Месца сустрэчы змяніць нельга

- 12:38World Skills

Футбольны манеж зноў будзе прымаць удзельнікаў WorldSkills Belarus

17—19 мая ў Мінску пройдзе ІІ Нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus — 2016. Ужо амаль сфарміраваны каманды, якія будуць выступаць на конкурсе. У Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі як галоўным каардынатары спаборніцтва праходзяць рабочыя нарады па тэме арганізацыі і правядзення нацыянальнага чэмпіянату. У час сустрэч прадстаўнікоў рэгіянальных органаў кіравання, кіраўнікоў навучальных устаноў, метадыстаў, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый з работнікамі РІПА вядзецца абмеркаванне, як арганізаваць і правесці чэмпіянат, якія кампетэнцыі будуць прадстаўлены, дзе будзе праходзіць спаборніцтва, як будуць арганізаваны рабочыя месцы, якіх экспертаў далучаць да спаборніцтва, якую сістэму ацэнкі будуць выкарыстоўваць.

Усе гэтыя пытанні вырашаюцца згодна з нормамі і палажэннямі WorldSkills International. Сёння першы прарэктар РІПА афіцыйны дэлегат WorldSkills Э.М.КАЛІЦКІ і метадыст Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння інфарматызацыі прафесійнай адукацыі РІПА З.А.АЛЕКСАНДРОВІЧ раскажуць нашым чытачам аб II Нацыянальным чэмпіянаце.

Ужо многа часу прайшло з таго моманту, як наша каманда пабывала ў Бразіліі на міжнародным спаборніцтве WorldSkills і прывезла шмат узнагарод. Але да гэтага часу ўсе ўдзельнікі беларускай дэлегацыі знаходзяцца пад уражаннем ад таго, якое выдатнае свята яны ўбачылі ў Сан-Паўлу, як відовішчна, грандыёзна быў арганізаваны прафесійны конкурс. Пад уплывам гэтых пачуццяў прадстаўнікі нашай сістэмы прафесійнай адукацыі, у першую чаргу Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, органы кіравання адукацыі рэгіёнаў, прыйшлі да высновы, што другі чэмпіянат WorldSkills Belarus трэба праводзіць больш маштабна, тым больш што колькасць кампетэнцый, па якіх сёлета будуць выступаць канкурсанты, павялічылася амаль удвая ў параўнанні з мінулым чэмпіянатам. Пройдзе чэмпіянат на пляцоўцы Футбольнага манежа і побач з ім. Адкрыццё і закрыццё гэтага мерапрыемства плануецца ператварыць у яскравае шоу, дзе будуць ушаноўваць не толькі чэмпіянат і яго ўдзельнікаў, але і ўсю сістэму прафесійнай адукацыі нашай краіны. Усяго ўдзельнікаў спаборніцтва налічваецца 500 чалавек. Істотную прыбаўку ў колькасным складзе дададуць удзельнікі JuniorSkills, аб якіх мы раскажам асобна.

— У адрозненне ад першых спаборніцтваў WorldSkills Belarus падрыхтоўка да новага чэмпіянату сёння вядзецца больш арганізавана, — расказаў Эдуард Мечыслававіч Каліцкі.

Па яго словах, нацыянальным каларытам будуць прасякнуты не толькі змест спаборніцтва, але і святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя правядзенню гэтага чэмпіянату, шматлікія экскурсіі па гістарычных месцах нашай краіны, па сучасных аб’ектах і пляцоўках.

— Пазіцыяніраваць Беларусь усяму свету як самую прыгожую і стабільную краіну — такую задачу разам з іншымі ставіць і гэты чэмпіянат, — адзначае Эдуард Мечыслававіч. — Нам неабходна праілюстраваць, якую мы маем сістэму адукацыі, якой якасці рыхтуем кадры, якія прафесіі найбольш патрэбны нашай эканоміцы. Гэтаму паспрыяюць таксама шматлікія выставы, прэзентацыі, майстар-класы.

Істотная роля адводзіцца чэмпіянату і ў пашырэнні прафарыентацыйнай работы, яе зместаваму насычэнню, укараненню новых форм. Ужо сама назва руху WorldSkills стала своеасаблівым брэндам прафесійнай адукацыі, непасрэдна прафесійнага выбару нашай моладзі. Многія памятаюць мінулы чэмпіянат, наколькі вялікай была ўвага да яго з боку нашай моладзі. На гэты раз плануецца, што колькаць наведвальнікаў гэтага прафесійнага свята істотна павялічыцца, а разам з гэтым узрасце колькасць падлеткаў, на прафесійны выбар якіх паўплывае менавіта гэты конкурс.

Прыкметна павялічыцца і колькасць экспертаў на конкурсе і не толькі за кошт павелічэння саміх кампетэнцый, але і за кошт экспертнага супольніцтва, якое сёння фарміруецца ў нашай краіне. У склад яго уваходзяць учарашнія канкурсанты мінулагодняга WorldSkills у Сан-Паўлу. Па ўмовах WorldSkills International, выступіць у якасці ўдзель-нікаў новага міжнароднага спаборніцтва яны ўжо не змогуць, а вось у якасці экспертаў — калі ласка. Істотна папоўніцца экспертны склад за кошт прадстаўнікоў — заказчыкаў кадраў. Трэба прызнаць, што нашы прадпрыемствы і арганізацыі актывізаваліся, асабліва таго профілю, які будзе прадстаўлены на спаборніцтве. Работадаўцы з большай адказнасцю ставяцца да падрыхтоўкі кадраў, імкнуцца прадаставіць месца для практычнага навучання будучых рабочых і спецыялістаў, дапамагаюць адаптавацца маладым кадрам на вытворчасці. Пры падрыхтоўцы да першага чэмпіянату былі праблемы з набыццём для конкурсу абсталявання, расходных матэрыялаў, інструментаў і прадастаўлення рабочых месцаў для трэніровачнага перыяду. Цяпер сітуацыя змянілася ў лепшы бок.

Яшчэ адну асаблівасць будзе мець сёлетні чэмпіянат. З нагоды яго правядзення і тым самым канцэнтрацыі ў адным месцы самых вопытных педагогаў прафесійнай адукацыі, пашырэння магчымасцей для зносін нашым калегам з Казахстана і Расіі будуць праведзены вучэбныя курсы па тэме арганізацыі і правядзення спаборнітцтваў WorldSkills. На курсах раскажуць, які ўплыў аказвае WorldSkills на змест прафесійнай адукацыі, як ствараюцца прафесійныя стандарты, вучэбныя праграмы, як мяняецца пералік прафесій згодна з патрабаваннямі рынку працы. Пакуль гэтыя курсы будуць пробнымі для канкрэтнага рэгіёна Казахстана і Расійскай Федэрацыі, а ў далейшым гэта будзе паўнацэннае навучанне, якое будзе складацца з вучэбных курсаў і стажыроўкі на прадпрыемствах Мінска.

Спаборніцтва будзе праходзіць па 35—37 кампетэнцыях (у мінулым годзе было 20). Сёлета, напрыклад, павялічваецца да 16 чалавек колькасць канкурсантаў, якія будуць удзельнічаць у кампетэнцыі “Меха-троніка”. Акрамя беларускіх канкурсантаў, будуць дэманстраваць свае веды і ўменні канкурсанты з Расіі, Казахстана, Фінляндыі, Літвы, Украіны, Паўднёвай Карэі. Расійскія канкурсанты прымуць удзел у 12 кампетэнцыях. Расійскія каманды будуць сфарміраваны як нацыянальныя ад усёй краіны, а таксама ад рэгіёна альбо ад асобнага горада. Цяпер вядуцца перагаворы з шэрагам іншых краін, якія выказалі жаданне паўдзельнічаць у нашым чэмпіянаце.

Як расказала Зоя Аляксееўна Александровіч, на першым чэмпіянаце былі прадстаўлены толькі тры кампетэнцыі па інфармацыйных тэхналогіях: “Тэхнічнае праектаванне CAD”, “Адміністраванне сетак”, “Кабельныя сеткі і сістэмы”. А на сёлетні конкурс дадалі “Графічны дызайн”, “Вэб-дызайн”, “Інфармацыйныя тэхналогіі — праграмнае рашэнне для бізнеса”. Калі раней была проста кампетэнцыя “Сталярныя работы”, то цяпер да яе дадаліся “Цяслярныя работы”, “Выраб мэблі” і такім чынам будзе цэлы блок. Калі раней была кампетэнцыя “Кулінарнае мастацтва”, то сёлета будзе дададзена “Выпечка хлебабулачных вырабаў” на ўзроўні дэманстрацыі. У мінулым годзе кампетэнцыю “Афармленне вітрын” не прадстаўлялі, але ў гэтым годзе з улікам запатрабаванасці спецыялістаў такой прафесіі гэтая кампетэнцыя будзе прадстаўлена на дэманстрацыйным узроўні.

Акрамя таго, удзельнікі сёлетняга спаборніцтва прымуць удзел у новай кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне”. Упершыню будзе прадстаўлена кампетэнцыя “Медыка-санітарная дапамога-аздараўленне — ахова здароўя — сацыяльны догляд”, дэманстраваць якую будуць 6 навучэнцаў навучальных устаноў медыцынскага профілю. “Касметалогія” ўпершыню будзе прадстаўлена на гэтым спаборніцтве ў кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”, але пакуль на ўзроўні дэманстрацыі. Акрамя таго, кампетэнцыя “Аўтамабільныя тэхналогіі” пашыраецца за кошт кузаўнога рамонту, абслугоўвання сельскагаспадарчых машын. Упершыню на чэмпіянаце будзе дэманстравацца “Ландшафтны дызайн”. Трэба адзначыць, што кампетэнцыі, якія будуць прадстаўлены на спаборніцтвах пакуль на дэманстрацыйным узроўні, прыдадуць чэмпіянату больш яскравасці, прыгажосці, добрага настрою як для ўдзельнікаў конкурсу, так і для яго наведвальнікаў.

Як і ў папярэднім спаборніцтве, заданні ўжо прадстаўлены на інтэрнэт-рэсурсах. Згодна з правіламі, 30 працэнтаў іх зместу будуць зменены непасрэдна перад самімі спаборніцтвамі. Частка заданняў будзе выконвацца канкурсантамі на працягу 10—12 гадзін, а некаторыя нават 2—3 дні.

Зоя Аляксееўна паведаміла, што ўпершыню будзе выкарыстоўвацца камп’ютарная сістэма інфармацыйнай падтрымкі чэмпіянату (CIS) — гэта праграмнае забеспячэнне, створанае спецыялістамі WorldSkills International для кіравання ўсімі аспектамі ацэнкі і вызначэння вынікаў кожнага прафесійнага конкурсу. З яе дапамогай разлічваюцца вынікі кожнага конкурсу і вызначаюцца пераможцы.Таксама яна можа згенерыраваць агульныя вынікі для кожнага ўдзельніка.
Выкарыстанне электроннай сістэмы CIS з’яўляецца адным з самых важных момантаў арганізацыі спаборніцтваў. Гэтая сістэма ацэнкі значна зніжае магчымасць фальсіфікацыі. Нашы эксперты навучыліся складанню крытэрыяў ацэнкі заданняў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Наталлі ПАТАПЕНКА.