкольную ўстанову са сваім малышом, маюць магчымасць пазнаёміць дзіця з яго будучымі педагогамі.

У “Малышовай школе” педагогі праводзяць сумесныя заняткі з бацькамі і малышамі, а таксама ствараюць умовы для самастойнай дзейнасці дзяцей. Напрыклад, малышы сустракаюцца з сонейкам, малююць яго на манне, спяваюць пра яго песеньку, водзяць карагод, канструююць сонейка і г.д. Вельмі цікава малышам, калі яны ператвараюцца ў маленькіх куранят, надзяваюць какошнікі і абыгрываюць пацешку “Курачка-рабушачка”, а потым гуляюць у “Знайдзі куранят”. Яны хаваюцца за маму, а педагог іх шукае, прыгаворваючы: “Я па зале хаджу. Куранятак я не знаходжу. Ну куды ж мне ісці, дзе куранят маіх знайсці?” Калі куранят знайшлі, яны спяваюць песеньку-гульню “Курачка з куранятамі”, і надыходзіць час вяртацца дадому, падлазячы, прапаўзаючы пад дугамі і нацягнутай вяроўкай. Дома куранят трэба пакарміць, таму ўсе лепяць зярняты з салёнага цеста. А потым дзецям прапаноўваецца паглядзець спектакль “Курачка Раба” пра тое, як весела дапамагаць дзядулю з бабуляй біць яйка. Тут усе малышы гатовы дапамагчы. Вось і ўсё, час куранятам вяртацца на луг, малышы разам з мамамі выкладваюць куранят на лужок да мамы курыцы.

Пакуль малышы атрымліваюць асалоду ад зносін з педагогамі і гульняў з цацкамі, якія ім спадабаліся, іх мам кансультуе педагог-псіхолаг, а настаўнік-дэфектолаг расказвае аб праблемах маўленчага развіцця.

У нашай “Малышовай школе” вопытныя спецыялісты дапамагаюць не толькі малышам адаптавацца да дашкольнай установы, але і мамам навучыцца правільна паводзіць сябе з дзецьмі ў гэты няпросты перыяд, знаходзіць выхады з цяжкіх сітуацый.

У перыяд адаптацыі да дзіцячага сада “Малышовая школа” раіць:

1. Малыш павінен быць цалкам здаровым, таму што ў адаптацыйны перыяд усе сілы арганізма напружаны і накіраваны на прывыканне да новага, не трэба траціць іх яшчэ і на барацьбу з хваробай.

2. Мець навыкі самаабслугоўвання. Малыш павінен умець самастойна есці, апранацца і распранацца ў пэўнай паслядоўнасці, выконваць “гаршковы” этыкет. Калі дзіця гэта ўсё ўмее, яно не траціць сілы на тое, каб тэрмінова гэтаму вучыцца, а карыстаецца навыкамі, які ўжо склаліся.

3. Падтрымліваць рэжым, набліжаны да рэжыму дашкольнай установы: 7:30 — пад’ём, ранішні туалет; 8:10 — снеданне, 9:00 — заняткі, 10:00 — прагулка, 12:00 — абед, 12:30—15:00 — сон, 15:40 — падвячорак. Каб лёгка ўстаць раніцай, пажадана легчы ў 21:00.

4. Наблізіць рацыён харчавання малыша да рацыёну дашкольнай установы. Гатуйце малышу кашы, тварожныя запяканкі, амлет, катлеты (мясныя, курыныя і рыбныя), тушаную агародніну і, канечне, супы. Калі малыш будзе прывучаны да такой ежы, ён хутчэй пачне есці ў садзе.

Наталля БАЙРАШЭЎСКАЯ,
загадчык ясляў-сада № 79 Гродна.