Медыядасведчанасці навучыць мультфільм

- 16:35Портфолио

Перад настаўнікам малодшых класаў стаіць сур’ёзная задача: не толькі пазнаёміць вучняў з медыятэкстамі, але і навучыць ацэньваць, выдзяляць галоўнае, рабіць высновы на пачатковым узроўні, закладваючы аснову фарміравання медыякультуры ў старшых класах. Вырашэнню гэтай задачы будзе спрыяць цыкл практычных і творчых заданняў на аснове мультфільмаў, якія можна выкарыстоўваць падчас правядзення інфармацыйных ці класных гадзін.

  1. Практыкаванне “Вучымся глядзець і разумець мультфільм”

— Як вы лічыце, ці можа мультфільм нас навучыць? Чаму ён можа навучыць нас? Давайце разам паглядзім мультфільм “Дзед”. Паколькі мы з вамі імкнёмся да таго, каб быць дасведчанымі гледачамі, неабходна глядзець мультфільм вельмі ўважліва. Звярніце ўвагу на тое, як выглядаюць галоўныя героі мультфільма. Як сябе паводзяць? Чаму яны так сябе паводзяць? Усё гэта дапаможа вам лепш зразумець мультфільм. (Прагляд.)

— Як вы зразумелі, што гэта мультфільм-казка?

— Апішыце вёску, у якой жылі людзі даўней?

— Успомніце, як адносіліся да старых людзей? Чаму?

— Ці спадабаўся вам дзед?

— Якім ён быў чалавекам? Апішыце яго.

— Як да дзеда адносіліся дзеці?

— Чаму дзеці не захацелі пазбаўляцца ад дзеда, калі ён стаў старым?

  1. Гульня “Уважлівы глядач”

Гульня развівае ўвагу, назіраль­насць, медыяўспрыманне, уяўленне вучняў і можа разгортвацца па двух сцэнарыях.

1 варыянт

— Расказаць пра героя нескладана, калі памятаць усё, што паказваецца пра яго ў мультфільме. Зараз мы праверым, наколькі вы ўважлівыя гледачы.

— Ахарактарызуйце герояў мультфільма з дапамогай слоў-адпаведнікаў. Свой адказ абгрунтуйце (на картках запісаны словы для характарыстыкі, якія найбольш адпавядаюць героям: напрыклад, мудры, вясёлы, злы, сквапны, смешны, добры і г. д.)

— Раскажыце пра тыя ўчынкі герояў, якія  спадабаліся вам ці не спадабаліся. Патлумачце свой выбар. Што зрабілі б вы на месцы героя, калі б трапілі ў мультфільм?

— З кім бы вы пасябравалі? Каму дапамаглі б?

2 варыянт

Для гэтага спатрэбяцца акенцы — рамкі, выразаныя з паперы.

—  Паглядзіце на сваіх сяброў праз чароўнае акенца.  Раскажыце, што вы бачыце.

—  Уявіце, што разам з вамі ў акенцы глядзяць гледачы. Пакажыце ім тое, што вам найбольш падабаецца ў мультфільме, і раскажыце аб гэтым.

  1. Гульня “Чароўны свет мультыплікацыі”

Гэтая гульня дапаможа выявіць лепшага знаўцу мультфільмаў. Удзельнікам неабходна здагадацца, якая тэхніка выкарыстоўвалася аўтарамі пры стварэнні кожнага мультыплікацыйнага фрагмента. Напрыклад, гэта могуць быць фрагменты з лялечных мультфільмаў, маляваных, камп’ютарных.

  1. Практыкаванне “Самы назіральны”

Каб правесці гэтае практыкаванне, неабходна  папярэдне адабраць  мультыплікацыйныя фрагменты.

— Паглядзіце фрагменты ўжо вядомага вам мультфільма. (Паказ доўжыцца прыкладна 30 секунд ці 1 хвіліну.)

— Адкажыце, якога колеру быў капялюш у галоўнага героя? Колькі разоў у кадры з’явіўся галоўны герой? (Пытанні фармулюцца ў адпаведнасці з задачай, якую ставіць перад сабой настаўнік.)

  1. Гульня “Агучванне”

Гульня спрыяе развіццю поўнага ­ўспрымання медыятэксту, творчых здольнасцей. Для правядзення гульні неабходна запісаць некалькі фрагментаў з мультфільма. Пасля таго як паміж ­удзельнікамі размеркаваны ролі, гук выключаецца, а ўдзельнікі працуюць над агучваннем урыўка.

  1. Творчае заданне “Малюем мультфільм”

Мэта: дапамагчы вучням зразумець сэнсавы змест прагледжанага мультфільма. Кожнаму дзіцяці даецца заданне намаляваць пэўны эпізод мультфільма. Пасля таго як заданне будзе выканана, можна па малюнках скласці вусную гісторыю або пераказаць змест мультфільма.

А можна прапанаваць вучням стварыць асабістыя ілюстрацыі да мультфільма або з дапамогай ілюстрацый змяніць сюжэт мультфільма (прыдумаць новыя прыгоды галоўных герояў, змяніць месца дзеяння ў мультфільме, прыдумаць новага персанажа і інш.).

  1. Заданне “Што за чым”

Мэта: развіццё ўмення растлума­чыць сэнсавы змест мультфільма.

Вам спатрэбяцца малюнкі, падрыхтаваныя да мультфільмаў. Удзельнікам неабходна раскласці іх у пэўнай паслядоўнасці. Выконваючы гэтае заданне, вучні аднаўляюць паслядоўнасць па­дзей і адначасова ўспамінаюць ключавыя моманты мультфільма.

Кожнае з прапанаваных заданняў уключае ў сябе элементы аналізу медыятэксту, што з’яўляецца галоўнай умовай развіцця медыя­дасведчанасці. У працэсе абмеркавання вызначаюцца асаблівасці медыятэксту, тэма, ідэя.

Заняткі з выкарыстаннем мультыплікацыі можна ўмоўна раздзяліць на некалькі этапаў:

  1. Уступнае слова настаўніка (дапамагае накіраваць вучня на ўспрыманне мультфільма).
  2. Калектыўны прагляд мультфільма ці яго фрагмента.
  3. Абмеркаванне мультфільма (тэма, ідэя мультфільма, яго праблематыка, вобразы, кампазіцыйныя асаблівасці).
  4. Аналіз асобных фрагментаў мультфільма. Выяўленне ступені ўздзеяння на аўдыторыю.
  5. Выяўленне пазіцыі вучня адносна прагледжанага матэрыялу і адлюстраванне яе ў творчай рабоце (малюнак, калаж, калектыўнае абмеркаванне і інш.).

На што важна звярнуць увагу пры арганізацыі работы з экраннымі медыя?

  1. Улічвайце інтарэсы дзяцей: неабходна, каб мультфільм выклікаў ціка­васць, вучыў нечаму новаму і карыснаму, выхоўваў.
  2. Перад праглядам мультфільма абавязкова праводзьце ўступную гутарку, у ходзе якой можаце расказаць дзецям аб стваральніках мульфільма, даць устаноўку на ўспрыманне, засяродзіць увагу вучняў на тым, што яны будуць глядзець.
  3. Пасля прагляду мультфільма абавязкова выслухайце меркаванні вучняў. Няхай яны падзеляцца сваімі ўражаннямі, пачуццямі.
  4. Пры абмеркаванні мультфільма стварыце атмасферу даверу, каб вучні не баяліся памыліцца і выказацца.
  5. Памятайце, што абмеркаванне мультфільма — гэта творчы працэс, у якім на роўных размаўляюць настаўнік і дзіця.

Ірэна ЖАГЛО,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 19 Гродна;
Марыя МАНДРЫКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 19 Гродна.