“Мая калекцыя — гэта памяць майго дзяцінства”. Каля тысячы каляндарыкаў, больш за 700 паштовак, сотні пачкаў з-пад запалак сабрала загадчыца дзіцячага сада № 1 Быхава Маргарыта Баркова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Моцны падмурак
Каштоўнасць здароўя і чалавечых зносін для яе не пустыя словы. Будучы маленькай дзяўчынкай, Маргарыта Уладзіміраўна сур’ёзна захварэла — амаль страціла зрок. Гэтая акалічнасць не дазволіла ёй наведваць школу амаль да 5 класа. Яна па паўгода праводзіла ў бальнічных палатах, праходзіла курсы лячэння. Побач увесь час была маці.
— Яна прысвяціла мне сваё жыццё. І менавіта мама зацікавіла мяне калекцыяніраваннем, стала маім правадніком у гэты цудоўны і цікавы свет. У школьныя гады яна сама збірала абгорткі ад цукерак, маркі, паштоўкі. На жаль, захавалася вельмі малая частка яе калекцыі. Аднойчы яна разлажыла свой скарб на дыване і, не прыбраўшы, пайшла з сяброўкамі гуляць. Дзядулю гэта не спадабалася, і ён спаліў у печцы пакінутыя дачкой рэчы, — расказвае суразмоўніца.
Сваю калекцыю Маргарыта Уладзіміраўна захоўвае вельмі беражліва. Вечарамі, калі выдаецца вольная хвілінка, любіць пагартаць запоўненыя альбомы. Кожны экзэмпляр для яе каштоўны, за кожным цікавая гісторыя.
— Вось, напрыклад, ад цукеркі абгортка 1963 года з выявай Пушкіна і яго нянькі. Гледзячы на яе, успамінаю тыя часы, калі была актывісткай піянерскага руху, разам з аднакласнікамі дапамагала ветэранам, збірала макулатуру. Аднойчы ў адным з часопісаў знайшла гэтую абгортку. Я вельмі любіла казкі Пушкіна, многія ведала на памяць. Мама вазіла мяне па тых месцах, дзе жыў вялікі паэт, — дзеліцца ўспамінамі Маргарыта Уладзіміраўна.
Яе дзяцінства прайшло ў расійскім гарадку Востраў, што ў Пскоўскай вобласці. Бацька быў ваенным, часта ездзіў у камандзіроўкі, а дачка з нецярпеннем чакала яго і ведала, што ён абавязкова вернецца з чарговымі каляндарыкамі, паштоўкамі, шакаладкамі і цукеркамі, абгорткі ад якіх папоўняць яе калекцыю.
— У той час калекцыяніраванне было вельмі папулярным не толькі сярод дарослых, але і сярод дзяцей. Мы актыўна абменьваліся рэчамі з аднакласнікамі. Напрыклад, каб стаць шчаслівым уладальнікам абгорткі ад цукеркі “Гулівер”, прыходзілася аддаць адразу пяць іншых абгортак. Перапісваліся са школьнікамі з Чэхіі, ГДР, рэспублік СССР і таксама абменьваліся з імі нашымі скарбамі. Зараз, калі наведваю сяброў у Пецярбургу, абавязкова заходжу ў лаўкі для калекцыянераў. Вочы разбягаюцца, здаецца, усё б там набыла. Сёлета, напрыклад, купіла цукеркі, на абгортках якіх партрэты палітычных лідараў, — расказвае Маргарыта Уладзіміраўна.
У яе калекцыі марак, якая складаецца з чатырох вялікіх альбомаў, асаблівае месца займаюць экзэмпляры з выявай Леніна. Менавіта яго ставілі ёй у прыклад бацькі. Словы правадыра пралетарыята “вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца” сталі адным з яе жыццёвых арыенціраў.
— Маркі больш не купляю, а вось каляндарыкі набываю. Ёсць незвычайныя экзэмпляры, якія нагадваюць маленькія кішэнныя штодзённікі, такія больш не выпускаюць. Што тычыцца паштовак, то больш за ўсё сярод іх картак з выявамі маіх любімых руж. Канечне, збірала і віншавальныя навагоднія паштоўкі, як без іх, — з усмешкай адзначае калекцыянер.
А вось калекцыя пачкаў з-пад запалак з’явілася нечакана: падчас чарговага курса лячэння дзяўчынка захапілася стварэннем домікаў з запалак.
— І зараз збіраю іх. Ёсць серыя з гербамі гарадоў Беларусі, са знакамі задыяка. Прадаўцы ў магазінах спачатку здзіўляліся, чаму я так цікаўлюся запалкамі, а зараз ведаюць пра маю калекцыю і самі прапаноўваць новыя экзэмпляры, — гаворыць Маргарыта Уладзіміраўна.
Здаецца, такая дробязь — абгорткі ад цукерак ці шакаладак. Аднак яны нясуць у сабе столькі інфармацыі. Дзякуючы ім, можна прасачыць, як мянялася афармленне пэўнай цукеркі, якія фабрыкі выпускалі той ці іншы шакалад і г.д.
На кругі свае
Лёс чалавека часам бывае непрадказальным. Сутыкнулася з гэтым і Маргарыта Уладзіміраўна. Так склалася, што яе бацькі прынялі рашэнне вярнуцца на Радзіму, у Быхаў, дзе яна нарадзілася. У Магілёўскім педагагічным універсітэце імя А.А.Куляшова дзяўчына атрымала дыплом псіхолага-метадыста дашкольнай адукацыі. Маладым спецыялістам пачала працаваць у дзіцячым садзе № 1 Быхава. А потым 16 гадоў яе жыцця было аддадзена адміністрацыйнай рабоце. За гэты час Маргарыта Уладзіміраўна атрымала дыплом менеджара, прайшоўшы перападрыхтоўку ў БДПУ. У 2014 годзе скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Узначальвала аддзел па ідэалогіі Быхаўскага райвыканкама, была спецыялістам аддзела адукацыі.
— І вось сёння я працую ў тым самым дзіцячым садзе, дзе пачынала сваю педагагічную дзейнасць. Трэці год з’яўляюся загадчыкам дашкольнай установы, дарэчы, самай вялікай па колькасці выхаванцаў у горадзе. Тут працавала мая мама, сюды хадзілі трое маіх дзяцей, сярод калег ёсць тыя, з кім я ўжо працавала, будучы выхавальнікам, — адзначае суразмоўніца.
Кожны момант жыцця яна ўспрымае як урок, які прыносіць ёй новыя дасягненні, новыя знаёмствы, новы вопыт. Любоў да дзяцей і работы натхняе Маргарыту Уладзіміраўну. Бачыць усмешкі выхаванцаў, імкнуцца зрабіць кожны іх дзень насычаным, цікавым, карысным — яе галоўная мэта.
— Летась мы адкрылі дашкольнае лясніцтва, пасадзілі на тэрыторыі сада дэндрапарк. Днямі прадстаўнікі лясгаса падарылі дзецям мікраскоп — будзем займацца даследчай работай. У хуткім часе пачнём праводзіць музейныя заняткі з удзелам супрацоўнікаў гарадскога музея, — падкрэслівае загадчыца.
Цікава, што, дзякуючы ўважліваму стаўленню да здароўя, у Маргарыты Уладзіміраўны з’явіліся новыя захапленні.
— Кожную раніцу іду на школьны стадыён, што побач з домам. Пакуль не выпадзе снег, бегаю басанож. Тры разы на тыдзень наведваю басейн. Прымаю актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах у складзе дэпутацкага корпуса. Займаю прызавыя месцы па плаванні, лыжных гонках і кіданні гранаты. Нечакана для сябе пазнаёмілася з гэтым відам спорту, і ён мне вельмі спадабаўся. Дома ёсць увесь неабходны спартыўны інвентар — лыжы, канькі, ракеткі для вялікага і малога тэніса, — расказвае пра свае спартыўныя дасягненні Маргарыта Уладзіміраўна.
Неабыякавасць і ўважлівасць да жыцця натхняюць яе на напісанне вершаў. Яны ў асноўным маюць патрыятычную накіраванасць. Калі Быхаўская гарадская бібліятэка святкавала сваё стагоддзе, загадчыца дзіцячага сада дасканала вывучыла гісторыю ўстановы і напісала вялікі паэтычны твор, які заняў 1-е месца ў конкурсе, аб’яўленым бібліятэкай.
У загадчыцы дзіцячага сада заўсёды пад рукой некалькі штодзённікаў. Адзін — каб запісваць упадабаныя цытаты з кінафільмаў і кніг. Яшчэ ў адным на працягу года мнагадзетная маці і бабуля дзяўчынак-двайнятак занатоўвае ўсе важныя падзеі, што адбываюцца ў сям’і. І калі напярэдадні Новага года ўсе збіраюцца за сталом, Маргарыта Уладзіміраўна прапаноўвае родным успомніць самыя лепшыя моманты жыцця, якія прынёс адыходзячы год. Для сябе ж яна вызначае новыя мэты. Планку заўсёды ўзнімае, каб не спыняцца на дасягнутым і ісці наперад, нягледзячы на цяжкасці. Без іх жыццё было б не такім поўным і насычаным.
Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва суразмоўніцы