Мэта — працаваць у школе: выпускнікі Далжанскай сярэдняй школы амаль усім класам пайшлі ў настаўнікі

- 9:00Главная, Образование

У настаўнікі — амаль усім класам. Што паспрыяла такому выбару выпускнікоў Далжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна, высветліла карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Для школьнікаў з Должы сучасныя высокія біятэхналогіі не з’яўляюцца нечым далёкім і незнаёмым, бо ў аграгарадку размешчана знакамітае прадпрыемства «Белвітуніфарм» — вядучы ў Беларусі і краінах СНД вытворца вакцын, сываратак і фармакалагічных ветпрэпаратаў. Невыпадкова пры выбары прафесіі многія навучэнцы арыентуюцца на хіміка-біялагічны напрамак, у прыватнасці ветэрынарыю і аграрныя спецыяльнасці. Школа супрацоўнічае з профільнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі, асабліва цесныя кантакты звязваюць яе з Віцебскай дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны і ВДУ імя П.М. Машэрава. Яшчэ адзін безумоўны прыярытэт — лясная гаспадарка. Зноў жа заканамерна для ўстановы, дзе паспяхова дзейнічае адно з першых у краіне школьных лясніцтваў. Але сёлетні выпускны клас незвычайны, на яго настаўнікі ўскладаюць вялікія надзеі.

Адкрываючы профільны 10-ы клас, мы папярэдне вывучалі магчымасці, запыты вучняў і звярнулі ўвагу, што тут сабраліся хлопцы і дзяўчаты, якія ўмеюць арганізаваць калектыў, ім цікава працаваць з дзецьмі, — расказала намеснік дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Ульянава. — У нас традыцыйна штогод практыкуецца дзень дублёра, калі школьнікі прымяраюць на сябе ролі педагогаў. Прафесійныя пробы гэтыя навучэнцы прайшлі на выдатна. Мы прыцягвалі іх да правядзення пазаўрочных мерапрыемстваў на працягу навучальнага года — яны адгукаліся актыўна і спраўляліся паспяхова. Акрамя таго, заўсёды былі нашымі першымі памочнікамі як на вучэбных занятках, так і летам у прышкольным лагеры. Па выніках назіранняў мы ўпэўніліся ў рашэнні: цудоўны можа атрымацца педклас! Навучэнцы і іх бацькі нашу прапанову падтрымалі. Зразумела, прафарыентацыйны кампанент у жыцці класа значна пашырыўся. Узраслі і асабістая адказнасць, зацікаўленасць настаўнікаў, бо разумелі: гадуем педагагічную змену.

Карпатлівая праца прынесла добры плён. Як часта здараецца ў сельскіх школах, выпускны клас невялікі: усяго сем чалавек. З іх двое — залатыя медалісты, у астатніх сярэдні бал атэстата вышэйшы за восем. Шасцёра выпускнікоў падалі дакументы ў ВДУ імя П.М. Машэрава, самую буйную ў рэгіёне кузню педагагічных кадраў. З іх адзін паступае як пераможца ўніверсітэцкай алімпіяды, у яго дыплом І ступені, і пяцёра — па мэтавых накіраваннях. Моладзь збіраецца праз некалькі гадоў вярнуцца працаваць у свой раён. Прычым кожны дэталёва ведае, дзе пачне прафесійны шлях: чатыры дагаворы заключыла з будучымі настаўнікамі родная ўстанова адукацыі і адзін — Бабініцкая сярэдняя школа. Яшчэ адзін выпускнік — абітурыент БДТУ, будучы інжынер-хімік-тэхнолаг. Дарэчы, ён мае мэтавае накіраванне ад «Белвітуніфарма». Юнак нацэлены па прыкладзе сваёй маці звязаць будучыню з прамысловымі біятэхналогіямі.

— Прафесія настаўніка асаблівая, — падкрэсліла Т. Ульянава. — Нават з улікам прафарыентацыйных мерапрыемстваў у школьныя гады знаёмства з будучай прафесіяй, як правіла, даволі эпізадычнае: штосьці школьнік даведаўся на экскурсіі, па расказах родных і знаёмых, штосьці прачытаў, убачыў па тэлевізары або ў інтэрнэце. А работа настаўніка — вось яна. Навучэнцы штодзень па некалькі гадзін бачаць кожнага, заўважаюць і ацэньваюць многае ў нашай прафесіі знутры, прымяраюць яе на сябе і робяць адпаведныя высновы, таму вялікі дзякуй усім маім калегам, хто натхніў вучняў пайсці іх сцежкай. На працягу двух гадоў наша дружная каманда настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў працавала даволі вынікова, і жаданне, з якім дзеці паступалі ў педагагічны клас, толькі ўмацавалася. З такімі баламі і падрыхтоўкай перад імі ахвотна расчыніла б дзверы большасць айчынных УВА. Але выпускнікі зрабілі свой выбар, выразна ўсведамляючы, што такое прафесія педагога. Магу ўжо сёння сказаць, што яны маюць усе задаткі, каб вырасці сапраўднымі асамі ў прафесіі. Настаўнік тады рэалізаваўся, калі ў дачыненні да яго вучні гэтае слова імкнуцца напісаць з вялікай літары. Упэўнена: нашы дзеці такімі вырастуць, мы будзем імі ганарыцца.

З 99 выпускнікоў 11 класаў Віцебскага раёна ў гэтым годзе 32 паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі па мэтавых накіраваннях, з іх 15 — на педагагічныя і 10 — на медыцынскія спецыяльнасці.

Сяргей Сазонаў, будучы настаўнік фізічнай культуры і здароўя:

— З дзяцінства мяне прыцягвае спорт. Нават фільмы больш падабаюцца пра спорт, бо там у аснове — яркая гісторыя чалавека, які змог пераадолець усе перашкоды і прыйсці да пастаўленай мэты, дасягнуць вышыні. Да таго ж бацька ў мяне спартсмен — у маладосці ён займаўся ў асноўным скачкамі ў вышыню, так што прысутнічае і сямейны акцэнт у захапленні спортам. Мне самому пашчасціла паўдзельнічаць у розных раённых, абласных спаборніцтвах. Знайшоў там многа сяброў. Здорава было б сустрэцца ў студэнцкім жыцці. Мой прыярытэт — лёгкая атлетыка, а ў планах — заняцца кікбоксінгам. Ведаю, у ВДУ якраз будзе такая магчымасць. Адкуль імкненне настаўнічаць? На працягу школьных гадоў назіраў за сваімі педагогамі. Пераканаўся: яны шчыра любяць прафесію. Задумаўся: чаму? Знаходзіў адказы і з часам зразумеў: мне гэта таксама падыходзіць. Вы б пабачылі, з якім захапленнем наша настаўніца па фізкультуры праводзіла ўрокі, гуляла з намі ў спартыўныя гульні! Хутчэй бы мне вярнуцца працаваць у родную школу!

Маргарыта Ходас, залатая медалістка, будучы настаўнік замежнай мовы:

— Мой выбар — рамана-германская філалогія. Сястра вельмі добра валодае англійскай, нямецкай, французскай мовамі і нават вывучала кітайскую. Яна, дарэчы, вучылася на тым жа факультэце, куды я паступаю, і зараз працуе ў школе. Таксама планую выкладаць замежную мову дзецям. Вучыць не толькі прадмету, але і камунікацыі, дапамагаць ім паверыць у сябе, развівацца. Так, як нас вучылі нашы настаўнікі. У вольны час падабаецца маляваць, спрабую складаць вершы і пісаць апавяданні, таму ва ўніверсітэце збіраюся далучыцца да літаратурнага аб’яднання: многа чула пра яго і тое, што сярод выкладчыкаў ВДУ ёсць вядомыя пісьменнікі. І славуты мастацка-графічны факультэт будзе побач! Неаднойчы чула меркаванні, нібыта сучасныя дзеці даволі жорсткія, з імі складана. Не магу з гэтым пагадзіцца. Іншая справа, да кожнага вучня трэба знайсці індывідуальны падыход. Хачу быць тым чалавекам, які зможа яго знайсці.

Віталіна Русакова, пераможца раённага конкурсу «Навучэнец года», будучы спецыяльны педагог:

— А мяне прываблівае інклюзіўная адукацыя. Бацькі нацэльвалі на экалогію або мікрабіялогію, тым больш што паспяхова ўдзельнічала ў розных экалагічных праектах, конкурсах і канферэнцыях па гэтым напрамку, уключаючы рэспубліканскія. Усё ж я, спадзяюся, пераканала родных: маё прызванне — педагогіка. На выбар паўплываў і ўласны вопыт. У мяне ў дзяцінстве былі некаторыя праблемы з вымаўленнем. З булінгам, шчыра скажу, не сутыкалася. Але пэўны дыскамфорт у зносінах, зразумела, адчувала. І ведаю, што многіх дзяцей дражняць равеснікі, калі яны тую ці іншую літару не вымаўляюць. Маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі замыкаюцца ў сабе з-за падобных цяжкасцей. Хачу такім дзецям дапамагаць. Яшчэ я чалавек актыўны і творчы, восем гадоў займалася харэаграфіяй. У ВДУ ёсць моцныя творчыя калектывы, таму спадзяюся працягваць развівацца ў гэтым кірунку.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара