Педагогі Міншчыны дружна адправіліся на марафон. На старт выйшлі настаўнікі, выхавальнікі, кіраўнікі, метадысты, бібліятэкары. Праўда, для ўдзелу ў мерапрыемстве ім не давялося праводзіць гадзіны трэніровак на стадыёне і апранацца ў спартыўнае адзенне, бо гэта марафон педагагічны, прысвечаны тэме “Развіццё педагагічнай культуры: традыцыі і інавацыі”.
Педагагічны марафон кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі прайшоў у Мінскай вобласці шосты раз. Штогод у кастрычніку ўсе раёны ўключаюцца ў гэтае маштабнае метадычнае мерапрыемства, прысвечанае кожны год розным, але абавязкова актуальным тэмам. Сёлета тэма вызначалася з улікам задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі краіны і кірункамі работы ў Год культуры. Педмарафон праводзіцца з мэтай удасканалення педагагічнага і метадычнага майстэрства спецыялістаў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці, павышэння прафесійнай кампетэнтнасці, стварэння ўмоў для прафесійнай самарэалізацыі. Яшчэ адна важная задача мерапрыемства — прэзентацыя найбольш эфектыўнага вопыту работы педагагічных калектываў і метадычных службаў раёнаў. Зразумела, з такімі ж мэтамі праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў, але педмарафон адрозніваецца ад іх маштабам: як лёгкаатлетычны марафон — гэта забег на доўгай дыстанцыі, так і педмарафон — гэта Тыдзень мерапрыемстваў.
У дапамогу педагогам супрацоўнікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі падрыхтавалі метадычныя рэкамендацыі для арганізацыі і правядзення марафону. У кожным раёне пастараліся арганізаваць цікавыя змястоўныя мерапрыемствы, разнастайныя па тэматыцы і форме. Шмат цікавых мерапрыемстваў адбылося на базе абласных рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій (АРЦІТ). Гэта пашырыла межы марафону і дало магчымасць педагогам не замыкацца ў рамках свайго рэгіёна, а наведаць ці запрасіць да сябе калег.
Кожны дзень педагагічнага марафону быў прысвечаны рабоце пэўнай катэгорыі педагогаў. Старт у панядзелак даў Дзень настаўніка-прадметніка, а таксама Дзень школьнага бібліятэкара. Разнастайныя падзеі адбываліся ў гэты дзень у Маладзечне. У гімназіі-каледжы мастацтваў работа была арганізавана ў форме метадычнай скарбонкі, у Радашковіцкай сярэдняй школе Маладзечанскага раёна прайшла нефармальная канферэнцыя — баркэмп, а завяршыўся Дзень настаўніка-прадметніка тэматычным мерапрыемствам “Сяброўка-восень” у гімназіі № 3. Тым часам бібліятэкараў запрасілі на майстар-клас “Бібліятэкар XXI стагоддзя: прафесія-стэрэатып ці прафесія-інавацыя”.
Наступнымі да марафону далучыліся педагагічныя работнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі і маладыя педагогі. Маладыя педагогі — прадстаўнікі Слуцкага, Салігорскага, Любанскага раёнаў сабраліся на базе АРЦІТ “Пошук”, што размяшчаецца ў гімназіі № 1 Любані. Удзельнікі наведалі адкрытыя ўрокі, кожны з якіх вялі 2 педагогі: вопытныя настаўнікі гімназіі і маладыя спецыялісты Любанскага раёна. Таксама іх чакала метадычнае навучанне па тэме “Сучасны ўрок. Што мы пра яго ведаем?” і адаптацыйны трэнінг “Я — паспяховы педагог”. Ключавым мерапрыемствам дня стала прыняцце Дэкларацыі правоў маладога спецыяліста.
Трэці дзень марафону быў надзвычай насычаны, бо гэта быў Дзень работніка дадатковай адукацыі, класнага кіраўніка, куратара вучэбнай групы, майстра вытворчага навучання, работніка сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў. У Слуцку, напрыклад, мерапрыемствы для педагогаў дадатковай адукацыі ладзіліся ў ЦДТ і гарадскім парку культуры і адпачынку. У парку педагогі прайшлі квест “Азбука арыентавання”, а ў цэнтры творчасці іх чакалі заняткі з элементамі трэнінгу “Мастацтва кіравання сваім часам”, дзе ўдзельнікам былі прапанаваны методыкі вывучэння жыццёвага балансу і раскрыты тэарэтычныя асновы тайм-менеджменту. Адкрыты дыялог адбыўся на інтэрактыўных занятках “Нефармальныя метады работы з моладдзю”, дзе педагогі пазнаёміліся з вопытам калег па выкарыстанні такіх нестандартных форм работы з навучэнцамі, як фотасушка, форум-тэатр, дыялогавае кафэ, жывая скульптура, жывая бібліятэка і інш.
Дзень работніка метадычнай службы і работніка спецыяльнай адукацыі быў чацвёртым пунктам марафонскай дыстанцыі. Так, напрыклад, кіраўнікам метадычных фарміраванняў Дзяржынскага раёна, што сабраліся ў гімназіі № 1 Дзяржынска, было прапанавана інтэрактыўнае педагагічнае ўзаемадзеянне “Педагагічная культура і ўмовы для прафесійнага росту педагога”. Удзельнікі ўсведамлялі неабходнасць павышэння прафесійна-педагагічнай культуры, выконваючы практыкаванне “Я — прафесіянал” і заданні дзелавой гульні “Аўкцыён каштоўнасцей”, “Падарунак”. Падчас свабодных прафесійных зносін педагогі фармулявалі ўмовы і выпрацоўвалі шляхі прафесійнага росту.
Апошнімі на марафонскую дыстанцыю выйшлі кіраўнікі ўстаноў адукацыі. У АРЦІТ “Бярэзіна”, які аб’ядноўвае педагагічную грамадскасць Бярэзінскага, Барысаўскага, Крупскага і Лагойскага раёнаў вобласці, прайшоў семінар-практыкум для кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Робататэхніка і адукацыйныя магчымасці канструктара ЛЕГА”. Кіраўнікі дашкольных устаноў Барысаўскага раёна сталі ўдзельнікамі ток-шоу “Давайце разбяромся” і абмеркавалі пытанні арганізацыі работы органаў самакіравання ў садах і ДЦРД. Для кіраўнікоў устаноў адукацыі Капыльшчыны быў праведзены вэбінар, дзе ў рэжыме анлайн інавацыйным вопытам арганізацыі работы вучнёўскай бізнес-кампаніі ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння дзялілася Жанна Іосіфаўна Хацкевіч, кіраўнік школьнай бізнес-кампаніі “Гаспадар” Жыцькаўскай сярэдняй школы Барысаўскага раёна.
Традыцыйныя восеньскія педагагічныя старты завершаны. На “дыстанцыю” сёлета выйшлі больш за 13 тысяч педагогаў Міншчыны, якія сталі ўдзельнікамі каля 400 метадычных і вучэбных мерапрыемстваў. І кожны, хто пажадаў далучыцца да гэтага руху, аўтаматычна стаў пераможцам і атрымаў у якасці прыза новыя ідэі, веды і натхненне.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.