Што такое медыяадукацыя, навошта яна патрэбна і ці ёсць сэнс і магчымасці ў сучаснага адукацыйнага працэсу яе выкарыстоўваць на ўроках біялогіі і хіміі? Такія пытанні разглядаліся на пасяджэнні раённага фарміравання настаўнікаў біялогіі і хіміі, якое праходзіла ў лютым на базе Ушацкай сярэдняй школы.
У вучэбных праграмах па біялогіі і хіміі для 10 класа (базавы і павышаны ўзроўні, 2015 год) пазначаны асноўныя патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі вучняў, якія супадаюць пры выкладанні прадметаў як на базавым, так і на павышаным узроўні. Адзін з напрамкаў, якому трэба ўдзяліць “асаблівую ўвагу пры фарміраванні сацыяльных уменняў навучэнцаў, — фарміраванне агульнавучэбных уменняў работы з вучэбнай навукова-папулярнай і навуковай літаратурай, інтэрнэт-рэсурсамі і г.д.”.
Такім чынам, у сучаснай адукацыі ўзнікла неабходнасць у фарміраванні яшчэ адной кампетэнцыі вучняў — медыякампетэнцыі.
Пасяджэнне прайшло ў форме вучэбнага семінара. Педагогі загадзя атрымалі заданне разабрацца з такімі тэрмінамі, як медыядасведчанасць, медыяадукацыя, крытычнае мысленне і інш., пазнаёміцца з матэрыяламі інтэрнэт-рэсурсаў па тэме “Медыяадукацыя і медыядасведчанасць”.
Настаўнікі ў групах абмяркоўвалі значэнне тэрмінаў, складалі з іх логіка-сэнсавыя мадэлі і прадстаўлялі вынікі сваёй працы. Потым яны пазнаёміліся з прыкладамі, якія адлюстроўваюць магчымасць выкарыстання медыяадукацыі на ўроках біялогіі і хіміі. Напрыклад, чаму б не выкарыстаць сайт “Аднакласнікі”? На яго старонках “завісаюць” амаль ці не ўсе нашы школьнікі і мы, настаўнікі. У апошні час гэты сайт выкарыстоўваецца не толькі для пошуку былых і цяперашніх аднакласнікаў, але і для распаўсюджвання мноства інфармацыі, якая з’яўляецца не зусім дакладнай. Напрыклад, выкладаюцца фота дзіўных раслін, жывёл, прыродных з’яў з фальшывай інфармацыяй. Вось тут мы павінны вучыць нашых дзяцей крытычна падыходзіць да інфармацыі, рабіць правільныя высновы на аснове ведаў, атрыманых на ўроках біялогіі і хіміі, каб вучні разумелі, дзе праўда, а дзе фэйк.
А якое шырокае поле для развіцця медыякампетэнцыі дзяцей і падлеткаў на матэрыяле рэкламы! З экранаў на нас сыплецца як з рога дастатку рэклама прадуктаў харчавання, якія так любіць наша моладзь, — газіраваныя напіткі, чыпсы, сухарыкі, шакаладныя батончыкі і г.д., а таксама мыйных сродкаў, сродкаў асабістай гігіены, лекавых прэпаратаў. Гэты пералік можа быць бясконцым. Вось і тут ёсць падстава навучыць дзяцей не станавіцца ахвярамі медыяманіпуляцый, умець адыходзіць ад стэрэатыпаў.
Нельга пакінуць без увагі матэрыялы на старонках інтэрнэт-рэсурсаў. Настаўніку трэба звярнуць увагу на фарміраванне ўмення аналізаваць паведамленні з інтэрнэту, карыстацца рознымі крыніцамі інфармацыі. А для гэтага трэба мець трывалыя веды. Цікавыя магчымасці для развіцця медыядасведчанасці прадастаўляюць урокі-экскурсіі. Амаль у кожнага вучня ёсць мабільны тэлефон з відэа- і фотакамерай, які можна выкарыстаць у якасці сродку дасягнення адукацыйнай мэты.
Вынікам пасяджэння круглага стала распрацоўка настаўнікамі мадэляў урокаў з выкарыстаннем медыйных магчымасцей. Настаўнікі прэзентавалі распрацоўкі ўрока біялогіі ў 7 класе па тэме “Фотасінтэз і дыханне” і ўрока хіміі ў 8 класе па тэме “Роля вады ў жыцці чалавека. Ахова вадаёмаў ад забруджванняў”. Але самым галоўным вынікам пасяджэння стала адзінагалоснае меркаванне настаўнікаў, што выкарыстанне медыяадукацыі на ўроках біялогіі і хіміі — гэта патрабаванне, якое нам дыктуе час. Для гэтага ў сучаснага настаўніка ёсць усе магчымасці, толькі трэба ўдасканаліць асабістую медыядасведчанасць.
Вольга ЖЫТКАЯ,
настаўніца біялогіі Ушацкай сярэдняй школы,
кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў біялогіі
і хіміі Ушацкага раёна.