Матэматыка праз сімвалы. Як зрабіць выкладанне прадмета лёгкім, ведае настаўніца гімназіі №1 Слуцка Настасся Грынкевіч

- 12:40Учитель года

Каб зрабіць вывучэнне матэматыкі больш цікавым, Настасся Грынкевіч, настаўніца гімназіі № 1 Слуцка, парушае традыцыі і мяняецца ролямі з вучнямі. Гэта адзін з прыёмаў, якім педагог актыўна карыстаецца, каб навучыць дзяцей быць самастойнымі на ўроках. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Узаемная ацэнка на занятках дае вучню магчымасць пабыць у ролі настаўніка. Кіруючыся пэўнымі крытэрыямі, дзеці правяраюць работы сваіх аднакласнікаў і даюць ім парады. Гэты падыход, да якога звяртаецца Настасся Грынкевіч, можна выкарыстоўваць для вучэбнай самастойнай работы.

“Самастойная работа дапамагае фарміраваць інтэлектуальны патэнцыял і са­дзейнічае развіццю функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў, — дзеліцца вопытам Настасся Анатольеўна. — Калі падчас урока настаўнік пастаянна кантралюе правіль­насць дзеянняў вучня і дапамагае ў пераадоленні цяжкасцей, то ў самастойных работах усё наадварот. Вучань сам усведамляе характар выкананай працы, сам знаходзіць спосабы пераадолення цяжкасцей, якія ўзнікаюць, і ў цэлым сам арганізоўвае сваю дзейнасць”.

Сэнс вучэбных самастойных работ заключаецца не толькі ў індывідуальным выкананні заданняў, якія настаўнік прапаноўвае школьнікам падчас вывучэння чарговай тэмы. Выяўленне памылак, якія былі дапушчаны, а таксама паўторнае тлумачэнне настаўнікам вучэбнага матэрыялу з улікам вызначаных недахопаў — важныя складнікі навучання самастойнай рабоце.

“Менавіта самастойная работа дапамагае развіць у дзяцей культуру разумовай працы, якая прадугледжвае не толькі тэхніку чытання, вывучэнне кнігі, вядзенне запісаў, але і патрэбу ў самастойнай дзейнасці, імкненне паглыбіцца ў сутнасць пытання, — тлумачыць настаўніца матэматыкі. — Усё гэта развівае функцыянальную пісьменнасць навучэнцаў. Я заўважыла, што падчас такой работы найбольш поўна праяўляюцца індывідуальныя здольнасці школьнікаў, іх схільнасці і інтарэсы. Гэта спрыяе развіццю ўмення аналізаваць факты і з’явы, вучыць самастойнаму мысленню, якое прыводзіць да творчага развіцця і фарміравання ўласнага меркавання, асабістых поглядаў і ўяўленняў”.

Для таго каб на ўроках матэматыкі арганізаваць эфектыўную самастойную работу, Настасся Грынкевіч прымяняе розныя яе формы. Параўнанне і аналіз статыстычнай ці графічнай інфармацыі, выкананне вылічальных або вымяральных эксперыментаў, доследаў, індывідуальнае або групавое рашэнне праблемнай задачы, пошук памылак у рэшаным заданні — гэта толькі некаторыя варыянты праектнай вучэбнай дзейнасці, якія вучаць дзяцей самастойна працаваць.

Нават на этапе вывучэння новага матэрыялу Настасся Анатольеўна значную ролю адводзіць самастойнай рабоце. Настаўніца лі­чыць, што ў дачыненні да незнаёмага матэрыялу такая дзейнасць павінна ажыццяўляцца як мага раней.

“На этапе вывучэння новай тэмы навучэнцам трэба дазволіць папрацаваць самастойна хаця б 5 мінут, — запэўнівае Настасся Грынкевіч. — Пасля вывучэння пэўнага блока новага матэрыялу даю навучэнцам практычнае заданне, якое рашаецца з выкарыстаннем новых ведаў. Мы калектыўна абмяркоўваем рашэнне. Далей задаю пытанне, цікаўлюся, ці ўсё зразумела ў прыведзенай задачы. Калі пытанняў няма, прапаноўваю самастойна паўтарыць рашэнне гэтага задання ў сшытках. Безумоўна, рашэнне з дошкі прыбіраю. Такі прыём дапамагае пазбегнуць шэрага праб­лем, такіх як адсутнасць увагі вучняў на ўроку, боязь задаваць пытанні. Ён літаральна прымушае навучэнца разабрацца ў задачы, перш чым яна знікне з дош­кі. Пакуль большая палова класа займаецца рашэннем, у мяне ёсць час, каб у індывідуальным парадку дапамагчы тым навучэнцам, якім матэматыка даецца цяжка.

Напрыклад, падчас вывучэння тэмы “Ступень ліку” ў 5 класе цяжкасці выклікае заданне прадставіць лік 35 791 у выглядзе сумы разрадных складнікаў. Я раблю запіс на дошцы, вельмі падрабязна тлумачу кожны крок і даю магчымасць навучэнцам прапанаваць сваё рашэнне. Пасля гэтага цікаўлюся, ці няма ў іх пытанняў па раскладанні прыведзенага ліку. Потым выціраю запіс з дошкі і прапаноўваю раскласці гэты ж лік у сшытках. Вучні з нізкім узроўнем паспяховасці часта не мо­гуць паўтарыць заданне самастойна. Калі ў класе такіх навучэнцаў мала, можна вырашыць праблему індывідуальна або папрасіць дапамогі ў суседа па парце. У залежнасці ад узроўню падрыхтаванасці класа мяняю лік на меншы”.

Каб прасачыць, на якім узроўні вучні засвоілі матэрыял, Настасся Грынкевіч у пачатку наступнага ўрока праводзіць пяцімінутку: так настаўніца бачыць, што дзецям даецца больш цяжка і патрабуе паўторнага тлумачэння.

“Такую работу можна праводзіць у групах, — дзеліцца педагог. — Важным крытэрыем тут з’яўляецца менавіта каментарый настаўніка ў адносінах да выкананага задання. Я яго раблю пісьмова ці вусна. Гэта залежыць ад таго, якую памылку дапусцілі вучні. Калі яна тыповая, то разбіраемся з ёй вусна. Калі памылка больш складаная, то звяртаемся да пісьмовага разбору”.

Абмен ролямі з вучнямі — гэта цудоўны варыянт самастойнай работы на этапе фарміравання ўменняў па прымяненні матэрыялу, які вывучаецца. Самастойнай рабоце на гэтым этапе адводзіцца 10—15 мінут.

“Падчас змены роляў мы парушаем традыцыю: настаўнік толькі сочыць за дзейнасцю сваіх падапечных, не папраўляе і не дапамагае ім, — тлумачыць сутнасць метаду настаўніца. — Прымяняючы ўзаемную ацэнку, даю вучню магчымасць стаць настаўнікам. Калі дзеці правяраюць работы сваіх аднакласнікаў, яны бачаць памылкі, абмяркоўваюць іх адно з адным і разам думаюць над варыянтамі рашэння задач. Але гэты прыём мэтазгодна выкарыстоўваць толькі для вучэбнай самастойнай работы”.

Абмен ролямі пачынаецца тады, калі педагог прапаноўвае класу заданне па матэрыяле, які яны вывучаюць. Заданне дзеці выконваюць на асобных лістках (не ў сшытку), але не падпісваюць іх, а кадзіруюць з дапамогай знакаў, сімвалаў, малюнкаў: гэта падагравае ціка­васць да ўрока. Для прымянення ўзаемнай ацэнкі навучэнцы павінны ведаць, што і як бу­дзе ацэньвацца, таму настаўніца загадзя рыхтуе крытэрыі ацэньвання работ, запісвае іх на дошцы або раздае на картках. Такая сістэма ацэнкі дапамагае выканаць заданне самастойна і не пакінуць іншым свабоды ў ацэнцы работ аднакласні­каў.

“Крытэрыі ацэнкі можна нават стварыць разам з навучэнцамі на ўроку, але такая работа зойме многа часу, — лічыць Настасся Анатольеўна. — Пасля таго, як навучэнцы выканалі работу, я збіраю лісткі, перамеш­ваю іх і раздаю ў выпадко­вым парадку. Дзеці ручкай ці алоўкам любога колеру, акрамя сіняга, выконваюць праверку работы па вызначаных крытэ­рыях. У канцы кожны вучань павінен пакінуць каментарый. У ім трэба пазначыць станоўчыя бакі работы, колькасць памылак і парады па іх выпраўленні”.

Яшчэ адна форма самастойнай работы, якую распрацавала настаўніца гімназіі, — самаправерка “Знай­дзі памылку”. Гэтую методыку можна прымяняць ва ўсіх класах для кантролю ведаў па любой тэме.

“Напрыклад, у 7 класе падчас вывучэння тэмы “Раскладанне мнагачлена на множнікі” для адпрацоўкі навыкаў раздаю карткі з заданнямі, дзе на адным баку запісаны ўмовы задання, на адваротным — вынік і спосабы, з дапамогай якіх можна прыйсці да правільнага рашэння, — дзеліцца напрацоўкамі педагог. — Навучэнцы выконваюць заданне, звяраюцца з адказам, а затым самастойна знахо­дзяць памылку ў сваім рашэнні і выпраўляюць яе”.

У рабоце над памылкамі Настасся Грынкевіч прапаноўвае сваім вучням яшчэ адну аўтарскую распрацоўку — карты-памочнікі.

“Памылкі ва ўсіх навучэнцаў індывідуальныя, таму кожнаму рашыць заданне на дошцы за час урока немагчыма, — адзначае педагог. — І як тады арганізаваць работу з моцнымі вучнямі? Я знайшла спосаб самастойна правесці ліквідацыю прабелаў у ведах — гэта карта-памочнік, ці карэкцыйна-аналітычная карта. Асновай для яе складання з’яўляюцца вынікі кантрольнай работы і памылкі, дапушчаныя ў ёй вучнямі. Карта для пераадолення вучэбных цяжкасцей — гэта таб­ліца з заданнямі работы, тыпамі і прычынамі памылак і карэкцыйным заданнем. Карта-памочнік аднолькавая для ўсіх, але ў ёй максімальна прадстаўлены набор памылак, дапушчаных пры выкананні работы пэўным вучнем”.

Галоўным вынікам работы, якім можна ганарыцца, Настасся Анатольеўна называе павышэнне якасці ведаў дзяцей па матэматыцы.

“Адным з фактараў, які спрыяе павышэнню пазнавальнай цікавасці да прадмета, стаў выніковы ўдзел вучняў у конкурсах даследчых работ і Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы, — гаворыць Настасся Грынкевіч. — Матэматыка — складаны прадмет, і ў многім менавіта ад настаўніка залежыць, як да яго будуць ставіцца вучні: проста захап­ляцца або любіць больш за астатнія”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА