Марафон беражлівасці

- 12:24Навіны рэгіёнаў

Веды па энергазберажэнні, без перабольшання, можна назваць жыццёва важнымі. Для нас пытанне энергетычнай бяспекі і незалежнасці сёння вельмі актуальнае. Верагодна, для нашых дзяцей яно будзе яшчэ больш вострым. Таму важна, каб яны з маленства з названай праблемай знаёміліся. З гэтай мэтай у нашай краіне праводзіцца “Энергамарафон”.

Па традыцыі стартаваў “Энергамарафон” ва ўстановах адукацыі, дзе прайшлі тэматычныя выставы, конкурсы, канферэнцыі. У раённым этапе конкурсу прыняло ўдзел больш за 550 устаноў адукацыі. На наступным, абласным, этапе было прадстаўлена 252 работы навучэнцаў і педагогаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з усіх 23 рэгіёнаў Міншчыны. Найбольш актыўнымі былі калектывы ўстаноў адукацыі Маладзечанскага, Уздзенскага, Мінскага і Салігорскага раёна. У дзвюх намінацыях пераможцы былі вызначаны завочна. У намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” пераможцаў было чатыры. Уладзіслаў Штрыфанаў, навучэнец сярэдняй школы № 2 Салігорска, зняў лепшы відэаролік, Вікторыя Гаршунова, вучаніца сярэдняй школы № 1 Фаніпаля, стварыла лепшую лістоўку, Аксана Слонімская з Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа ўразіла журы сваім плакатам, а найцікавейшы малюнак атрымаўся ў Кацярыны Трафімовіч, выхаванкі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Залаты ключык” Слуцка. Дарэчы, юнай мастачцы Кацярыне ўсяго 5 гадоў.
У намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” пераможцай стала Алена Іосіфаўна Ждановіч, намеснік дырэктара Кухчыцкага дзіцячага сада— сярэдняй школы Клецкага раёна, якая прадставіла багаты і змястоўны вопыт работы.
Удзельнікі яшчэ дзвюх намінацый пасля завочнага адбору змагаліся за лідарства падчас вочнай абароны. Так, пяцёра дзяцей асабіста прадстаўлялі журы свае работы ў намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні”. Найбольш цікавай суддзі палічылі работу Аляксандры Кахавец, навучэнкі гімназіі № 1 Жодзіна.
Гарачыя спаборніцтвы за першае месца разгарнуліся ў намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”. Пераможцамі сталі два калектывы — агітбрыгада “Асаблівае прызначэнне” Барысаўскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій і агітбрыгада “Энергачалавек” Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.
Пераможцы прадоўжаць удзел у “Энергамарафоне” на рэспубліканскім этапе конкурсу. Акрамя таго, па традыцыі работы — прызёры абласнога этапу — папоўняць экспазіцыі музея “Эвалюцыя энергазберажэння”, які размяшчаецца ў Мар’інагорскай гімназіі Пухавіцкага раёна. Тут сабраны лепшыя даследчыя работы конкурсу “Энергамарафон” за 9 гадоў. Многія з гэтых праектаў ужо знайшлі сваё ўвасабленне на практыцы.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.