“Згуртаваны дзіцяча-бацькоўскі калектыў — галоўны паказчык паспяховай работы класнага кіраўніка”, — лічыць Марына Хахолка, настаўніца англійскай мовы шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У віхуры педагагічных і класных спраў Марына Хахолка заўсёды знаходзіць час паразмаўляць з вучнямі свайго любімага 7 “Б”, умее зрабіць іх школьнае жыццё псіхалагічна камфортным, цікавым і насычаным.
Настаўніца прыклала ўсе намаганні, каб адаптацыя 14 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак пры пераходзе з пачатковага звяна ў сярэдняе прайшла як мага лягчэй. Перш за ўсё яна стварыла ў класе атмасферу дабра і ўзаемападтрымкі, як у моцнай сям’і, дзе ўсе ставяцца адно да аднаго з павагай і клопатам.
— Тых, хто да яе прыходзіць, яна ўмее выслухаць, пачуць, зразумець. І адчуць — усіх і кожнага. Такі класны кіраўнік — самы неабходны чалавек для школьнікаў і бацькоў. Я сказала б, навігатар і для вучня, і для сям’і, мадэратар і выдатны псіхолаг, — падкрэслівае дырэктар школы Ірына Рымдзёнак.
Сям’я і школа
На думку Марыны Хахолка, вырашаць пастаўленыя школай, грамадствам і дзяржавай задачы выхавання можна толькі тады, калі і класны кіраўнік, і бацькі, і навучэнцы аб’яднаюцца ў адзіны калектыў. Невыпадкова яна кіруецца словамі В.А.Сухамлінскага: “Педагогіка павінна стаць навукай для ўсіх: і для настаўнікаў, і для бацькоў”. Таму галоўны вектар супрацоўніцтва з мамамі і татамі — іх асвета па пытаннях псіхалогіі і педагогікі праз індывідуальныя і групавыя формы работы.
Наведваючы сем’і, педагог бліжэй знаёміцца з вучнямі і бацькамі, імкнецца даведацца пра іх інтарэсы і погляды на жыццё. Гэта абуджае давер, мамы і таты пачынаюць бачыць у класным кіраўніку саюзніка, вернага сябра і клапатлівага заступніка. Марына Хахолка як класны кіраўнік падзялілася сакрэтам свайго поспеху: быць адной камандай з дзецьмі і іх бацькамі. Яна выбудоўвае зносіны на аснове ўзаемнай павагі, дапамогі і ўдзячнасці. Ёсць у Марыны Станіславаўны і свае залатыя правілы.
— Ніколі не абмяркоўваю публічна на бацькоўскім сходзе праблемы таго ці іншага школьніка. Не параўноўваю вучняў паміж сабой. Бяру пад увагу толькі ранейшыя і апошнія вынікі канкрэтнага дзіцяці. Пазбягаю ацэначнага стаўлення да вучня: ацэньваю толькі яго ўчынак, а не асобу, — дзеліцца яна.
Марына Хахолка ўмела наводзіць масты паразумення паміж дзецьмі, татамі, мамамі, настаўнікамі-прадметнікамі для вырашэння не толькі вучэбных праблем. Яе педагагічная дзейнасць грунтуецца на веры ў кожнае дзіця незалежна ад яго прыродных задаткаў, жыццёвага асяроддзя і ўмоў выхавання. Яна шчыра пераканана ў тым, што кожны хлопчык і дзяўчынка таленавітыя па-свойму.
— Важна даваць ім магчымасць праявіць сябе, ствараць сітуацыю поспеху, каб навучэнцы паверылі ў свае сілы, заўважаць нават самыя нязначныя іх дасягненні, — падкрэслівае суразмоўніца.
Сакрэт нястомнага гарэння
Вядома ж, выконваць мноства вучэбных і арганізацыйных задач бывае вельмі няпроста. Але ёсць у Марыны Станіславаўны ўнікальны сакрэт аднаўлення душэўных сіл, які з цягам часу спазнаюць і вучні.
— Другое дыханне і сілы мне дорыць мастацтва. Яно стала ладам майго жыцця, — прызнаецца педагог. — Люблю падарожнічаць па Беларусі — сёлета пабывала ў сядзібе Агінскага, Косаўскім замку. Наведваю музеі, тэатры, мастацкія выставы, музычныя вечары. Два-тры разы на год хаджу ў Вялікі тэатр, тэатр Янкі Купалы і тэатр музкамедыі ў Мінску.
Сваімі ўражаннямі і эмоцыямі Марына Станіславаўна шчодра дзеліцца з дзецьмі. Яе дэвіз — “Тварыць мастацтва можа толькі выбраннік, любіць мастацтва — усякі чалавек”. Тым, хто пабываў у тэатральна-музычнай гасцёўні, кіраўніком якой з’яўляецца Марына Хахолка, назаўсёды ў душу запала шчырая атмасфера цёплых сустрэч. Распачала гэтую прыгожую школьную традыцыю маці педагога Ларыса Канстанцінаўна Чарняўская, якая выкладала тут сусветную мастацкую культуру. Дзеці заміралі ад захаплення, калі яна чытала вершы, спявала рамансы. Цяпер у тэатральнай гасцёўні ўжо вучні Марыны Станіславаўны пераносяцца ў пушкінскую эпоху ці ў часы паэтаў Сярэбранага веку. Разам яны рыхтуюць святочныя праграмы і запрашаюць бацькоў правесці вечар пры свечках, слухаючы вершы і музыку. Ва ўтульнай атмасферы ў малой каміннай зале ўдзельнікі гасцёўні становяцца бліжэй адно да аднаго. Гэтая традыцыя паспрыяла згуртаванню класнага калектыву і цеснаму супрацоўніцтву з бацькамі. Рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы “Калядныя сустрэчы”, “Бэзавы баль”, паэтычныя вечары, экскурсіі. Школьнікі пастаянна наведваюць музеі, выставы, майстар-класы, дзіцячую і раённую бібліятэкі, Дом рамёстваў.
Марына Хахолка — самая малодшая з 12 прадстаўнікоў педагагічнай дынастыі Мяхедка — Чарняўскія — Хахолка, якой ужо каля 300 гадоў.
Стварэнне духоўна-маральнага выхаваўчага асяроддзя — адна з галоўных задач класнага кіраўніка. Традыцыйна ў межах Тыдня бацькоўскай любові сумесна са святарамі Шаркаўшчынскага благачыння праводзіцца ўрок духоўнасці. Марына Хахолка вядзе факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, урокі мастацтва. Як кіраўнік школьнага музея “Пішам летапіс часоў” умацоўвае традыцыі, сувязь пакаленняў, выклікае ў дзяцей цікавасць да настаўніцкай прафесіі. Прыкладам для Марыны Станіславаўны служыць яе былы класны кіраўнік настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Канстанцінаўна Каўбасіч. Невыпадкова 10 вучняў яе выпуску выбралі прафесію настаўніка і працуюць у роднай школе. Дарэчы, з 60 педагогаў школы 33 — яе выпускнікі.
Усе мы каманда
Марына Станіславаўна арганізоўвае супрацоўніцтва паміж вучнямі праз калектыўныя праекты ў шосты школьны дзень. У 2022 годзе яе былы клас прыняў удзел у рэспубліканскім праекце “Моладзь Беларусі за духоўнасць, маральнасць і сямейныя каштоўнасці” і атрымаў перамогу ў намінацыі “Творчы прарыў”. На працягу навучальнага года яны правялі каля 30 радыёэфіраў, прысвечаных адметным сем’ям навучэнцаў, педагагічным дынастыям школы, якіх не так і мала — 11.
Актыўнае школьнае жыццё дзяцей станоўча ўплывае на імідж як класнага кіраўніка, так і ўстановы. Шаркаўшчынская школа № 1 — гэта супольнасць, увайсці ў якую — гонар. Марына Станіславаўна адзначыла, што ва ўстанове адукацыі створаны ўсе ўмовы для паспяховага развіцця і навучання. Маюцца на ўвазе сучаснае абсталяванне і творчая, дружная каманда таленавітых, адданых сваёй справе настаўнікаў. Педагог удзячна кіраўніцтву і калектыву за цеснае ўзаемадзеянне, чуласць і ўзаемападтрымку.
— Думаю, што дружны і згуртаваны дзіцяча-бацькоўскі калектыў — галоўны паказчык паспяховай работы класнага кіраўніка, — гаворыць Марына Станіславаўна.
Педагог — пераможца рэспубліканскіх конкурсаў: праекта “Франтавы альбом” у рамках акцыі “Беларусь памятае” (2019), фотаконкурсу “Сімвал памяці” (2023).
Напэўна, любімыя вучні, якія з’яўляюцца для яе галоўнай падтрымкай, і прыцягнулі ўдачу да сваёй класнай. Марына Хахолка — пераможца раённага конкурсу “Самы класны класны — 2023”. Сутнасць сваёй педагагічнай філасофіі Марына Станіславаўна вызначае трыядай паняццяў “род”, “народ”, “Радзіма”, а сваю выхаваўчую сістэму выбудоўвае на аснове шасці фундаментальных, з яе пункту гледжання, паняццяў “чалавек”, “сям’я”, “Бацькаўшчына”, “праца”, “веды”, “мастацтва”. І менавіта гэтым яна тлумачыць сваю 20-гадовую класную паспяховасць. Марына Хахолка ганарыцца сваімі выпускнікамі: усе яны сталі дастойнымі людзьмі, працуюць на карысць Радзімы. Сапраўды, педагог працягваецца ў сваіх вучнях.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлена ўстановай