Месца сілы

- 13:15Авторские колонки, Мнение

Наталля КАСТЭНКА

 

 

 

 

 

 

Лета, такое доўгачаканае, спякотнае, ягаднае, імкліва рухаецца да свайго фіналу. Але сумаваць аб ім пакуль рана. Самы час падвесці прамежкавыя вынікі летняга адпачынку і аздараўлення, скарэкціраваць свае планы, каб выкарыстаць летні перыяд па максімуме.

Прызнаюся вам: ніколі не любіла і не разумела лянівага адпачынку ля басейна ў замежным атэлі. Адпачынак для мяне — гэта магчымасць змяніць дзейнасць і адкрыць для сябе штосьці новае, нязведанае. Апошнім часам я з сям’ёй шмат падарожнічаю па роднай зямлі, прычым па малой радзіме, Смаргоншчыне. Гэта толькі здаецца, што на зямлі продкаў за дзесяцігоддзі твайго жыцця ўсё пройдзена і вывучана да драбніц, што не засталося цікавых куточкаў, дзе можна наталіцца гісторыяй беларускага краю. Нават па дарозе са сталіцы да райцэнтра Смаргонь — безліч мясцін з неверагоднай гісторыяй і энергетыкай. 

Старажытнае Крэва. У 3 класе школы летам я ха­дзіла туды ў пешы паход з роднага Залесся, што на Смаргоншчыне. Дарога тады здавалася вельмі цяжкай і бясконцай, таму я мала памятаю свае ўражанні ад велічы Крэўскага замка. Замка, гісторыя якога бярэ пачатак у XIV стагоддзі, дзе жылі і гасцявалі вялікія князі і каралі, дзе была падпісана Крэўская унія. Кажуць, у Крэўскім замку да гэтай пары жыве свой прывід — дзяўчына з сабачкам. Паводле адной з легенд, мясцовая прыгажуня адмовілася выйсці замуж, таму яе жывой (разам з любімым гадаванцам) замуравалі ў сцяне замка. Дзікія былі часы… Сёння Крэва — невялікая вёсачка за 22 кіламетры ад райцэнтра і адно з месцаў сілы нашай нацыі.

Далей па дарозе на Смаргонь мы часам заязджаем у вёску Наваспаск, каб агледзець руіны старажытнага храма. Разбураныя таўшчэзныя сцены з чырвонай цэглы ўзвышаюцца над вёскай, быццам лунаюць над ёй. Калісьці гэта была Спаса-Праабражэнская царква, спачатку ўніяцкая, а пасля праваслаўная, якую ўзвялі па загадзе пана Букатага ў другой палове XVIII стагоддзя. Для большай устойлівасці пры будаўніцтве храма яго падмурак паглыбілі на 3 метры ў зямлю. Напэўна, таму і ўстаяў храм падчас няспыннага абстрэлу ў гады Першай сусветнай вайны — побач праходзіла лінія фронту. Пабудаваны на пагорку храм прыняў на сябе безліч куль і снарадаў, і яго ацалелыя сцены да гэтай пары захоўваюць раны ад вайны. Калі стаіш у ім, прастрэленым і пакалечаным, то ствараецца ўражанне, што неба назірае за табой… І дае табе сілу.

Смаргоншчына і ўласна Смаргонь надзвычай моцна пацярпелі ад Першай сусветнай вайны. 810 дзён доўжылася супрацьстаянне рускіх і нямецкіх войскаў пад горадам. Па ступені разбуранасці Смаргонь часоў Першай сусветнай часам параўноўваюць са Сталінградам Другой сусветнай. Маштабы трагедыі неперадавальныя: за адзін дзень 25 верасня 1915 года на полі бою на беразе ракі Віліі загінулі 5,5 тысячы нямецкіх і 3,5 тысячы рускіх салдат. А праз няпоўныя тры тыдні немцы правялі тут, пад Смаргонню, страшэнную па сваіх наступствах газавую атаку. Пазней Смаргонь назавуць мёртвым горадам — ён быў цалкам разбураны і спалены. А пасля вайны з 16 тысяч мясцовых жыхароў на родную зямлю вернуцца толькі 160 чалавек… 

І, нягледзячы ні на што, гэта таксама для мяне месца сілы. 

Пасля Смаргоні едзем далей — па правым беразе Віліі. Спыняемся, толькі калі бачым велічны храм на ­ўзгорку, за сотню метраў ад ракі. Гэта драўляны касцёл Святой Тройцы, пабудаваны ў 1809 годзе. Дзіва, што ён захаваўся? Зусім не. У гады Першай сусветнай вайны касцёл быў пераабсталяваны пад нямецкі шпіталь. Гэтая зямля пабачыла шмат болю. Перад храмам у гады той вайны з’явіўся помнік загінуўшым салдатам і афіцэрам нямецкай арміі. Ёсць ён і зараз. І гэта для мяне месца прымірэння і пакаяння. Чужы салдат прыйшоў на маю зямлю, аддаў ёй свой боль і сваю сілу, а пасля і жыццё. Гэтае месца нагадвае нам усім, што пякельны жах вайны не павінен паўтарыцца.

А якое яно для вас — месца сілы?