“МастерОК” — новыя магчымасці для творчасці

- 11:01Навіны рэгіёнаў

У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё майстэрні па дрэваапрацоўцы “МастерОК”. Мясцовая ініцыятыва “Рэалізуй сябе ў творчасці”, якая ажыццяўляецца ў цэнтры, перамагла ў асноўным конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.

За фінансавыя сродкі, выдзеленыя партнёрамі праекта, на працягу паўгода ў майстэрні праводзіўся капітальны рамонт, былі закуплены якасныя матэрыялы, прафесійныя інструменты, сучаснае абсталяванне і сродкі індывідуальнай абароны. Дзякуючы гэтаму, хлопчыкам і дзяўчынкам, якія цяпер наведваюць заняткі аб’яднанняў па інтарэсах, прадастаўляюцца новыя магчымасці для самарэалізацыі. Мэта ініцыятывы — не толькі стварэнне ўмоў для цікавага і карыснага правядзення вольнага часу дзецьмі, але і прафілактыка правапарушэнняў падлеткаў у горадзе і раёне, арганізацыя сямейнага вольнага часу (“МастерОК” адкрыты для ўсіх жадаючых), прафарыентацыя (дзецям прадастаўлена магчымасць паспрабаваць сябе ў прафесіі разьбяра па дрэве, сталяра).

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця майстэрні ў ЦТДіМ Чэрвеня прысутнічалі прадстаўнікі ЕС ПРААН, мясцовых органаў улады, спонсары, а таксама педагогі ўстаноў адукацыі, навучэнцы і іх бацькі, жыхары горада.

— Маё дзіця наведвае гурток “Разьба па дрэве” і вельмі задаволена, яму цікава, — расказвае жыхарка Чэрвеня Наталля Аляксандраўна Трыпуз. — Нам, бацькам, вельмі радасна, што створаны такія цудоўныя ўмовы для нашых дзяцей. Выдатна, што ў нашым горадзе ёсць месца, у якім школьнікі могуць атрымаць навыкі па дрэваапрацоўцы, ды яшчэ і на сучасным абсталяванні.

Тэатралізаванае прадстаўленне, якое падрыхтавалі педагогі Цэнтра творчасці разам са сваімі выхаванцамі, падарыла казачную атмасферу дабра, справядлівасці і чараўніцтва. А разам з самым вядомым драўляным героем — Бураціна, дарослыя і дзеці змаглі падабраць залаты ключык і адкрыць майстэрню.

Дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Чэрвеня Людміла Яўгенаўна Дужава падзякавала прадстаўніцтву ЕС ПРААН, а таксама спонсарам і паабяцала, што калектыў Цэнтра творчасці зробіць усё магчымае для дасягнення мэты праекта, высокіх творчых вынікаў на рэспубліканскім і міжнародным узроўні.

Ірына ДАРАФЕЙЧЫК,
педагог-арганізатар ЦТДіМ Чэрвеня.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.