Масткі сяброўства

- 11:37Навіны рэгіёнаў

“Кветкавы горад” прыехаў у “Іскрынку надзей”. Менавіта так называліся аздараўленчыя лагеры ў навучальных установах, і падчас работы лагераў навучэнцы і педагогі Кашалеўскага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна пабывалі ў гасцях у навучэнцаў і педагогаў Раклевіцкага дзіцячага сада — базавай школы Дзятлаўскага раёна.

Шмат цікавых мерапрыемстваў адбылося ў аздараўленчых лагерах. Кашалеўскія навучэнцы праяўлялі спрыт у спартландыі, удзельнічалі ў аперацыі “Школьная клумба”, рабілі сэлфі “Клубнічнае лета”, пабывалі ў дэльфінарыі ў Мінску. Раклевіцкія навучэнцы ўдзельнічалі ў працоўным дэсанце “Мы за чысціню”, спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”, у днях турызму, спорту і здароўя, вясёлых забаў, стваралі экакасцюмы і фотакалажы, пабывалі на экскурсіях у Лідзе і Мінску.

Дзень сяброўства “Кашалева — Раклевічы” стаў адной з самых яркіх і незабыўных летніх падзей. Навучэнцы дзвюх школ удзельнічалі ў спартыўных мерапрыемствах, флэшмобе “Танцуем разам”, інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”, якая была прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны, пабывалі на маляўнічым возеры каля санаторыя “Радон”.

— Гэта было сапраўднае свята сяброўства, — гаворыць дырэктар Кашалеўскай школы Аляксандр Лазарэвіч. — Сустрэча адбывалася весела і цікава. Дзеці ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па міні-футболе, валейболе, гулялі ў дартс. Але прайграўшых не было: перамагло сяброўства.

На памяць аб сустрэчы дзеці запусцілі 23 паветраныя шарыкі з надпісам “Кашалева — Раклевічы — Дружба!”
Аляксандр Лазарэвіч і дырэктар Раклевіцкай школы Аляксандр Васюкевіч упэўнены, што сяброўства навучальных устаноў працягнецца. У Кашалеве чакаюць гасцей з Раклевічаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.