Метадычная мабільнасць

- 10:17Актуально, На парадку дня

Тэма “Адукацыя Садружнасці Незалежных Дзяржаў у новай рэальнасці і трансфармацыя адукацыйнага працэсу ў постпандэмійны перыяд” стала ключавой на VII з’ездзе настаўнікаў СНД.

Лічбавізацыя і традыцыі

Нагадаем, што з’езд праходзіў з 4 па 6 кастрычніка ў Астане. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана.

У асноўны дзень маштабнага форуму прайшло пленарнае пасяджэнне, удзельнікі якога падзяліліся сваім бачаннем развіцця адукацыі ва ўмовах лічбавізацыі. Пандэмія падштурнула да пераасэнсавання падыходаў да арганізацыі вучэбнага працэсу. Прадстаўнікі ўсіх краін сышліся ў меркаванні, што менавіта пандэмія стала зыходным пунктам да актыўнай лічбавізацыі адукацыі.

А гэта ў сваю чаргу паставіла пытанне адаптацыі настаўнікаў да новых умоў працы, перагляду пытанняў зместавага і тэхналагічнага напаўнення вучэбнага пра­цэсу. Напрыклад, у Казахстане для развіцця прафесійных навыкаў педагогаў прапануецца займацца даследаваннямі ў галіне методыкі выкладання. Акрамя таго, у краіне вітаецца, калі настаўнік атрымлівае навуковую ступень.

Нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі СНД” адзначаны два беларускія педагогі. Гэта настаўніца гісторыі намеснік дырэктара сярэдняй школы № 34 Магілёва Галіна Бяляева і педагог цэнтра дзіцячай творчасці Лагойскага раёна Ірына Войцік. Цырымонія ўзнагароджання прайшла падчас урачыстага канцэрта, прысвечанага Дню настаўніка. На імпрэзу была запрошана беларуская дэлегацыя з’езда настаўнікаў СНД, які праходзіў у Астане.

Трансфармацыя вучэбнага працэсу выйшла на першы план. Не раз падкрэслівалася, што будучыня за метадычнай мабільнасцю ў адукацыі, сінтэзам адукацыі і даследавання. Асаблівая ўвага кампетэнтнаснаму падыходу, які спрыяе павышэнню якасці адукацыі. Развіццё адукацыйнага асяроддзя напрамую залежыць ад развіцця педагагічнага прафесійнага ўзаемадзеяння, якое садзейнічае выяўленню і вырашэнню школьных праблем.

Першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава адзна­чыла, што беларускія школы ў час пандэміі былі вельмі мабільныя і працавалі як анлайн, так і афлайн. Разам з тым цяпер адбываецца лічбавізацыя адукацыйнай прасторы, якая накіравана на павышэнне прафесійных кампетэнцый настаўнікаў і развіццё сучасных ведаў. Ірына Анатольеўна падкрэсліла, што беларуская сістэма адукацыі хутка рэагуе на знешнія фактары, пры гэтым імкнецца захоўваць традыцыі.

Працяг размовы пра развіццё адукацыі і новыя выклікі адбыўся падчас работы 9 секцый, тэматыка якіх уключала гаворку пра педагогіку будучыні, ацэньванне ў адукацыі, развіццё асобасна арыентаваных агульначалавечых каштоўнасцей у працэсе творчасці і супрацоўніцтва, сучасныя выклікі і зоны росту настаўніка.

Метакампетэнцыі сучаснага педагога

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук расказала пра падыходы да распрацоўкі навукова-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі, пра асноўныя напрамкі фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў у галіне агульнай сярэдняй адукацыі, якія праводзяцца ў нашай краіне. Вялікую цікавасць удзельнікі секцыі праявілі да праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, дапаможніка “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

Рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук падзяліўся сваім бачаннем падрыхтоўкі педагога ХХІ стагоддзя ў кантэксце сусветных трэндаў і нацыянальнай спецыфікі. У прыватнасці, ён агучыў 8 метакампетэнцый сучаснага педагога: 

*здольнасць забяспечыць выхаванне асобы з гуманістычным светаўспрыманнем, крытычным, сацыяльна і экалагічна арыентаваным мысленнем, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, нацыянальнай самасвядомасцю ва ўмовах адкрытага полікультурнага грамадства;

*здольнасць да духоўна-маральнага выхавання дзяцей, арганізацыі сацыяльна значных ініцыятыў школьнікаў з апорай на лепшыя традыцыі калектыўнага выхавання;

*уменне фарміраваць у іх устаноўку на здаровы лад жыцця, ажыццяўляць прафілактыку шкодных звычак, агрэсіі;

*валоданне навыкамі работы ў лічбавым адукацыйным асяроддзі;

*здольнасць прадбачыць сацыяльную сітуацыю развіцця сучаснага дзіцяці;

*здольнасць рэалізоўваць у прафесійнай дзейнасці ідэі адукацыі для ўстойлівага развіцця;

*гатоўнасць да работы ва ўмовах інклюзіі ў адзіным адукацыйным працэсе;

*уменне праектаваць сваю жыццёвую і прафесійную траекторыю, развівацца і самаадукоўвацца на працягу ўсяго жыцця, знаходзіць аптымальныя рашэнні ў нестандартных прафесійных сітуацыях.

Паспяхова развіваць пералічаныя метакампетэнцыі можна ў педагагічных класах, якія на працягу некалькіх гадоў функцыянуюць у нашай краіне.

Ішла гаворка і пра лічбавую трансфармацыю адука­цыі (профіль сучаснай шко­лы), абмяркоўваліся магчымасці школы для інтэлектуальнага развіцця і бяспечнага сталення, развіццё інклюзіўнасці і дабрабыту навучэнцаў. Дырэктар Ліцэя ВДУ імя П.М.Машэрава Наталля Шчаглова адзначыла, што спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе — гэта прастора, якая матывуе настаўніка і вучня. І стварацца яна можа, напрыклад, праз адбор зместу і выкарыстанне прыёмаў, якія фарміруюць прадметныя, метапрадметныя і асобасныя кампетэнцыі. Гэта якраз той падыход, які рэалізуецца ў ліцэі. Як і рэалізацыя індывідуальных адукацыйных маршрутаў за кошт варыятыўнасці груп і шырокага спектра варыятыўных аўтарскіх курсаў і праграм.

Прадстаўнікі прафесійна-тэхнічнай адукацыі дзяліліся вопытам падрыхтоўкі маладых прафесіяналаў. Пра кіраванне якасцю прафесійнай адукацыі ва ўмовах парадыгмальных трансфармацый расказваў рэктар РІПА Валерый Галубоўскі. Ён падкрэсліў, што асноўная мэта падрыхтоўкі кадраў у галіне прафесійнай адукацыі — забеспячэнне запатрабаванымі прафесіяналамі ўсіх галін эканомікі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

P.S. У межах з’езда прайшоў ІІ Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства. Пра яго вынікі чытайце ў наступных нумарах газеты.