Microsoft прапануе ўстановам адукацыі істотныя зніжкі

У аўторак Міністэрства адукацыі і Microsoft Беларусь падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Паводле пагаднення, зніжка на асноўныя прадукты Microsoft для ўстаноў вышэйшай адукацыі будзе 45%, для школ — 70%, а на некаторыя праграмныя прадукты яна дасягне 95% ад камерцыйнага кошту. Далучыцца да праекта змогуць установы адукацыі ўсіх узроўняў і форм уласнасці.

— Місія нашай кампаніі — дапамагчы кожнаму чалавеку на планеце дасягнуць большага, — адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва Microsoft Беларусь Антон Мякішаў. — Падпісанне такога мемарандума — гэта значны крок наперад па рэалізацыі згаданай місіі. Сістэме адукацыі даюцца самыя сучасныя інструменты, якія дазваляюць мадэрнізаваць вучэбны працэс і вывесці яго на сусветны ўзровень. Гэта важна не толькі ў плане падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для беларускай эканомікі, а і для павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка.

Сёння праграмны пакет Microsoft Office — адзін з асноўных інструментаў для арганізацыі паўнацэннага вучэбнага працэсу ў школах і ўніверсітэтах. Кожны спецыяліст, які выходзіць на рынак працы, павінен ведаць Word, Excel, PowerPoint і інш.

На цырымоніі падпісання мемарандума адзначалася, што сучасная сістэма адукацыі мае патрэбу ў інавацыйных праграмных прадуктах, якія дазваляюць захоўваць вялікі аб’ём інфармацыі, рэалізоўваць дыстанцыйную форму навучання і арганізоўваць сумесную работу выкладчыкаў і навучэнцаў. Пагадненне Міністэрства адукацыі з Microsoft Беларусь адкрывае для ўстаноў адукацыі прынцыпова новыя магчымасці.

На спецыяльных умовах ім прапаноўваецца набыць Office 365 — набор папулярных офісных тэхналогій у воблаку, One Note — тэхналогію для захоўвання інфармацыі і арганізацыі сумеснай працы, Office Mix — надбудову на PowerPoint 2013 для правядзення апытанняў і збору вынікаў кантрольных мерапрыемстваў, Skype in the classroom — ініцыятыву, якая аб’ядноўвае вучняў і класы з усяго свету. Падпіска на Office 365 уключае 1 Тб месца для захоўвання і адначасовага выкарыстання дакументаў, фотаздымкаў і музыкі ў воблачным сховішчы One Drive, якое надзейна абаронена ад несанкцыянаванага доступу і ўцечкі даных.

Як заўважыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, установы адукацыі самі будуць вырашаць, што і ў якім аб’ёме набываць. Міністэрства адукацыі, вядома, будзе рэкамендаваць ім скарыстацца такой магчымасцю.

Паводле пагаднення, кожны супрацоўнік і кожны навучэнец установы адукацыі, якая далучыцца да праекта, зможа бясплатна ўсталяваць пакет Office 365 на 5 стацыянарных і 5 мабільных прылад, якія працуюць на базе любых аперацыйных сістэм, у тым ліку iOS і Android (на дамашнія камп’ютары, смартфоны, планшэты). Гэта азначае, што ўсе беларусы, чые дзеці наведваюць установы адукацыі, могуць атрымаць доступ да сучаснага легальнага праграмнага забеспячэння.

Усе ўдзельнікі цырымоніі падпісання мемарандума адзначалі, што пашырэнне выкарыстання ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння ў Беларусі і супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі з сусветнай ІТ-карпарацыяй дазволіць павысіць эфектыўнасць работы ўстаноў адукацыі. А самае галоўнае, Беларусь атрымае магчымасць падняцца ў міжнародных рэйтынгах і ўмацаваць давер да сябе з боку розных фінансавых інстытутаў як краіна, якая паважае аўтарскае права.

Галіна СІДАРОВІЧ.