Марафон беражлівасці

- 14:25Навіны рэгіёнаў

Самы энергазберагальны марафон выйшаў на фінішную прамую абласнога этапу — адбылася вочная абарона лепшых работ, прадстаўленых для ўдзелу ў Х Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон-2016”.

З 260 работ, што паступілі для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу, для вочнай абароны былі адабраны 6 навучэнскіх праектаў і 7 творчых выступленняў каманд. Юныя навукоўцы сёлета прадставілі незвычайныя ідэі па эфектыўным выкарыстанні энергарэсурсаў у побыце і школе ў конкурснай намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні”. Напрыклад, навучэнцы Людвіноўскай сярэдняй школы Вілейскага раёна прапаноўваюць зберагаць энергію з дапамогай мадэрнізацыі аконных рам, а вучні Негарэльскай сярэдняй школы Дзяржынскага раёна для гэтай мэты заклікаюць пэўным чынам фарбаваць батарэі. Многа сіл прыклалі канкурсанты для пошукаў альтэрнатыўных крыніц энергіі — навучэнцы Слуцкага дзяржаўнага каледжа навучыліся ствараць біяпаліва трэцяга пакалення з мікраводарасцей, а вучні гімназіі Клецка ў якасці сыравіны прапаноўваюць выкарыстоўваць баршчэўнік Сасноўскага. Пераможцай у гэтай намінацыі стала Яна Дубоўская, навучэнка сярэдняй школы № 1 Салігорска, з праектам “Перапрацоўка адходаў дрэваапрацоўкі метадам піролізу драўніны як перспектыўная энергазберагальная тэхналогія”.

Аб правілах энергазберажэння з дапамогай танцаў, спеваў і тэатралізаваных нумароў нагадалі агітбрыгады. Казачныя героі, госці з будучага і гістарычныя персанажы з’явіліся на сцэне, каб прапагандаваць эфектыўнае выкарыстанне энергарэсурсаў. Яркія касцюмы, прадуманы рэквізіт, нечаканыя павароты сюжэтаў — журы няпроста было выбраць лепшых. Пераможцай у намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” стала агітбрыгада Барысаўскага дзяржаўнага каледжа.

Па выніках абласнога этапу конкурсу “Энергамарафон-2016” лепшыя творчыя работы і праекты навучэнцаў у хуткім часе прадставяць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.