Маршрутамі памяці і гонару прайшліся школьнікі Маларытчыны

- 15:50Новости

Адміністрацыя і прафкам Маларыцкага ДРБУ-179 ініцыіравалі і арганізавалі падарожжа па родным краі, да якога ахвотна далучыліся настаўнікі і вучні Маларыцкай раённай гімназіі і Олтушскай сярэдняй школы. Не застаўся ўбаку і аддзел па адукацыі Маларыцкага райвыканкама.

Мерапрыемства праводзілася з мэтай пазнання гісторыі роднага краю, выхавання павагі і любові да Радзімы, усведамлення грамадзянскай адказнасці за яе будучыню.

Удзельнікі пабывалі каля брацкай магілы ў аграгарадку Вялікарыта. Тут прайшоў невялікі імправізаваны мітынг. Затым падарожнікі наведалі магілу партызанскай сувязной Вольгі Абрамук, актыўнай падпольшчыцы і ўдзельніцы партызанскага руху на Маларытчыне. У гады ваеннай акупацыі яна дастаўляла ў атрад звесткі аб карных аперацыях, распаўсюджвала лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, дапамагала арганізаваць уцёкі з палону савецкіх актывістаў. У кастрычніку 1942 г. фашысты схапілі патрыётку. Яе доўга катавалі, а потым расстралялі ў двары школы.

Наступны прыпынак — каля помніка-абеліска Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца на 27-м кіламетры Ковельскай шашы паблізу вёскі Лешніца. На гэтым месцы ўвосень 1942 г. гітлераўцы расстралялі сям’ю абаронцы Брэсцкай крэпасці, лейтэнанта, Героя Савецкага Саюза Андрэя Кіжаватава — маці, жонку і 3 дзяцей, а таксама сем’і іншых камандзіраў Чырвонай Арміі.

Усюды ўдзельнікі падарожжа ўшанавалі памяць загінуўшых мінутай маўчання і ўскладаннем жывых кветак да помнікаў.

У рамках мерапрыемства школьнікі наведалі Брэсцкі гарадскі аэраклуб ДТСААФ. Яны азнаёміліся з дзейнасцю аэрадрома «Міхалін», які займае амаль 11 га. Тут ёсць лётнае поле (грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа даўжынёй 600 м і шырынёй 80 м), пляцоўка для прызямлення парашутыстаў, рулёжная дарожка, стаянка паветраных суднаў, адміністрацыйна-вучэбны будынак з камандна-дыспетчарскім пунктам.

Падчас агляднай экскурсіі дзяўчаты і хлопцы даведаліся шмат пазнавальнага. Але больш за ўсё ім спадабалася пасядзець у кабінах самалётаў АН-2 і Вільга-35, а таксама планёра «Бланік Л-13». Цікавасць выклікалі і заняткі парашутнай секцыі.

Навучэнцы прынялі ўдзел у закладцы вербнай алеі ў гонар першай жанчыны-касманаўта краіны Героя Беларусі Марыны Васілеўскай.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара