Цікавасць да пазнання трэба выхоўваць з дзяцінства, лічаць у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 97 Гродна, што і пачынаюць рабіць з самага юнага ўзросту. Фестываль “Я — даследчык” праводзіцца ў цэнтры з 2014 года: падводзяць вынікі сумеснай работы выхаванцаў, іх бацькоў, выхавальнікаў па рэалізацыі даследчых праектаў. Удзельнічаюць у праектах і фестывалі ўсе дзеці.
“Вельмі цікава ўсё тое, што невядома!” — пад такім дэвізам прайшоў у цэнтры Дзень навукі. У рамках фестывалю “Я — даследчык” восем груп дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту прадэманстравалі вынікі сваіх даследаванняў.
— Кожнае дзіця па прыродзе даследчык. Патрэба ў новых уражаннях, дапытлівасць дазваляюць дзецям рабіць маленькія адкрыцці ў працэсе пазнання прадметаў і з’яў навакольнага свету, — гаворыць загадчык ДЦРД № 97 Галіна Смурага. — А задача дарослых — падтрымаць і дапамагчы рэалізаваць гэтыя патрэбы.
У цэнтры створана сістэма работы па арганізацыі даследчай дзейнасці. Працуе “Інстытут “Пазнайка” для дзяцей старэйшага ўзросту, якія выяўляюць здольнасці ў галіне прыродазнаўства. Ладзяцца творчыя пасяджэнні юных даследчыкаў сумесна з педагогамі і бацькамі. Навучаючы выхаванцаў даследчай дзейнасці, педагогі выкарыстоўваюць праблемна-гульнявыя метады, пошукавую гутарку, мадэляванне, энцыклапедычную літаратуру. Больш за 10 гадоў выкарыстоўваецца праектны метад работы.
— Сёлета шмат даследчыцкіх праектаў тычылася экалогіі, — расказвае выхавальнік-метадыст Галіна Аляхновіч. — Так, былі прадстаўлены праекты “Другое жыццё пластыкавай бутэлькі”, дзе разам з выхавальнікам Аленай Шостка дзеці паказалі, што з другаснай сыравіны можна зрабіць цікавыя цацкі. “Смецце Зямлі не да твару”, “Папяровы свет”, “Дзівосны свет вады” — гэтыя праекты дазволілі атрымаць дзецям карысныя веды пра беражлівае стаўленне да прыродных багаццяў, а юным даследчыцам прадэманстраваць строі з паперы і пластыку.
— Без удзелу бацькоў не ўяўляем арганізацыю даследчыцкай работы дзяцей, — дадае намеснік загадчыка Эла Новікава. — З бацькамі старэйшых груп праводзіцца анкетаванне на тэму “Арганізацыя доследаў і эксперыментаў дома”, мэта якога — выявіць ступень удзелу бацькоў у эксперыментальнай дзейнасці дзіцяці і ў падтрыманні яго пазнавальнай цікавасці. Па выніках анкетавання педагогі груп плануюць на працягу года кансультацыю “Роля сям’і ў развіцці пазнавальнай актыўнасці дашкольнікаў”, інфармацыю ў бацькоўскі куток “Што трэба рабіць для падтрымання цікавасці дзяцей да пазнавальнага эксперыментавання”, “Хатняя лабараторыя” і інш.
Вось і на фестываль прыйшло шмат бацькоў. Ну, як абысціся без іх расказу аб рабоце, калі прадстаўляецца праект “Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя”! Праект “Радаводнае дрэва” выклікаў такую зацікаўленасць, што некаторыя бацькі нават у архівы звярталіся, каб даведацца больш пра гісторыю свайго роду. На адным з “дрэў” было 26 фотаздымкаў вялікай сям’і.
Да выхаванцаў цэнтра ў гэты дзень завітаў прафесар Усёзнамус і ўручыў кожнаму юнаму даследчыку медаль. Канешне, не нобелеўскі, але хто ведае, што будзе праз некалькі дзясяткаў гадоў.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.