Мара стала прызваннем

- 16:40Навіны рэгіёнаў

Яркае сонейка асвятляе невялікі вучэбны кабінет сярэдняй школы № 21 Магілёва. Зімовая раніца неверагодна прыгожая. Пераліваецца серабром снежнае покрыва. Яно так і вабіць на вуліцу, каб акунуцца ў зімовыя забавы. Пейзаж за акном зачароўвае, але ніхто з вучняў на яго не адцягваецца. Трыццаць пар маленькіх вачэй уважліва глядзяць на свайго настаўніка. Ды і як інакш? Урок такі займальны! У настаўніцы пачатковых класаў Вікторыі Марозавай усе заняткі такія. Вікторыя Юр’еўна пераканана: урок заўсёды павінен быць цікавым. Для дзяцей гэта лепшая матывацыя на вучобу.

У педагогіку Вікторыя Марозава прыйшла свядома. Прафесія настаўніка заўсёды была ёй цікавая і вельмі хацелася працаваць з дзецьмі.

— Можа, гэта банальна, але я з ранняга ўзросту дакладна разумела, што маё прызванне — быць побач з дзецьмі, быць настаўнікам. Усе свае школьныя гады я насіла ў сабе гэтую думку. А калі атрымала атэстат, не здрадзіла сваёй мары, — паведаміла Вікторыя Юр’еўна.

Прафесію педагога Вікторыя Марозава асвойвала ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. Са студэнцтвам у яе звязаны самыя цёплыя ўспаміны.

— Я вучылася старанна. Вучоба давалася лёгка, бо ў нас былі выдатныя выкладчыкі. Асабліва падабалася праходжанне практыкі, бо можна было хаця б на кароткі тэрмін акунуцца ў атмасферу школьнага жыцця, — успамінае Вікторыя Юр’еўна.

Запаветны дыплом Вікторыя Марозава атрымлівала з радасцю. З энтузіязмам адпраўлялася і на першае працоўнае месца — у сваю родную школу.

— У нашай установе цудоўны педагагічны калектыў. Я плаўна і камфортна ўлілася ў шэрагі настаўнікаў пачатковых класаў. Мяне прынялі з цеплынёй і разуменнем. Для чалавека, які толькі прыйшоў у школу, такая ўсебаковая практычная падтрымка вельмі важная, бо спрыяе прафесійнаму станаўленню, — упэўнена Вікторыя Марозава.

У 21 школе яна працуе другі год. Увесь гэты час быў для яе насычаны падзеямі, эмоцыямі і ўражаннямі. Яна і цяпер з цеплынёй успамінае свае першыя ўрокі, тое хваляванне і няўпэўненасць.

— Я аддавала працы ўсе сілы і ўсю сябе. Гэта быў вельмі важны год, мой першы год. Усё, што я тады адчувала, беражліва захоўваю ў памяці як нейкую каштоўнасць. Зараз, у другі год працы, стала больш упэўненай у сабе, але маё стаўленне да працы не змянілася. Я зразумела, як гэта — быць настаўнікам на практыцы, а не толькі ў марах, — расказала Вікторыя Марозава.

Нягледзячы на тое, што педагагічны стаж у Вікторыі Юр’еўны зусім невялікі, яна ўжо пабудавала сваю стратэгію паспяховага навучання.

— Гэта педагог з вялікім сэрцам. Яна любіць настаўніцкую працу і сваіх выхаванцаў. Пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку. Як вынік, нягледзячы на маладосць, яна ўмее арганізаваць адукацыйны працэс так, каб ён быў цікавы дзецям, — так гаворыць аб Вікторыі Марозавай дырэктар школы Галіна Аляксееўна Віктарава.

У яе словах няма перабольшання. Маладая настаўніца сапраўды імкнецца захапіць вучобай кожнага навучэнца. Яна пераканана, што эфектыўным можа быць толькі той урок, пасля якога ў вучняў гараць вочы і яны з нецярпеннем чакаюць наступных заняткаў.

— Урок не павінен быць сумным і манатонным, бо гэта час адкрыццяў і новых ведаў, — лічыць педагог.

Пры пабудове заняткаў Вікторыя Юр’еўна абапіраецца на наглядна-вобразнае мысленне навучэнцаў. Яна часта выкарыстоўвае гульнявыя тэхналогіі, тэхналогію дзейнас­нага падыходу, тэхналогію супрацоўніцтва і рэфлексіі, інфармацыйна-камп’ютарныя і здароўезберагальныя тэхналогіі, тэхнікі і прыёмы актыўнай ацэнкі.

— Даказала сваю эфектыўнасць прымяненне даследчага навучання, практыка-арыентаваных заданняў. Выкарыстанне ілюстрацый, тэматычных відэаролікаў, канкрэтных прадметаў дазваляе дзецям лепш зразумець тэму ўрока. Напрыклад, зусім нядаўна мае вучні зрабілі для сябе невялікае адкрыццё, пасля таго як кожны з іх прарасціў звычайную фасолю. Навучэнцы на канкрэтным прыкла­дзе ўпэўніліся, што пры наяўнасці цяпла і вільгаці з насення фасолі з’яўляецца маленькі парастак. Вось так можна займальна вывучаць параграф па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет”. На мой погляд, такія “нянудныя ўрокі” вельмі прадукцыйныя і карысныя для дзяцей, — кажа Вікторыя Юр’еўна.

На думку маладога педагога, не менш значны фактар паспяховага навучання — спрыяльная атмасфера ў класе.

— Клас — гэта своеасаблівая сям’я. У класным калектыве дзіцяці павінна быць камфортна. Учарашні малыш павiнен усведамляць, што тут ён заўсёды будзе прыняты, што тут яго заўсёды выслухаюць і зразуме­юць, што аднакласнікі заўсёды яго падтрымаюць, — адзначыла Вікторыя Марозава.

Паводле яе слоў, яшчэ больш важныя ўзаемаадносіны настаўніка і вучняў. Асабіста для яе ў аснове гэтых узаемаадносін — любоў. Шчырая і бескарыслівая.

— З дзецьмі нельга быць няшчырым, бо іх немагчыма падмануць. Мае вучні адчува­юць, што я іх люблю і з цеплынёй стаўлюся да кожнага. Я не саромеюся лішні раз ска­заць дзецям, што я імі ганаруся. Рэакцыя вучняў на такія словы неацэнная. Іх бяззубыя ўсмешкі і шчаслівыя вочы — гэта дарагога варта, — расказала Вікторыя Юр’еўна.

Настаўніца пераканана, што кожны вучань — асоба, індывідуальнасць. Таму да кожнага дзіцячага сэрца яна шукае свой ключык.

— А інакш немагчыма наладзіць кантакт з дзіцем. Вось сядзіць трыццаць хлопчыкаў і дзяўчынак, іх маленькія сэрцайкі па-рознаму стукаюць, яны па-рознаму глядзяць на мяне карымі, блакітнымі, зялёнымі вачыма. Яны зусім не падобныя адзін да аднаго. Але мая задача — адкрыць кожнае сэрца, знай­сці да яго свой шлях. Стараюся быць з дзецьмі “на адной хвалі”, разумець іх з паўслова. А для гэтага зноў жа неабходна любіць сваіх навучэнцаў, прымаць іх такімі, якія яны ёсць, — патлумачыла Вікторыя Юр’еўна.

Каб быць у пастаянным кантакце з дзецьмі, Вікторыя Марозава часта сустракаецца са сваім класам у пазаўрочны час. Яны разам наведваюць тэатр, ходзяць на экскурсіі, праводзяць мерапрыемствы, фарміруюць свае класныя традыцыі.

— Перад Новым годам ужо традыцыйна мы сумесна ўпрыгожваем ёлку ў класе. Пасля заўсёды ладзім невялікае чаяванне. Дзеці задаволеныя, усміхаюцца, а для мяне іх усмешкі і добры настрой — лепшая ацэнка нашых сумесных спраў, — адзначыла настаўніца.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Вікторыя Юр’еўна асаблівую ўвагу ўдзяляе развіццю здольных вучняў. Для такіх навучэнцаў у яе заўсёды прыгатаваны дадатковыя заданні, якія дапамагаюць падтрымліваць іх цікавасць да вучобы. Магчымасць праявіць сябе дзеці могуць і падчас удзелу ў розных конкурсах і алімпіядах.

Вікторыя Марозава і сама заўсёды гатова паўдзельнічаць у конкурсах, асабліва тых, дзе можна павысіць сваё прафесійнае майстэрства.

— Прафесійнае развіццё для мяне ў прыярытэце. Хочацца быць лепшай, каб даваць усё самае лепшае сваім вучням, — кажа Вікторыя Юр’еўна.

За набыццём новых прафесійных ведаў яна ішла на фестываль “Прызванне — педагог” для пачынаючых настаўнікаў рэгіёна. У выніку ўдзел у ім даў ёй значна больш. Вікторыя Марозава стала ўладальніцай сімвала конкурсу “Залатое пяро”.

— Перамога была нечаканай. Але больш важна тое, што ўдзел у фестывалі даў мне магчымасць адчуць камандны дух нашага педагагічнага калектыву, які дапамог у маёй падрыхтоўцы. А яшчэ я чарговы раз пераканалася, што знаходжуся на правільным шляху, што педагог — гэта сапраўды маё прызванне, — падкрэсліла Вікторыя Юр’еўна.

У планах маладой настаўніцы — працягваць прафесiйнае ўдасканаленне. Вікторыя Юр’еўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо яна займаецца любімай справай, тым, да чаго ў яе ляжыць душа.

— Я кожную раніцу з радасцю іду ў школу. Там мяне заўсёды чакаюць трыццаць маленькіх дзіцячых сэрцайкаў. Вучні неймаверна натхняюць, а іх нават невялікія дасягненні пераконваюць у значнасці маёй працы, — адзначыла маладая настаўніца.

На здымках: Вікторыя Юр’еўна імкнецца быць “на адной хвалі” з вучнямі і шукае свой ключык да кожнага дзіцячага сэрцайка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва В.Ю.Марозавай.