Мая дружная сям’я

- 14:36Дашкольная адукацыя

Выкарыстанне мадэлі супрацоўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі з многапакаленнай сям’ёй

Дзіцяці для поўнага і гарманічнага развіцця асобы неабходна расці ў сямейным асяроддзі, у атмасферы шчасця, любові і разумення. Так сказана ў Канвенцыі аб правах дзіцяці. Сям’я — найбольш натуральнае асяроддзе для фізічнага, эмацыянальнага і сацыяльнага развіцця асобы. Сям’я з’яўляецца той сацыяльнай групай, якая першапачаткова фарміруе асобу чалавека. Сям’я ўводзіць у грамадства ўсё новых і новых членаў, перадаючы ім мову, норавы і звычаі, асноўныя ўзоры паводзін, абавязковыя ў гэтым грамадстве, уводзіць чалавека ў свет духоўных каштоўнасцей.

Выхаванне дзяцей — адзін з самых адказных сацыяльных абавязкаў сям’і. Але гэта і адзін з самых прыемных і ўдзячных абавязкаў мужа і жонкі. Для развіцця асобы дзіцяці важная ўся сям’я і ўсе тыпы сямейных роляў: маці, бацькі, сясцёр, братоў, дзядулі і г.д. Кожны член сямейнай групы стварае для дзіцяці асаблівы тып зносін, таму адсутнасць любога з іх разладжвае сістэму сямейных узаемадзеянняў і ўзаемаадносін.

Апошняе дзесяцігоддзе ў нашай краіне назіраецца інтэнсіўны рост ранніх шлюбаў. Не кожная маладая сям’я мае магчымасць жыць асобна, асабліва ў сталіцы і буйных гарадах, дзе жыллё каштуе дорага і не ўсім даступна. З гэтай прычыны мы можам назіраць вялікую колькасць многапакаленных (пашыраных) сем’яў, дзе не зусім старыя бабулі і дзядулі жывуць са сваімі дзецьмі, якія таксама сталі бацькамі. Дзве сям’і, тры пакаленні пад адным дахам. Добра гэта ці дрэнна? Адназначны адказ тут даць нельга. Яшчэ з даўніх часоў асноўнай задачай сям’і было выхаванне падрастаючых пакаленняў, перадача ім набытага вопыту, этнічных і сацыяльных норм, звычаяў, традыцый.

Традыцыйна беларуская сям’я была вялікай, поўнай, у ёй сумесна жыло некалькі пакаленняў. Існавала агульнанароднае правіла: бацькі дапамагалі дзецям цвёрда стаць на ногі, дзеці ж забяспечвалі бацькам спакойную ста­расць. Зараз іншыя часы, але прынцыпы сямейнага выхавання тыя ж: баць­кі дапамагаюць дзецям стаць на ногі і, што вельмі важна, дапамагаюць расціць і выхоўваць унукаў.

Прадметам педагагічнага даследавання многапакаленная сям’я раней не была, хаця шэраг беларускіх і расійскіх аўтараў у аспекце сваіх праблем вывучалі асаблівасці выхавання дзяцей у многапакаленнай сям’і. Аднак да цяперашняга часу не вывучана спецыфіка цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца многапакаленныя сем’і ў выхаванні дзяцей, не выяўлены фактары, што абумоўліваюць гэтыя цяжкасці, не выяўлены станоўчы вопыт многапакаленнай сям’і, не даследаваны шляхі ўплыву грамадскіх выхаваўчых устаноў на павышэнне яе педагагічнай культуры. Таксама раней не разглядалася і ўзаемадзеянне дашкольнай установы з многапакаленнай сям’ёй.

Актуальнасць і практычная знач­насць праблемы спрыяла распрацоўцы і ўкараненню ў работу нашай дашкольнай установы мадэлі супрацоўніцтва з многапакаленнай сям’ёй.

Мэта праекта — арыентаваць педкалектыў і бацькоў выхаванцаў на разуменне каштоўнасці выхавання ў дзецях якасцей, якія спрыяюць гарманізацыі адносін дзяцей са старэйшым пакаленнем сям’і (бабулямі і дзядулямі) праз выкарыстанне мадэлі супрацоўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі з многапакаленнай сям’ёй.

На падрыхтоўчым этапе даследавання была вывучана псіхолага-педагагічная літаратура па праблеме ўзаемадзеяння старэйшага пакалення сям’і і дзяцей дашкольнага ўзросту, нарматыўная і прававая дакументацыя па выбранай тэме.

На гэтым этапе нашага даследавання мы вывучалі:

  1. Тыпы сем’яў выхаванцаў (усяго 80 сем’яў) па наступных параметрах: склад сям’і, жыллёвыя ўмовы, матэ­рыяльнае становішча сям’і, узрост баць­коў, адукацыя і месца работы бацькоў, узрост прабацькаў і род заняткаў.
  2. Характар унутрысямейных адносін у пашыранай сям’і.
  3. Узаемаадносіны прабацькаў з дзіцем у многапакаленнай сям’і.

Сістэма маніторынгу асноўвалася на анкетаванні і апытаннях бацькоў, прабаць­каў і педагогаў. Дыягнастычны інструментарый уключае анкеты і апытальныя лісты для бацькоў, анкеты для педагогаў, карты аналізу сумесных мерапрыемстваў з бацькамі, аналіз сацыяльнага пашпарта УДА і інш. Наша даследаванне паказала, што пашыраная сям’я — частая з’ява, яна мае права на пільную ўвагу як даследчыкаў, так і практычных работнікаў.

Дэстабілізуюць пашыраную сям’ю нездавальняючыя жыллёвыя ўмовы (у 80%).

Пры вывучэнні ўнутрысямейных адносін у многапакаленнай сям’і было вызначана, што самая вялікая праблема — гэта гіперапека ў адносінах да дзяцей з боку як старэйшага пакалення, так і саміх бацькоў.

На наступным этапе нашага даследавання мы вывучалі ўзаемаадносіны прабацькаў з дзіцем у многапакаленнай сям’і. У працэсе даследавання вывучалася, якую ролю ў жыцці дзіцяці адыгрывае той ці іншы член сям’і, да каго з членаў сям’і дзіця прыхільна больш за ўсё і хто з’яўляецца крыніцай дыскамфорту ў сям’і. Таксама была вывучана пазіцыя прабацькаў у адносінах да дзіцяці ў пашыранай сям’і. Аналіз атрыманых даных сведчыць, што найбольшая колькасць дзяцей (30%), якія жывуць у пашыранай сям’і, адчувае большую прыхільнасць да бабулі і дзядулі, чым да бацькоў.

Такім чынам, аналіз атрыманых даных дапамог размеркаваць тыпы ўсіх пашыраных сем’яў у залежнасці ад дабрабыту ва ўзаемаадносінах унутры сям’і (табліца 1).

На аснове атрыманых даных мы вызначылі, што найбольш спрыяльнымі для развіцця асобы дзіцяці і яго самарэалізацыі з’яўляюцца поўныя прабацькаўскія, поўныя сярэднядзетныя і шматдзетныя бацькоўскія сем’і, а таксама няпоўныя прабацькаўскія, поўныя сярэднядзетныя бацькоўскія сем’і. У такіх сем’ях дзіця бачыць усе тыпы сямейных роляў, мае свае абавязкі, як правіла, для такіх сем’яў характэрны дэмакратычны стыль выхавання. Поўная прабацькаўская, поўная маладзетная бацькоўская сям’я мае шэраг сваіх хібаў: 1) дзіця расце эгаістам; 2) як правіла, такім сем’ям характэрны гіперапекавальны стыль выхавання. Нядобры ўплыў на развіццё асобы дзіцяці аказваюць няпоўныя прабацькаўскія, няпоўныя бацькоўскія сем’і. У большасці выпадкаў такія сем’і складаюцца з бабулі, маці і дзіцяці. Для дзяўчынкі такая сітуацыя адмоўная тым, што ўжо з дзяцін­ства праграмуецца сцэнарый будучага сямейнага жыцця, для хлопчыка — няма ідэнтыфікацыі з іншым полам. Такія сем’і маюць патрэбу ў псіхалагічнай і педагагічнай дапамозе з боку дашкольнай установы.

Аднак тып сям’і непасрэдна не вызначае вынік выхавання. Ён залежыць ад выхаваўчага патэнцыялу, які складаецца з маральна-псіхалагічнага клімату сям’і, характару ўплыву старэйшага пакалення дзяцей.

Важнае значэнне для нашага даследавання мела выяўленне ўзроўню работы ўстановы дашкольнай адукацыі з рознымі тыпамі сем’яў. З гэтай мэтай прымяняліся наступныя метады: аналіз гадавых і перспектыўных планаў, гутаркі з выхавальнікамі.

У выніку даследавання падчас падрыхтоўчага этапу былі вызначаны педагагічныя ўмовы эфектыўнага ўзаемадзеяння старэйшага пакалення сям’і з дзецьмі дашкольнага ўзросту:

  1. Фарміраванне каштоўнасных арыенціраў у працэсе пашырэння педагагічнай кампетэнтнасці членаў многапакаленнай сям’і.
  2. Вызначэнне і ўзгадненне бацькамі і старэйшым пакаленнем сям’і функцый, накіраваных на выхаванне дзіцяці.
  3. Узбагачэнне эмацыянальнага вопыту дзяцей у зносінах з прадстаўнікамі старэйшага пакалення сям’і.

Таксама вынікам нашага даследавання стала стварэнне мадэлі педагагічнага суправаджэння ўзаемадзеяння старэйшага пакалення сям’і з дзецьмі дашкольнага ўзросту, якая ўключае тры кампаненты. Кагнітыўны кампанент уяўляе сістэму паняццяў, правіл, норм, ацэнак, арыенціраў. Эмацыянальна-матывацыйны кампанент — сістэма матываў і пачуццяў, якія вызначаюць пазітыўныя адносіны старэйшага пакалення да дзіцяці, яго патрэб і інтарэсаў, а таксама талерантныя адносіны да дарослых удзельнікаў педагагічнага працэсу, якія акружаюць дзіця. Дзейнасны кампанент — гэта сукупнасць спосабаў, метадаў і прыёмаў арганізацыі жыцця і выхавання дзіцяці (табліца 2).

Вынікі, атрыманыя падчас падрыхтоўчага этапу, дапамаглі намеціць шлях далейшай работы дашкольнай установы па ўзаемадзеянні з многапакаленнай сям’ёй і скласці план асноўнага этапу. Намі была выбрана структурна-функцыянальная мадэль узаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў. Умоўна яна складаецца з трох блокаў: інфармацыйна-аналітычны (асвета бацькоў), практычны (арганізацыя прадукцыйных зносін), кантрольна-ацэначны (аналіз эфектыўнасці мерапрыемстваў).

У далейшым былі вызначаны асноўныя напрамкі работы: работа з педагогамі, з сям’ёй (бацькі, прабацькі), з дзецьмі.

Першы блок — мэтанакіраваная метадычная работа па аказанні дапамогі педагогам па ўзаемадзеянні з многапакаленнай сям’ёй. Авалоданню педагогамі дашкольнай установы навыкамі зносін дапамагала фарміраванне ўмення пераадольваць псіхалагічны бар’ер, які ўзнікаў у адносінах педагогаў і бацькоў, а самае галоўнае — педагогаў і прабацькаў. Педагогі могуць правільна будаваць камунікатыўную прастору, эфектыўнасць якой залежыць ад таго, наколькі ўдаецца ўздзейнічаць на погляды, паводзіны, светапогляды бацькоў, прабацькаў. Лічым, што рэалізоў­ваць гэты напрамак работы ў дашкольнай установе мэтазгодна, выкарыстоўваючы наступныя формы:

— правядзенне тэматычных педсаветаў і праблемных семінараў у рамках тэмы праекта;

— правядзенне кансультацый і рэкамендацый па тэме праекта;

— арганізацыя майстар-класаў і адкрытых праглядаў мерапрыемстваў, якія праводзяцца;

— дыскусіі з выкарыстаннем інтэр­актыўных метадаў (мазгавы штурм), прыёмаў факусіраванага абмеркавання педагагічных калізій;

— арганізацыя выстаў метадычнай літаратуры і наглядных дапаможнікаў па тэме праекта.

У рамках работы па праекце, асноўваючыся на дапамозе і падтрымцы баць­коў, бабуль і дзядуляў, мы стварылі ў дзіцячым садзе “Кнігу народнай мудрасці”, у якую запісваем творы фальклору, выказванні вядомых пісьменнікаў і філосафаў, што маюць значэнне ў рабоце з дзецьмі і іх сем’ямі па фарміраванні паважлівых адносін да людзей старэйшага пакалення. Змест кнігі папаўняецца педагогамі і членамі сем’яў. Час ад часу мы разглядаем гэтую кнігу, абмяркоўваем сэнс прыказак, прымавак, выказванняў, падахвочваем выкарыстоўваць іх у маўленні. Сумесна з педагогамі вядзецца падбор матэрыялаў для вырабу дыдактычнага дапаможніка “Вобразы пакаленняў вачыма мастакоў”.

Другі блок — работа дашкольнай установы з сям’ёй. Пры складанні плана работы з сем’ямі ўлічваліся сацыяльнае становішча, адукацыйны ўзровень бацькоў і старэйшага пакалення, іх праблемы і запатрабаванні. Вялікая частка мерапрыемстваў плануецца як пастаянна дзеючыя формы ўзаемадзеяння, якія падтрымліваюцца ўзаемнай цікавасцю ўсіх удзельнікаў.

Метадамі работы з сям’ёй мы выбралі кансультацыі, міні-сходы, сумесныя святы, выставы, бацькоўскія сходы, вывучэнне лепшага вопыту сямейнага выхавання, дамашнія заданні, круглыя сталы, інфармацыйныя стэнды ў групах, холе дзіцячага сада. На гэтым этапе праводзіцца работа па карэкцыі гіпер­апекі і гіпаапекі як з боку бацькоў, так і з боку прабацькаў. Гэты напрамак работы з сям’ёй будуецца па тыпе кампенсаторных сувязей, накіраваных на аптымізацыю ўплыву многапакаленнай сям’і на дзіця праз выхаванне бацькоў і прабацькаў, аказання ім дапамогі.

Каб паказаць значнасць сямейных традыцый для станаўлення асобы дзіцяці, раскрыць магчымасці далучэння школьніка да традыцый ва ўмовах сучаснай сям’і, бацькам быў прапанаваны вусны часопіс на тэму “Традыцыі сям’і: учора, сёння, заўтра”. Асаблівая ўвага ў гэтым вусным часопісе была ўдзелена традыцыям, якія, на наш погляд, трэба адрадзіць у сучасных сем’ях. Сярод іх — дамашнія гульні, сумеснае чытанне па вечарах любімых казак, былін, апавяданняў, сутворчасць дзяцей і бацькоў, сямейныя вечары для маленькіх з удзелам усіх членаў сям’і.

Мы мяркуем, што работа, якая праводзіцца, дазволіць знайсці эфектыўныя спосабы ў рабоце ўстановы дашкольнай адукацыі з многапакаленнай сям’ёй, разбурыць схаванае або яўнае супрацьстаянне ўсіх членаў сям’і ў выхаванні дзіцяці, праясніць разуменне кожным удзельнікам выхаваўчага працэсу яго неацэннага ўкладу ў развіццё і выхаванне малодшага прадстаўніка сям’і.

Трэці блок — работа з дзецьмі. Работа з дзецьмі дашкольнага ўзросту ажыццяўляецца пастаянна і ўплятаецца ў педагагічны працэс установы адукацыі. Яна накіравана на фарміраванне ўяўленняў дзяцей пра ўклад пажылых людзей у грамадскае жыццё краіны і асабістае жыццё кожнага дзіцяці, на выхаванне эмпатыі і талерантнасці да старэйшага пакалення і авалоданне спосабамі выказвання любові, увагі і клопату пра бабуль і дзядуляў.

Азнаямленне дашкольнікаў з сямейнымі духоўнымі каштоўнасцямі, традыцыямі мы будуем на аснове пашырэння і паглыблення ведаў дзяцей пра сям’ю і сямейныя адносіны. У гутарках, гульнях, пры чытанні казак і апавяданняў разам з дзецьмі мы высвятляем, што сям’я патрэбна ўсім для таго, каб было цікавей і весялей жыць, каб дапамагаць і клапаціцца адно пра аднаго. Раскрываючы сутнасць узаемаадносін у сям’і, мы звяртаемся да народных прыказак і прымавак пра сямейнае шчасце, сваяцкія адносіны, любоў бацькоў. Дзецям даюцца заданні даведацца ў бацькоў, бабуль і дзядуляў, якія гульні яны любілі ў дзяцінстве, якімі карысталіся лічылкамі, цацкамі.

У штодзённым жыцці ў рабоце з дзецьмі мы пастаянна звяртаемся да крыніц рускай і беларускай народнай культуры — у першую чаргу да фальклору. Змест фальклору адлюстроўвае жыццё народа, яго вопыт, прасеяны праз сіта стагоддзяў, духоўны свет, думкі, пачуцці нашых продкаў (выкарыстанне “Кнігі народнай мудрасці”).

Пазнаёміць дзяцей з некаторымі эпісталярнымі традыцыямі мінулага дапамагае серыя гульняў-заняткаў “Адправім пісьмы родным”. Падчас заняткаў мы цікавіліся, ці хацелася б дзецям напісаць пісьмы, каму яны іх адрасавалі б, пра што напісалі б. Пасля гэтага мы арганізавалі конкурс на лепшае віншаванне бабулі або дзядулі, якое дзеці павінны былі прыдумаць і прачытаць. Пасля заняткаў мы прапанавалі дзецям дома разам з бацькамі напісаць і адправіць пісьмо сваім блізкім.

У рабоце мы імкнёмся звяр­нуць увагу дзяцей на своеасаблі­васць традыцый, якія існуюць у іх сем’ях, спрыяць узнікненню ў кожнага пачуцця гордасці за сваю сям’ю.

Такім чынам, работа, якая право­дзіцца, ужо значна змяніла ўяўленне бацькоў і прабацькаў пра сямейнае выхаванне. Значна палепшыліся адносіны дзяцей і старэйшых. Вялікіх змен мы дасягнулі і ва ўзаемадзеянні дзіцячага сада і сям’і — павысіўся ўзровень сацыяльна-псіхалагічнай культуры бацькоў, прабацькаў і педагогаў, адсюль — уменне мець зносіны, наладжваць дзелавое і асобаснае супрацоўніцтва.

Прадугледжваем наступныя вынікі работы:

  1. Выхаваўчыя функцыі паміж бацькамі і прадстаўнікамі старэйшага пакалення сям’і пры ўзаемнай згодзе двух бакоў могуць і павінны быць вызначаны і накіраваны на інтэграцыю ўмоў выхавання дзіцяці. У той жа час педагогі дашкольных адукацыйных устаноў не стануць ухіляцца ад педагагічна разумнага і правільнага кіраўніцтва ўключэннем старэйшага пакалення сям’і ў выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту, будуць выкарыстоўваць дыферэнцыраваны падыход да ўдзельнікаў выхаваўчага працэсу.
  2. Выкарыстанне мадэлі супрацоўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі з многапакаленнай сям’ёй павінна спрыяць станаўленню выхаваўчага ўзаемадзеяння старэйшага пакалення сям’і з унукамі, паляпшэнню міжасобасных адносін паміж дзецьмі і бацькамі, унукамі і прабацькамі, што ў выніку паслужыць устанаўленню пераемнасці паміж пакаленнямі.

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 161 Мінска,
кіраўнік метадычнага аб’яднання
педагогаў-псіхолагаў Ленінскага раёна Мінска.