У выхадныя ў сталіцы прайшоў Міжнародны танцавальны турнір IDSA World Open Championship. Амаль 900 танцораў з 11 краін сабраліся на паркеце спартыўнага комплексу “Чыжоўка-Арэна”. Сусветна вядомы турнір стаў першым крокам у танцавальны спорт для многіх юных пар.
У бальных танцах усё як у жыцці: дарослыя партнёры абмяркоўвалі выступленні, спрачаліся, але, выходзячы на паркет, зноў загараліся ўсмешкамі, палалі жарсцю, захаплялі рамантызмам. На чэмпіянат свету па спартыўных бальных танцах сабраліся прадстаўнікі 11 краін, сярод якіх Беларусь, Грэцыя, Сербія, Ізраіль, Польшча, Украіна, Малдова, Расія і інш. Гэтыя ж краіны былі прадстаўлены і ў судзейскім корпусе.
Дырэктар чэмпіянату Руслан Вітальевіч Каралевіч падкрэсліў, што гэты маштабны танцавальны форум ужо чацвёрты па ліку міжнародны турнір у гэтым годзе. Ён мае высокі сусветны рэйтынг. Нават юныя танцоры адзначаюцца не толькі прызавымі месцамі, але і грашовымі прэміямі, якія заснавала Беларуская федэрацыя бальнага танца. Дарэчы, атрымаць права правядзення такога турніру няпроста. Аднак IDSA (Міжнародная асацыяцыя спартыўных танцаў) ужо не ўпершыню аддае яго менавіта нашай краіне, што сведчыць аб тым, што беларусы добра зарэкамендавалі сябе на міжнароднай арэне. Наступны год таксама пачнецца з танцавальнага форуму, які чакае ўсіх аматараў прыгожага.
Беларусь на чэмпіянаце прадстаўляла пераважная колькасць пар — пачынаючы ад самых маленькіх выхаванцаў школ танцаў да дарослых танцораў ад Е да S класа.
— Папулярнасць бальных танцаў мае хвалепадобны характар, — адзначае дырэктар чэмпіянату. — Усе мы памятаем нядаўні ўсплёск папулярнасці, які быў звязаны з расійскім тэлепраектам “Зорныя танцы”. Тады колькасць дзяцей, якія прыйшлі ў танцавальныя студыі, значна павялічылася. Я сам з’яўляюся педагогам фізкультурна-спартыўнага цэнтра Савецкага раёна сталіцы і заўважаю, што з кожным годам танцавальны спорт маладзее. Калі раней мы набіралі дзяцей з пяці гадоў, то цяпер да нас прыводзяць нават трохгадовых.
Развіваць у харэаграфічным кірунку можна абсалютна любое дзіця. Кожны атрымлівае ў танцах сваё развіццё. Як і ў любой справе, у нашай галоўнае — мэтанакіраванасць. У той жа час я ўпэўнены, што педагог — самы галоўны матыватар. Па адукацыі я настаўнік малодшых класаў і выдатна ведаю, што падтрымліваць дзіцячую зацікаўленасць трэба пастаянна. Сёння мы шмат гаворым пра гіперактыўных дзяцей. Для нас яны, нягледзячы на ўсе складанасці, — патэнцыяльныя чэмпіёны. Нам патрэбна іх энергія, якую мы можам накіраваць у правільнае рэчышча.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Васіля КУЧАРАВАГА.