Марафон ідэй і творчасці

- 16:30Апошнія запісы, Навіны рэгіёнаў, Рознае

Правядзенне педагагічнага марафону стала добрай традыцыяй у Мінскай вобласці. Штогод у кастрычніку на працягу тыдня ўсе раёны Міншчыны ўключаюцца ў гэтае маштабнае метадычнае мерапрыемства. Сёлета педмарафон праводзіцца чацвёрты раз, і, як і ў папярэднія гады, педагогі з задавальненнем далучаліся да гэтага руху, бо аснову марафону заўсёды складаюць актуальныя праблемы і тэмы, якія хвалююць педагагічную грамадскасць. Тэмай педмарафону ў 2014 годзе стала “Развіццё і самаразвіццё маладога педагога”.

Не сакрэт, што маладыя спецыялісты на пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці нярэдка сустракаюцца з некаторымі праблемамі і пытаннямі, для вырашэння якіх проста не хапае вопыту. Але ёсць педагогі, якія ўжо маюць багаты вопыт і гатовы ім падзяліцца. Педмарафон прапанаваў вялікую пляцоўку, на якой маладыя педагогі змаглі сустрэцца з больш сталымі ў рамках розных мерапрыемстваў. Галоўная мэта марафону — павышэнне педагагічнага і метадычнага майстэрства кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, якія працуюць на пасадзе не больш за 5 гадоў, стварэнне ўмоў для прафесійнай самарэалізацыі. Асаблівасцю работы ў гэтым годзе стала пашырэнне геаграфіі марафону: на мерапрыемствы запрашаліся спецыялісты не толькі ўстаноў адукацыі раёна, які мерапрыемства арганізаваў, але і калегі з найбліжэйшых рэгіёнаў.

Адкрыў педагагічны марафон Дзень настаўніка-прадметніка. Старт атрымаўся дынамічным і вельмі насычаным. Напрыклад, ва ўздзенскай сярэдняй школе № 1 імя А.С.Пушкіна адбыўся семінар-практыкум “Урок як самая галоўная форма адукацыі навучэнцаў”. Былі арганізаваны адкрытыя ўрокі, майстар-клас, псіхалагічны трэнінг, выстаўка педагагічнага вопыту, экскурсія ў школьны музей. Маладых педагогаў уразіла атмасфера свабоды і творчасці на ўроку, што праводзіла настаўніца фізікі вышэйшай катэгорыі Таццяна Нісцюк. Абагульненне ведаў па тэме “Механічны рух” адбывалася ў форме гульні. Яркім момантам на ўроку стаў паказ відэаролікаў навучэнцаў з запісам дамашняга эксперымента па разліку хуткасці дамашніх жывёл — ката, сабакі, чарапахі. Педагогі, якія прысутнічалі на занятках, прызналіся, што абавязкова будуць выкарыстоўваць элементы гэтага ўрока ў сваёй практыцы. На майстар-класе “Выкарыстанне камп’ютарных праграм для кантролю ведаў навучэнцаў”, які праводзіла Вольга Лычкоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнікі працавалі за камп’ютарамі і вучыліся ствараць і рэдагаваць тэсты з дапамогай праграм “Краб 2” і MyTest, ацэньваць выкананае заданне. Падчас экскурсіі ў школьны музей “Пушкін і Беларусь” кіраўнік музея Марыя Шаруенава прадэманстравала, як работа ў музеі можа стаць карыснай для настаўніка-прадметніка.
А ў Любанскім раёне звярнулі ўвагу настаўнікаў-прадметнікаў на тэхнічныя навінкі. Тэматыка першага дня педмарафону — “Сучаснаму настаўніку — сучасныя педагагічныя і інфармацыйныя тэхналогіі”. Пра тое, што такія тэхналогіі паспяхова могуць быць выкарыстанымі ўжо ў пачатковай школе, расказала на прыкладзе сваёй установы адукацыі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Любані Ірына Дзмітрыева. А ў гімназіі № 1 Любані назапашаны паспяховы вопыт выкарыстання дыстанцыйных форм навучання. Там распрацаваны дыстанцыйныя курсы па інфарматыцы, рускай і англійскай мовах, праводзяцца гімназічныя дыстанцыйныя інтэрнэт-алімпіяды і нават тэматычныя інтэрнэт-педсаветы. Падрабязна пра гэта расказала Наталля Філеня, намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці гімназіі.
Сёння ў адукацыйным асяроддзі Сароцкай сярэдняй школы Любанскага раёна працуюць тры раённыя рэсурсныя цэнтры па розных кірунках дзейнасці. Пра перспектыўнасць выкарыстання цэнтраў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу і іх карысць ужо сёння расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Сароцкай школы Ірына Бахановіч.

Другі дзень марафону быў прысвечаны педагагічным работнікам устаноў дашкольнай адукацыі. Гэты дзень у раёнах праводзілі па-рознаму, але ўсюды цікава і плённа. Напрыклад, у яслях-садзе № 6 Мар’інай Горкі тэмай мерапрыемстваў у гэты дзень выбралі “Вялікія магчымасці дробнай маторыкі”. Увазе гасцей была прадстаўлена аднайменная выстаўка дыдактычных матэрыялаў, дзе былі прэзентаваны дапаможнікі, якія садзейнічаюць развіццю дробнай маторыкі, як прамысловай вытворчасці, так і зробленыя рукамі педагогаў. Ларыса Андрыенка, настаўнік-дэфектолаг, падрыхтавала майстар-клас па выкарыстанні практыкаванняў, а таксама спецыяльных гульнявых трэнажораў для развіцця дробнай маторыкі ў рабоце з дзецьмі. Удзельнікі педмарафону і самі папрактыкаваліся на гэтых трэнажорах. Аказалася, такія заняткі з бірулькамі і гурман-трэнажорам для кітайскіх палачак не толькі карысныя, але і вельмі вясёлыя.

У Жодзінскім цэнтры тэхнічнай творчасці вучнёўскай моладзі насычаным падзеямі быў трэці дзень — Дзень работніка дадатковай адукацыі. Маладыя педагогі — удзельнікі педмарафону не сумавалі ні хвіліны: рабілі абярэг з гліны ў выглядзе анёла-ахоўніка Жодзіна на майстар-класе “Любімаму гораду прысвячаецца” педагога дадатковай адукацыі Кацярыны Цапелік; выраблялі самалёты на майстар-класе педагога дадатковай адукацыі Ганны Дражынай, якая расказала і паказала, чым займаюцца дзеці на занятках аб’яднання па інтарэсах “Пачатковае авіямадэляванне”; узгадвалі гісторыю і культуру Беларусі падчас удзелу ў камунікацыйна-пазнавальнай гульні “Сцяжынкамi Бацькаўшчыны”, якую падрыхтавала Ірына Апанасевіч, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Цэнтра дзіцячай творчасці Жодзіна. Дынамізму і драйву мерапрыемству надалі паказальныя выступленні дзяцей з аб’яднання “Матацыклісты і юныя вадзіцелі мапедаў” (кіраўнік педагог дадатковай адукацыі Аляксей Калчанаў).
Работу ў рамках Дня работніка метадычнай службы ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа пабудавалі па тэхналогіі французскай творчай майстэрні. Маладыя педагогі, як і патрабуе тэхналогія, не атрымлівалі гатовую інфармацыю ад настаўніка, а здабывалі яе самі, а арганізатар майстэрні — выкладчык педагогікі загадчыца метадычнага кабінета каледжа Алена Глобаж — накіроўвала іх, задавала алгарытм работы і стварала ўсе неабходныя для паспяховага ўзаемадзеяння ўмовы. Дзякуючы тэхналогіі, кожны наведвальнік майстэрні актыўна ўключыўся ў работу і тэма сустрэчы “Педагагічныя зносіны” была ўсебакова разгледжана і даследавана.
У Барысаве маладых педагогаў чакала метадычная гасціная “Арганізацыя ўзаемадзеяння раённага вучэбна-метадычнага кабінета з маладымі спецыялістамі першага года работы”. Найбольш усіх зацікавіла правядзенне “адкрытага мікрафона” для ўдзельнікаў марафону. Маладыя настаўнікі маглі падзяліцца сваімі дасягненнямі ці праблемамі, задаць пытанні і паскардзіцца, параіць нешта калегам і папрасіць парады. Многія скарысталі гэтую магчымасць, і ў педагогаў атрымаўся змястоўны, адкрыты і часам востры дыялог.

Завяршаў педагагічны марафон Дзень кіраўніка. У Барысаве ў апошні дзень работы мерапрыемства абмяркоўвалі адну з самых вострых і надзённых тэм — “Актуальныя аспекты развіцця пазабюджэтнай дзейнасці: вопыт і перспектывы”. Многія ўстановы адукацыі Міншчыны дасягнулі поспеху ў рабоце ў гэтым кірунку. Прадстаўнікі Дзяржынскага раёна, напрыклад, дзяліліся сваімі ведамі і ідэямі па арганізацыі школьных бізнес-кампаній. Не сакрэт, што Дзяржынскі рэгіён — лідар па іх колькасці. Удзельнікі педмарафону не толькі пазнаёміліся з прадукцыяй бізнес-кампаній Дзяржыншчыны на выставе-продажы, але і даведаліся пра ўсе дэталі арганізацыі работы такіх кампаній. Як правільна і эфектыўна весці нарматыўна-прававую дакументацыю па арганізацыі і дзейнасці школьных кампаній, расказала Галіна Цэлагуз, кіраўнік кампаніі “БелАрт” Петкавіцкай сярэдняй школы. Гэтая кампанія паспяхова займаецца вытворчасцю вырабаў для правядзення і афармлення традыцыйных абрадаў, сучаснай сувенірнай прадукцыі ў народным стылі. Як наладзіць рэалізацыю прадукцыі школьнай бізнес-кампаніі, паведаміла Наталля Прыкота, кіраўнік кампаніі “Крыніца”, якая дзейнічае ў сярэдняй школе № 4 Дзяржынска і выпускае тэкстыльныя вырабы і арыгінальныя паштоўкі. А кіраўнік школьнай кампаніі “Велес” (сярэдняя школа № 2 Дзяржынска) Сяргей Шчэпка расказваў пра асаблівасці вытворчасці і продажу драўляных вырабаў. Гэтыя выступленні выклікалі вялікую зацікаўленасць. Падчас правядзення круглага стала, якім завяршалася мерапрыемства, кіраўнікам школьных бізнес-кампаній задавалі многа пытанняў. Магчыма, у хуткім часе на Міншчыне з’явіцца яшчэ больш аналагічных школьных арганізацый.

Сёлетні педагагічны марафон завяршыўся. Маладыя педагогі атрымалі вялікі запас ідэй і вопыту, які яны ўжо сёння рэалізуюць у сваёй дзейнасці, каб працаваць яшчэ лепш, яшчэ больш эфектыўна. Марафон стаў моцным імпульсам да творчай работы для ўсіх яго ўдзельнікаў. І, безумоўна, усе марафонцы будуць чакаць наступнай восені, каб зноў сабрацца разам дружнай, актыўнай і перспектыўнай педагагічнай грамадскасцю Міншчыны і знайсці натхненне для будучых педагагічных здзяйсненняў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара, Наталлі ГРАЧЫШКА
і Дар’і РАБЦАВАЙ.