ЕСІС Яўген Валер’евіч,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра, магістр філалагічных навук.
У 2009 годзе скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура, сусветная і айчынная культура”, затым магістратуру па спецыяльнасці “Мовазнаўства”, аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (беларуская літаратура)”.
Намінацыя “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”
Аўтар дапаможнікаў “Беларуская літаратура: планы-канспекты ўрокаў. 8 клас”, “Беларуская літаратура: планы-канспекты ўрокаў. 11 клас”, аўтар 20 артыкулаў у навукова-метадычных выданнях “Беларуская мова і літаратура”і “Роднае слова”, суаўтар дапаможніка “Вывучэнне беларускай літаратуры ў 5 класе”.
У сваёй педагагічнай дзейнасці вялікую ўвагу ўдзяляе выхаванню маўленчай культуры вучняў, фарміраванню камунікатыўных уменняў і навыкаў, што забяспечваюць эфектыўнасць чалавечых зносін у розных сферах грамадства. Развітое маўленне навучэнца — шлях да актыўнага самавыяўлення і прызнання маўленчай асобы як у штодзённых зносінах з бацькамі, сябрамі, знаёмымі, так і ў будучай дзелавой сферы.
Выкладанне беларускай літаратуры, па меркаванні Яўгена Валер’евіча, павінна грунтавацца на чытанні вучнямі мастацкіх твораў, крытычных і літаратуразнаўчых артыкулаў як абавязковай перадумовы аналітычнай работы ў класе. Вынікам такой дзейнасці павінна стаць засваенне і сістэматызацыя раней набытых ведаў. Адбываецца пераасэнсаванне погляду настаўніка на ролю вучня ў працэсе літаратурнай адукацыі: з аб’екта навучання, калі тэма, праблема, ідэя, аўтарская пазіцыя разглядалася на ўроках як нешта знешняе, адасобленае ад успрымальніка, школьнік ператварыўся ў суб’ект, калі істотнымі і дамінантнымі становяцца яго асобасныя ўяўленні і веды.
Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі ў навучанні беларускай літаратуры — гэта арганізацыя вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў шляхам пастаноўкі і вырашэння практычных задач, якія патрабуюць самастойнай творчай высновы. Сутнасць гэтага аспекта абумоўлена яго функцыямі, якія скіраваны на творчы пошук і прымяненне ведаў, якія забяспечваюць засваенне метадаў у працэсе дзейнасці па іх пошуку, фарміруюць цікавасць, патрэбнасць у творчай дзейнасці і самаадукацыі.
Асаблівасцю фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі на ўроках беларускай літаратуры з’яўляецца працэс рэалізацыі пастаўленых задач праз узнікненне новых праблем, якія патрабуюць адначасовага вырашэння: пад дзейнасцю вучня на ўроку маецца на ўвазе яго мэтанакіраванае ўзаемадзеянне з літаратурным творам, у выніку якога спасцігаюцца заканамернасці структуры тэксту, эстэтычны сэнс твора, акрэсліваюцца спосабы чытання, якія ў сваю чаргу вядуць да ўзбагачэння эстэтычнага вопыту.
Камунікатыўная кампетэнцыя фарміруе ўменні выкарыстоўваць беларускую мову ў якасці асноўнага сродку ўспрымання чужых і выказвання ўласных думак і пачуццяў, мае на ўвазе дзейнасць вучняў пад кіраўніцтвам настаўніка, які скіроўвае першага на вырашэнне праблемы з раней невядомай гіпотэзай, якая прадугледжвае наяўнасць у навучэнцаў навыкаў аналізу і ўстанаўлення крытычна-выніковых сувязей; назірання, параўнання, абагульнення і канкрэтызацыі; прымянення ведаў у новай сітуацыі; вылучэння ўласнага меркавання.
Эмацыянальна-матывацыйнай асновай фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў выступае цікавасць, якая стымулюе пазнавальную актыўнасць, працэсы ўспрымання і ўвагі. Актывізацыя зацікаўленасці можа быць здзейснена пры наяўнасці перамен у сітуацыі і кантэксце, навізной, пры дапамозе ўяўлення і мыслення. Ствараючы праблемную сітуацыю, настаўнік дае магчымасць самастойнага развіцця вучнямі камунікатыўных навыкаў, да якіх адносяць такія ўменні, як бачанне і аналіз праблемы, вылучэнне гіпотэзы, тлумачэнне азначэння паняццяў, работа з кнігай, карыстанне камп’ютарам.
Яўген Валер’евіч Есіс скіроўвае сваю работу на наступныя віды дзейнасці:
— аналітычна-групавую, якая дае магчымасць глыбей зразумець ідэйна-тэматычны змест твора і “ўбачыць” майстэрства пісьменніка, асэнсаваць яго творчую сістэму. На ўроку беларускай літаратуры павінны прысутнічаць каменціравана-аналітычнае чытанне, праблемна-пошукавая работа з тэкстам, парная і групавая работа;
— апісальна-ацэначную, якая скіравана на перапрацоўку раней вядомага матэрыялу, аргументаваную ацэнку, фарміраванне асабістай думкі вучня. Настаўнікам на ўроку ўводзяцца элементы напісання літаратурнага паведамлення, складанне аналітычных схем, табліц, модуляў, інтэлект-карт.
Па сутнасці, камунікатыўная кампетэнцыя вучняў скіравана на выяўленне сутнасці з’яў і працэсаў, якія вывучаюцца, адкрыццё і сістэматызацыю новых ведаў, пошук заканамернасцей, апісанне, праектаванне. Важна настаўніку быць рэгулятарам і стваральнікам умоў для развіцця творчага патэнцыялу асобы, яе самавызначэння і самарэалізацыі.
Фарміраванню камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў спрыяе і арганізаваная пазакласная работа ў гуртку “Вытокі”, які быў створаны з мэтай адраджэння народных традыцый Мазыршчыны. Вучні не толькі збіраюць інфармацыю пра святы, абрады і звычаі Мазырскага раёна, але і робяць тэатральныя пастаноўкі рэгіянальных свят, з якімі выязджаюць у іншыя ўстановы адукацыі раёна, удзельнічаюць у конкурсе народнай творчасці “Шануйце спадчыну сваю!”.
Яўген Валер’евіч працуе таксама і ў навукова-даследчым кірунку па вывучэнні мясцовага фальклору. Дзейсную дапамогу яму аказваюць бацькі вучняў, а бабулі і дзядулі падказваюць, як правільна выканаць тую ці іншую песню, аўтэнтычна паказаць пэўны элемент танца ці карагода. Разам з бацькамі цалкам адрадзілі на мясцовых традыцыях абрады Юр’я, Міколы і Багача. Падчас такой работы настаўнікам робіцца шмат адкрыццяў, якія пазней становяцца асновай для ўдзелу вучняў у навукова-даследчай канферэнцыі “Пошук”.