Механічныя насякомыя? Лёгка!

- 12:18Навіны рэгіёнаў

У ХХІ стагоддзі робататэхніка ўжо не здаецца чымсьці незвычайным і зразумелым толькі прафесіяналам. Сёння стварэннем робатаў захапляюцца не толькі дарослыя, але і дзеці. Днямі ў Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў абласны конкурс па радыёканструяванні, дзе юныя вынаходнікі паказалі свае таленты.

Удзельнікам трэба было прайсці тры туры: тэарэтычны, практычны і абарону дамашняга задання — робата. Апошні этап у гэтым годзе быў уведзены эксперыментальна, каб разнастаіць праграму конкурсу і прыцягнуць моладзь да новых тэхналогій. На першых двух турах групы чаргаваліся: адны рашалі задачы, іншыя працавалі са схемамі. Хтосьці з лёгкасцю рабіў і тое, і другое, а некаторым удзельнікам практыка далася складаней за тэорыю. За гадзіну дзецям трэба было знайсці памылкі ў атрыманай схеме, выправіць іх, сабраць прыладу і не забыцца пра дадатковыя вымярэнні. Не дзіўна, што ў лабараторыях нервова хапаліся за галовы і правадкі!
— Для мяне і тэорыя, і практыка заўсёды былі простымі, — прызнаецца Уладзіслаў Зялінскі, пераможца, уладальнік дыплома ІІ ступені ў старшай групе. — Хіба што ў гэтым годзе змяніўся практычны этап. Раней мы паялі, а цяпер збіралі прыладу на макетах. Гэта стварыла некаторыя складанасці, але ў цэлым усё вырашальна.Пасля першых двух тураў наступіла самае цікавае — абарона робатаў. Удзельнікі павінны былі прадставіць BEAM-робатаў — канструкцыі, якія рэагуюць на змены ў навакольным асяроддзі, як жывыя істоты. Тэма конкурсу гучала як Beetle juice (“Кактэйль з насякомых”), таму і робаты былі адпаведнымі — у выглядзе насякомых разнастайных форм і памераў.
Не ўсе ўдзельнікі выканалі патрабаванні. Некаторым камісія задавала пытанне “Ты сам лічыш гэта робатам?”. Былі і дыскусіі, і гарачыя спрэчкі, і бліскучыя работы. Робаты рэагавалі на святло, колер паверхні, па якой рухаюцца, наяўнасць перашкод. У абароне дамашняга задання ў старшай групе перамог Дзмітрый Буланаў і яго робат-павук, які рухаўся, фіксаваў перашкоды і агібаў іх. Гэты твор ацанілі ўсе.
Прызавых месцаў было шмат. Старшую і малодшую групы ўзнагароджвалі за ўсе тры туры асобна, а потым ужо называлі абсалютных пераможцаў. У малодшай групе дыплом І ступені атрымаў Павел Вярыга, а лепшым у старшай групе стаў Аляксандр Лясніцкі, пераможца конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”.
— З кожным годам цікавасць да конкурсу расце, — расказвае дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік. — Так здарылася, што ў нейкі перыяд — гэта былі складаныя часы — ён крыху сціх. Зараз тэхнічная творчасць, асабліва навукова-тэхнічная, адраджаецца. З’яўляецца здаровая канкурэнцыя. Калі мала ўдзельнікаў — ёсць відавочныя лідары. Яны прыходзяць спакойнымі і ўпэўненымі, што атрымаюць перамогу. Чым больш удзельнікаў, тым большы азарт. Дзе гарантыя, што ты лепшы? Яе няма. Таму хлопцам трэба максімальна выкласціся. Гэта вельмі добра, і выхаванцы самі гэта адзначаюць, бо дзякуючы такому спаборніцтву яны растуць і прафесійна, і ў маральным плане — фарміруецца ўнутраны стрыжань, воля да перамогі.
Можна пахваліцца тым, што мы пачалі далучаць да нашай дзейнасці дзяцей з шасці гадоў. Тэхнічнай творчасцю можна прафесійна займацца толькі з 11 гадоў. Аднак калі дзіця да гэтага ўзросту не захапілася ёй, то шансы, што гэта стане яго жыццём, значна змяншаюцца. Менавіта таму мы сталі прыцягваць малых і адкрылі дзіцячы цэнтр навуковых адкрыццяў “ІнаПарк” — месца, куды бацькі могуць прыйсці і пазаймацца навукай разам з дзецьмі. Калі спадабалася, заўсёды ёсць магчымасць запісацца ў гурток, каб працягнуць заняткі. Сёння ў нас ужо існуе пяць груп малодшых дзетак. Гэта нашы будучыя канкурсанты, будучыя навукоўцы.

Святлана КРАЎЧАНКА,
навучэнка 11 класа Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя.