Матэматыка ў гульні

- 12:29Дашкольная адукацыя, Рознае

Узнаўляючы ў гульні розныя падзеі жыцця, эпізоды з казак і апавяданняў, дзіця разважае над тым, што бачыла, пра што яму чыталі і гаварылі, пачынае разумець сэнс многіх з’яў. У гульні ў дзяцей фарміруюцца элементарныя матэматычныя ўяўленні, развіваецца ўсвядомленае ўспрыманне навакольнага свету, назіральнасць, абуджаецца фантазія, умацоўваецца памяць.

Развіццё ў дзіцяці элементарных матэматычных уяўленняў у дашкольным узросце стварае моцны фундамент для паспяховага навучання ў школе. У дзіцяці развіваецца мысленне, што неабходна для далейшага пазнання навакольнага свету. Яно пазнае прасторавыя адносіны паміж прадметамі, выяўляе адпаведныя сувязі, знаёміцца з формай прадметаў, іх велічынёй. Усё гэта дазваляе дзіцяці развіваць у далейшым лагічнае мысленне, якое фарміруецца на аснове вобразнага.

Паўнавартаснае развіццё лагічнага мыслення патрабуе не толькі высокай разумовай актыўнасці, але і ведаў пра агульныя і істотныя прыметы прадметаў і з’яў, якія замацаваны ў словах. Навошта логіка дашкольніку? Справа ў тым, што на кожным узроставым этапе ствараецца “паверх”, на якім фарміруюцца псіхічныя функцыі, важныя для пераходу на наступны этап. Навыкі і ўменні, набытыя ў дашкольны перыяд, паслужаць фундаментам для атрымання ведаў і развіцця здольнасцей у больш дарослым узросце. І найважнейшым сярод гэтых навыкаў з’яўляецца навык лагічнага мыслення, здольнасць дзейнічаць у галаве. Ужо ў дашкольным узросце дзеці параўноўваюць прадметы па велічыні, называюць геаметрычныя фігуры, вучацца знаходзіць адзін, многа ў найбліжэйшым наваколлі, арыентавацца ў прасторы і ў часе.

Для развіцця пазнавальнага інтарэсу да матэматычных ведаў я выкарыстоўваю мноства дыдактычных гульняў і практыкаванняў, напрыклад, “Падбяры па форме”, “Хто больш назаве?”, “Складзі квадрат” і г.д. Дыдактычную гульню “Геаметрычная мазаіка” выкарыстоўваю на занятках і ў вольны час з мэтай замацавання ведаў пра геаметрычныя фігуры, развіцця ўвагі і ўяўлення. Да заняткаў рыхтую табліцы-заданні: “Назавіце самы вялікі трохвугольнік”, “Якога колеру самая маленькая фігура?”, “Назавіце ўсе квадраты, пачынаючы з самага маленькага” і г.д.

Для замацавання ведаў, атрыманых на занятках, даю дзецям гульнявыя заданні на дом. У кутку для бацькоў выстаўляю папку з дыдактычнымі гульнямі, тлумачачы іх мэты і ход. Так, гульні з пяском, кубікамі, будаўнічым матэрыялам развіваюць у дзяцей канструктыўныя здольнасці, увагу, уяўленне, мысленне, замацаванне колеру. У час гэтых гульняў прапаноўваю заданне працягнуць ланцужок, чаргуючы ў пэўнай паслядоўнасці квадраты, вялікія і маленькія кругі жоўтага і чырвонага колеру. Потым заданні ўскладняю. Прапаноўваю, напрыклад, выканаць заданне, у якім неабходна чаргаваць прадметы, улічваючы адначасова колер і велічыню.

У сюжэтна-ролевых гульнях дзеці перадаюць усё, што яны бачаць вакол сябе. Гэтыя гульні развіваюць дзіцячую ініцыятыву, творчасць і назіральнасць. Так, гульні, звязаныя з купляй-продажам, аплатай (“Магазін”, “Пошта”, “Бістро” і г.д.), дапамагаюць замацаваць навыкі лічэння, веды пра лік і лічбы, навыкі вылічальнай дзейнасці, вымярэння, веданне эталонаў вагі, кошту. У час сюжэтна-ролевых гульняў “Сям’я”, “Школа”, “Дзіцячы сад” задаю дзецям навадныя пытанні, а старэйшым дашкольнікам ствараю праблемныя сітуацыі, вырашаючы якія дзіця параўноўвае і супастаўляе, вызначае падабенства і адрозненне. Аналізуючы праблемы, дзіця вучыцца арыентавацца ў навакольным свеце, праяўляе ініцыятыву, выказвае сваю пазіцыю і прымае чужую.

На занятках па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў выкарыстоўваю гульні і фізкультхвілінкі, якія маюць рухавы характар. Жвавыя гульні разнастайныя па задуме, правілах, характары рухаў, якія выконваюцца. Дзеці авалодваюць прасторавымі ўяўленнямі, лічэннем. Напрыклад, у гульні “Жывы тыдзень” даю дзецям кружкі рознага колеру, якія абазначаюць дні тыдня. Малыя становяцца ў такой паслядоўнасці, як па парадку ідуць дні тыдня, потым разбягаюцца і па сігнале павінны выстраіць тыдзень. Ускладняю гульню тым, што дзеці выстройваюцца з любога іншага дня тыдня.

На працягу многіх гадоў цесна супрацоўнічаю з бацькамі. Бацькі наведваюць адкрытыя заняткі “Падарожжа ў свет матэматыкі”, “Падарожжа ў казку “Церамок”, “Палёт у космас”, удзельнічаюць у займальных мерапрыемствах “Матэматычны КВЗ”, “Лагічныя гульні”, “Дзень матэматыкі”, “Падарожжа па казках”, наведваюць бацькоўскія сходы “Развіццё матэматычных уяўленняў праз гульні”, “Як правільна гуляць з дзіцем”, “Матэматыка ў дзіцячым садзе”, “Дзіцячае эксперыментаванне”, на якіх таты і мамы атрымліваюць практычныя навыкі па выкарыстанні гульняў пры фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў у дзяцей старэйшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту. Праводжу для бацькоў кансультацыі “Развіццё лагічнага мыслення дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту праз дыдактычныя гульні”, “Навучанне лічэнню дзяцей дашкольнага ўзросту”, “Вучымся гуляючы”, “Роля гульні ў выхаванні дзяцей” і г.д. У кутку для бацькоў размяшчаю тэматычную інфармацыю. Яны аказваюць дапамогу пры вырабе дапаможнікаў і нагляднага матэрыялу, вялікае значэнне ўдзяляюць гульням матэматычнага характару дома. Работа па фарміраванні ў дзяцей элементарных матэматычных уяўленняў дае свае станоўчыя вынікі.

Алена ШЫРАЕВА,
выхавальніца ясляў-
сада № 10 Навагрудка.