Міхаіл Дубяга: атрымліваеш задавальненне ад таго, што ўносіш уклад у справу захавання харчовай бяспекі краіны

- 9:00Главная, Новости

Праводзіць водпуск на ўборцы ўраджаю для настаўніка фізічнай культуры і здароўя Філатаўскай сярэдняй школы імя С.А.Лавянецкага Круглянскага раёна Міхаіла Дубягі ўжо своеасаблівая традыцыя. Пяты год запар летам педагог працуе загадчыкам збожжатока. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ліпеньскі дзень толькі пачаўся, а паветра ўжо напоўнена спёкай. Гарачая пара зараз і на зернесушыльных комплексах “Някрасава-­агра”. Змалочанае камбайнерамі збожжа неабходна аператыўна перапрацоўваць.

— Жніво сёлета пачалося значна раней, чым звычайна. Надвор’е стаіць спрыяльнае, таму трэба своечасова са­браць ураджай. Хлебны колас чакаць не будзе. Не павінна быць затрымкі і на збожжатоку. Мы адказныя за тое, каб захаваць намалоты і не дапусціць прастою камбайнаў, — расказаў Міхаіл Яўгеньевіч.

Па яго словах, у перыяд уборачнай зернесушыльны комплекс функцыянуе практычна бесперапынна. Ненарміраваны дзень і ў тых, хто тут працуе.

— Прыходзім на збожжаток зранку, а потым шчыруем над перапрацоўкай зерня да позняга вечара і нават да ночы. Па-іншаму нельга, бо намалочанае патрабуе хуткай ачысткі, прасушкі і сартавання. Частку адпраўляем на элеватары для выканання дзяржаўнага заказу, астатняе ідзе на насенны фонд і кармы калгасным жывёлам, — паведаміў Міхаіл Дубяга.

Штодзень Міхаіл Яўгеньевіч прымае з палёў каля 200 тон збожжа. Такая ж колькасць зерня пад яго наглядам перапрацоўваецца і адпраўляецца на хлебакамбінаты.

— Ураджайнасць у гэтым годзе радуе. І збожжа добрае. Працэнт вільготнасці аптымальны, прасушку робім мінімальную, — заўважыў Міхаіл Дубяга, робячы адпаведныя замеры вільгацямерам.

На зернесушыльным комплексе Міхаіл Яўгеньевіч будзе працаваць да самага заканчэння ўборачнай кампаніі — амаль увесь свой педагагічны водпуск.

— У гэтыя летнія дні сельгас­прадпрыемству вельмі патрэбна працоўная падтрымка. Не адгукнуцца на заклік аб дапамозе не дазваляе сумленне. Я вырас у вёсцы, з дзяцінства не па чутках ведаю, як цяжка дастаецца хлеб, таму сядзець у гэты час склаўшы рукі не магу. Без роздуму іду працаваць на збожжаток, — падзяліўся Міхаіл Дубяга.

Дарэчы, дапамагаюць аграрыям не толькі педагогі, але і вучні Філатаўскай школы. Зараз парадак на зернесушыльным комплексе наводзіць сёлетні выпускнік — залаты медаліст Леа­нід Лоска. А на пачатку жніўня тут прыступіць да дзейнасці студэнцкі атрад з ліку старшакласнікаў. Падлеткі будуць назіраць за тым, каб у сховішча трапіла кожнае зярнятка новага ўра­джаю.

— Праца на збожжатоку не з лёгкіх. Трэба прыняць грузавікі з зернем, праверыць яго стан, пракантраляваць тэхналагічныя працэсы па перапрацоўцы, адправіць на далейшае захоўванне, — адзначыў Міхаіл Яўгеньевіч. — Бывае складана ўсё паспяваць. Але стомле­насць перакрывае маральнае задавальненне ад таго, што ўносіш уласны маленькі ўклад у важную справу па гарантаванні харчовай бяспекі краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара