Марафон педагогаў

- 11:26Навіны рэгіёнаў

Педагогу, як спартсмену, каб быць пастаянна ў добрай форме, трэба трэніравацца. “Трэніроўкі” могуць быць розныя. Напрыклад, самастойныя, калі настаўнік сам засвойвае новыя тэхналогіі і методыкі навучання. Бываюць і калектыўныя “заняткі з трэнерам” — майстар-класы, семінары, курсы. Калі працягваць гэтую спартыўна-педагагічную паралель, то трэба адзначыць, што ў Мінскай вобласці штогод праходзяць “трэніровачныя зборы” — менавіта так можна назваць педагагічны марафон, які прадугледжвае цэлы тыдзень разнастайных карысных мерапрыемстваў, падчас якіх педагогі ўдасканальваюць сваё прафесійнае майстэрства. Сёлета педмарафон на Міншчыне стартаваў сёмы раз.

Педагагічны марафон кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў адукацыі заўсёды праходзіць масава і разнастайна. Сёлета ва ўсіх раёнах вобласці прайшло каля 300 мерапрыемстваў, удзел у якіх узяло каля 10 тысяч педагогаў. Мерапрыемствы былі розныя, але аб’яднаны агульнай тэмай “Кампетэнтнасны падыход у адукацыі: ад тэорыі да практыкі”.

Традыцыйна кожны дзень марафону быў прысвечаны розным катэгорыям педагагічных работнікаў. Першымі “на старт” выйшлі настаўнікі-прадметнікі і школьныя бібліятэкары. Да правядзення мерапрыемстваў дня настаўніка-прадметніка падключыліся абласныя рэсурсныя цэнтры інфармацыйных тэхналогій (АРЦІТ). Гэта дазволіла аб’яднаць выкладчыкаў з розных раёнаў. У Нясвіжскім раёне на базе АРЦІТ “Нёман” на семінары-практыкуме “Сістэмна-дзейнасны падыход да падрыхтоўкі і аналізу вучэбных заняткаў” сустрэліся настаўнікі пачатковых класаў. Настаўнікі рускай мовы і літаратуры прынялі ўдзел у семінары “Узаемадзеянне мовы, літаратуры і культуры на сучасным уроку”. Пытанні фарміравання інфармацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў знаходзіліся ў цэнтры ўвагі настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, якіх аб’ядналі рэсурсныя цэнтры “Заходні” і “Прысталічча”. Кожны год арганізатары шукаюць і знаходзяць новыя цікавыя формы правядзення мерапрыемстваў. Так, у Барысаўскім раёне для настаўнікаў-прадметнікаў, акрамя традыцыйных майстар-класаў, прайшлі віртуальны кансіліум “Ажыццяўленне кампетэнтнаснага падыходу на вучэбных і факультатыўных занятках: практыка арганізацыі самастойнай дзейнасці вучняў” і мітап “Выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0 у адукацыі”.

У рамках дня школьнага бібліятэкара быў дадзены старт рэспубліканскаму культурна-адукацыйнаму праекту “Гэтае стагоддзе з натхнення, гэтае стагоддзе з серабра” на Міншчыне. Таксама на працягу дня бібліятэкары сустракаліся на мерапрыемствах, дзе дзяліліся вопытам па прыцягненні дзяцей да чытання і фарміраванні медыякультуры навучэнцаў, засяродзіўшы ўвагу на сучасных формах работы. Напрыклад, на сустрэчы ў вілейскай гімназіі № 1 “Логас” бібліятэкары даведаліся, як можна зрабіць кніжныя выставы цікавымі і прыцягнуць дзяцей да чытання. А ў сярэдняй школе № 3 Вілейкі калегам расказалі пра такі сучасны спосаб папулярызацыі кніг, як буктрэйлеры. Бібліятэкары пабывалі на майстар-класе па іх стварэнні.

Наступнымі за справу ўзяліся работнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі і маладыя педагогі. На семінарах-практыкумах, круглых сталах, дзелавых гульнях, метадычным рынгу яны абмяркоўвалі кампетэнтнасны падыход.

У Любанскім раёне супрацоўнікаў дзіцячых садоў запрасілі на кірмаш педагагічных ідэй. У Жодзіне дзень маладога педагога прайшоў пад дэвізам “Такая розная праца настаўніка”. Удзельнікамі мерапрыемства сталі не толькі маладыя педагогі горада, але і навучэнцы профільнага педагагічнага класа сярэдняй школы № 4 Жодзіна. Разам яны прынялі ўдзел у творчай гульні, прысвечанай знаёмству з рознымі бакамі педагагічнай прафесіі, і псіхалагічнай гульні, падчас якой былі разгледжаны розныя складаныя сітуацыі, з якімі можна сутыкнуцца падчас работы. Акрамя таго, будучыя і пачынаючыя педагогі наведалі шэраг устаноў адукацыі горада, дзе пазнаёміліся з творчымі, улюбёнымі ў сваю справу людзьмі і абмеркавалі падчас круглага стала хвалюючыя пытанні.

Далей эстафета была перададзена педагогам дадатковай і прафесійнай адукацыі, класным кіраўнікам і куратарам вучэбнай групы, работнікам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. У Нясвіжы ў гэты дзень падзеі разгортваліся ў сярэдняй школе № 4, дзе праходзіла выстава творчых работ навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах ЦДТ Нясвіжскага раёна, была арганізавана работа творчай пляцоўкі з правядзеннем вулічных гульняў і флэш-мобаў. Педагогі абмяркоўвалі задачы і тэндэнцыі развіцця адукацыйнага працэсу ва ўстанове дадатковай адукацыі на сучасным этапе, праблемы, з якімі сутыкаюцца педагогі пры планаванні і правядзенні заняткаў з улікам сучасных патрабаванняў. Падарункам для ўдзельнікаў педмарафону стаў канцэрт-прэзентацыя “Іскрынкі дзіцячага і педагагічнага таленту” навучэнцаў і педагогаў ЦДТ.

Чацвёрты дзень марафону аб’яднаў работнікаў метадычнай службы і спецыяльнай адукацыі. У Старых Дарогах дзень работніка спецыяльнай адукацыі праходзіў на базе ясляў-сада № 1. Педагогаў запрасілі ў інклюзіўнае кафэ “Беларускія дранікі”, дзе яны абмеркавалі пытанні фарміравання камунікатыўных кампетэнцый у дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і людзей без парушэнняў развіцця ў інклюзіўнай адукацыйнай прасторы. Удзельнікі клуба “Кантакт” расказалі аб сваім вопыце фарміравання камунікатыўных кампетэнцый педагогаў, дзяцей-валанцёраў і дзяцей з парушэннямі. Дзякуючы рабоце свабоднага мікрафона, настаўнікі-дэфектолагі раёна маглі выказаць сваё меркаванне па прапанаванай тэме.
На фінішную прамую педмарафону выйшлі кіраўнікі. У Маладзечне працавала раённая школа рэзерву кіраўніцкіх кадраў, дзе можна было азнаёміцца з эфектыўнымі прыёмамі коўчынгу для развіцця кіраўніцкіх кампетэнцый адміністрацыйнай каманды і матывацыі калектыву, а таксама адпрацаваць іх у імправізаваных кіраўніцкіх сітуацыях. У Дзяржынску кампетэнтнасны падыход абмяркоўвалі з калегамі з Капыльскага раёна. Кіраўнікі пазнаёміліся з эфектыўнай практыкай работы ўстаноў адукацыі Дзяржыншчыны. Для ўдзельнікаў мерапрыемства быў прадэманстраваны фрагмент адкрытага адукацыйнага кірмашу.

Пасля такога насычанага трэніровачнага тыдня ўдзельнікі педмарафону вернуцца да сваіх штодзённых спаборніцтваў — урокаў, дзе трэба дэманстраваць найлепшую “спартыўную” форму і высокія вынікі. З новымі сіламі, ведамі, уменнямі, атрыманымі на мерапрыемствах марафону, рабіць гэта будзе крыху прасцей.

Дар’я РЭВА.